Беларуская Служба

Адзіная ў Польшчы карціна Вінцэнта ван Гога будзе даступная публіцы

25.04.2024 16:20
Карціна «Вясковыя хаты сярод дрэў» паходзіць з першага перыяду творчасці нідэрландскага мастака.
Аўдыё
  • Адзіная ў польскіх калекцыях карціна Вінцэнта ван Гога з пятніцы будзе выстаўленая ў Музеі Яна Паўла ІІ
Карціна «Вясковыя хаты сярод дрэў» PAP/Mateusz Rekłajtis

«Вясковыя хаты сярод дрэў» —  гэта твор, які ўваходзіць у калекцыю музея Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага. Карціна будзе экспанавацца ў музеі ў Вілянове. Нядаўна дзякуючы спецыяльным даследаванням удалося пацвердзіць аўтарства галандскага майстра.

Гісторык мастацтва Стэфанія Амброзяк расказвае, што гэта адна з ранніх карцін ван Гога, з гэтак званага галандскага перыяду, створаная напярэдадні выезду мастака ў Францыю і знаёмства Вінцэнта ван Гога з імпрэсіяністамі, калі ён цалкам мяняе стыль свайго мастацтва. Спецыялісты кажуць, што гэта «ван Гог перад ван Гогам»:

-Інакш кажучы, першае мастацкае ўвасабленне гэтага мастака. Адначасова гэта карціна, якая доўгі час была забытая. Праца мела два этапы забыцця. Першы – гэта галандскі перыяд ван Гога, калі мастак пакінуў сваю майстэрню. Карціна 12 гадоў праляжала на страсе, на стыку 19-20 стагоддзяў. Другі перыяд забыцця – гэта 30 гадоў у Польшчы, калі над працай Вінцэнта ван Гога ніхто ні працаваў, ніхто не выстаўляў. Праўда, яна некалькі разоў была ў Японіі, раз у Вене, але ў польскіх музеях гэтая карціна не паяўлялася.


Стэфанія Амброзяк Стэфанія Амброзяк

Апошнім часам карціна прайшла спецыялістычныя і дакладныя даследаванні, якія пацвердзілі аўтарства Вінцэнта ван Гога, але якія і дазволілі атрымаць інфармацыю пра стыль і спосаб працы самога мастака. Карціна стала цікавым прадметам даследавання для навукоўцаў, кажа Стэфанія Амброзяк:

-Мы даведаліся, што мастак выкарыстоўваў вельмі вузкую палітру пігментаў, таксама па фінансавых прычынах. Мы даведаліся, што ён спрабаваў маляваць тэхнікай «ала прыма». У час, калі ўзнікла гэтая карціна, ван Гог толькі няцэлыя два гады як пазнаёміўся з акварэллю і алейнымі фарбамі. Раней ён ведаў толькі аловак. Можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе праца самавука, паколькі ван Гог ніколі не атрымаў прафесію мастака.  

У 1987 годзе карціна «Вясковыя хаты сярод дрэў» была купленая калекцыянерам Збігневам Парчыньскім. Уладальнік калекцыі каля 400 карцін падарыў іх Варшаўскай архідыяцэзіі.

У 2015 годзе паміж Варшаўскай архідыяцэзіяй і Міністэрствам культуры было заключана пагадненне аб стварэнні Музею Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага. Паявілася ідэя, каб калекцыя стала часткай гэтага музею, які з’яўляецца дзяржаўнай установай культуры, створаная сумесна міністэрствам і архідыяцэзіяй.


Анна Біскупска (ля мікрафону) Анна Біскупска (ля мікрафону)

Карціна «Вясковыя хаты сярод дрэў» стане часткай, а нават запачаткуе