Беларуская Служба

Тэатральны рэжысёр: “Беларуская культура адчувае сябе ў Беластоку ўтульней, чым у самой Беларусі”

20.04.2024 08:11
Яму згадваюцца тыя тры дні свабоды ў жнівеньскай Гародні, ён распавядае, як уладкоўвае сваё жыццё ў Польшчы і тлумачыць чаму беларуская культура пачувае сябе тут утульней, чым у Беларусі.
Аўдыё
  • Тэатральны рэжысёр: “Беларуская культура адчувае сябе ў Беластоку ўтульней, чым у самой Беларусі”
БеластокRobert Bartosewicz / Polskie Radio

Тыя тры дні ў Гародні…

Усё сваё жыццё спадар Васіль звязаў з тэатральнай дзейнасцю. Згадвае, што некалі ў юнацтве вырашыў стаць акторам, скончыў Акадэмію мастацтваў, працаваў у розных тэатрах, выкладаў тэатральныя дысцыпліны ў гімназіі, займаўся вулічным тэатрам, інтэграцыяй тэатру і турызму, пластычным тэатрам.

І ўрэшце ў 20-ым годзе скончыў сваю кар’еру ў Беларусі, як рэжысёр народнага калектыву і гарадскіх мерапрыемстваў у Цэнтры культуры.

-Быў красавік 20-га году, я выпадкова патрапіў на стрым Ціханоўскага, даў там інтэрв’ю, адсядзеў свае содні за гэта і зразумеў, што далей лёгка не будзе. І далей не было лёгка, хаця яшчэ нічога не прадвяшчала ўсіх тых падзеяў. Я нават не ведаў – хто такі Ціханоўскі. Быў упэўнены, што гэта проста сацыяльны блогер, які не мае дачынення да палітыкі.

А потым быў жнівень з запоўненымі людзьмі вузенькімі вуліцамі ў старой Гародні. Тады, як згадвае спадар Васіль, у людзей было шмат надзей, але ён сам ставіўся да эйфарыі насцярожана.

-Тыя тры дні ў Гародні можна сказаць былі пераможнымі, бо гэта быў адзіны горад у Беларусі, дзе кіраўніцтва выйшла на перамовы і пад ціскам людзей адмянілі на некаторы час усе жорсткія пастановы, выпусцілі затрыманых… 

Людзі чакалі, што ва ўладзе спрацуе сумленне, але…

На думку суразмоўцы, для перамогі тады не хапіла больш рашучых дзеянняў у іншых гарадах Беларусі.

-Я лічу, што ў Гародні тады фактычна ўсё атрымалася, прынамсі, на гэтыя тры дні, бо людзі не пабаяліся ісці да выканкама і фактычна ўзяць яго ў аблогу. І вось пік, калі ў Гародні атрымалася, бо людзі пайшлі да канца, а ў Мінску - не, бо яны зышлі з вуліцы. Калі б хаця яшчэ ў двух абласных цэнтрах удалося даціснуць выканкамы – змены бы пайшлі. Магчыма, гэта была б яшчэ не перамога, а толькі пэўны этап, але крок наперад. Людзі чакалі, што недзе ў некага запрацуе сумленне, ці з’явіцца страх ад такога натоўпу, ці проста запрацуе розум, але…   

Працэс пачаўся

Спадар Васіль згадвае, што расчаравання ў яго не было, з’явілася разуменне, што тая рэвалюцыя была яшчэ не пра свядомасць, а толькі пра дабрабыт. Паводле яго, працэс пачаўся, вялікая частка беларускага грамадства, маўляў, асэнсоўвае тое, што адбылося.

-Таму што шмат людзей перайшлі на беларускую мову, прычым, свядома. Зацікавіліся беларускай гісторыяй, культурай. Адбыліся неверагодныя зрухі ў свядомасці грамадства. І бел-чырвона-белы сцяг, які тады з’явіўся на вуліцах нашых гарадоў – гэта паказчык рэвалюцыі ў свядомасці грамадства. І гэту памяць ужо не вытравіць ніколі. 

Найбольшая праблема для эмігрантаў – сталая праца

З’язджаць давялося, як і ўсім палітычным, каб не трапіць за краты. Пачаў уладкоўваць жыццё ў Польшчы. Мову на побытавым узроўні ведаў, пачынаў працаваць грузчыкам на смеццевозе, але хутка прапанавалі працу бліжэй да яго спецыяльнасці - дэкаратара і сцэнографа. А зараз спадар Васіль вядоўца перадачы “Сармат” на ютубе і чытае навіны на адным з каналаў. З’явіліся планы адрадзіць дзейнасць аматарскага тэатру чым цяпер таксама займаецца.

-Найбольшая праблема для эмігранта звычайна –  сталая праца з усімі падаткамі, з аплатамі на медыцынскую страхоўку. Медыцына тут, як паўсюль, дарагая. А з іншага боку ўпісацца мне было не складана, бо я ўсё ж валодаю польскай мовай і гэта дапамагло вырашыць шмат пытанняў.

Разважаючы пра эміграцыю суразмоўца кажа, што на яго ўласным досведзе, гэта перыяд для асэнсавання і мабілізацыя рэсурсаў для вяртання. Што датычыць штодзённага жыцця, то творчаму чалавеку, паводле яго, прасцей, бо любая творчая прафесія гэта спроба асэнсавання і сублімацыі пачуццяў у творчасць. Да ўсяго, ён імкнецца інтэгравацца прафесійна ў іншую культуру.

-Пакуль мне гэта зрабіць не ўдалося, але не ўдалося часткова, бо супраца вядзецца. Ёсць арганізацыя з якой я працую, мы вельмі добра разумеем адно адных і я ўжо ўдзельнічаў у шасцідзённых гастролях з гэтым маленькім тэатрам і выходзіў на сцэну з польскай мовай.

Што датычыць працы ў дзяржаўных тэатрах, то тут, паводле суразмоўцы, значна складаней.

-Па-першае, там няма вольных месцаў. Па-другое, узровень маёй польскай мовы пакуль не выходзіць на акадэмічны тэатральны. Але час ідзе і я развіваюся. 

Беларуская культура адчувае тут сябе ўтульней, чым у Беларусі

Я ў сваю чаргу цікаўлюся ў яго – як пачуваецца ў Польшчы беларуская культура? Суразмоўца, усміхаючыся кажа, што напэўна лепей, чым у самой Беларусі. Яго здзівіла тое, калі ў Падляшскіх вёсках ён чуў, як людзі размаўлялі на чыстай беларускай мове не выдаючы гэта за нешта звыш натуральнае.

-Беларуская культура адчувае сябе ўтульней, чым у самой Беларусі. Стасункаў па-беларуску шмат. Можна проста ісці па вуліцы польскага гораду і чуць беларускую мову. Прычым, гэта могуць размаўляць не беларускія эмігранты, а аўтахтоны, якія тут жывуць. Гэта першае. Па-другое, тут няма культурніцкіх абмежаванняў, не існуе дзяржаўнай цэнзуры. Тут праводзіцца неверагодная колькасць фестываляў. Там гучыць беларуская мова.

Трохі задумаўшыся, спадар дадае.

-Вось едзеш у машыне, тыцкаеш кнопачку і гучыць беларускае Радыё Рацыя, на Радыё Беласток працуе беларуская рэдакцыя, на TVP 3 можаш пабачыць і пачуць беларускую мову. Менавіта ў Беластоку выходзіць беларускамоўная газета “Ніва”. Тут выдаюць кнігі на беларускай мове, якіх няма ў Беларусі…

Польшча для мяне – найбольш блізкая краіна

Спадар Васіль, разважаючы пра жыццё ў Польшчы, згадвае, што з пэўнага часу не ўспрымаў яе, як чужую. Ведаючы агульную гісторыю, культуру разумеў, што беларусам гэта найбольш блізкая краіна.

-Польшча для мяне – гэта дзяржава сяброўская. Напэўна, самы сяброўскі народ, які я магу сабе ўявіць. У Польшчы ніколі ў мяне не ўзнікала ніякіх пытанняў з тым, што я беларус. Заўсёды шчыра, адкрыта, нармальныя чалавечыя стасункі.

У той самы час суразмоўца кажа, што і Беларусь яму згадваецца часта, тым больш, што да роднага дому зусім недалёка.

-Успамінаю перш за ўсё гарадзенскія лясы. Я лясны чалавек, для мяне найлепшы адпачынак – шпацыраваць па лесе, пайсці ў нейкі паход – пешы, водны. Вось гэтага не хапае. Лясы вакол Гародні я ўсе аблазіў да кожнай сцяжынкі і кожнай маленькай рачулкі – там проста ўсё знаёмае. Складана, што тут нельга ў любым месцы распаліць вогнішча нават калі ты ведаеш як гэта зрабіць, каб не нанесці шкоды прыродзе.

Што датычыць вяртання на радзіму, то ў гэтым сэнсе спадар Васіль больш песіміст. Ён не думае, што гэта хутка наступіць, маўляў, гэты шлях будзе расцягнуты на гады.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы

Беларуска-польскі спектакль пра гуманітарны крызіс паказалі ў Варшаве (ФОТА + ВІДЭА)

20.10.2023 18:53
Я хацеў паказаць праблему гуманітарнага крызісу з беларускай перспектывы – аўтар і рэжысёр п’есы Мікіта Ільінчык.

«Увогуле сама назва «Комиссия по возвращению домой» мае абсурдны і ад гэтага смешны характар» (ФОТА)

07.11.2023 18:02
Мастак Аляксандр Адамаў паказвае абсурд беларускай рэчаіснасці, высмейваючы яе за пасярэдніцтвам творчай экспрэсіі.

Беларускі рэжысёр хоча перанесці на тэатральную сцэну ў Польшчы творы Сяргея Пясэцкага і Францішка Аляхновіча (ФОТА)

22.12.2023 08:01
«Мая мэта – зрабіць інсцэнізацыю раманаў гэтых аўтараў, гэта значыць пераўтварыць і перапрацаваць іх творы ў драматургію».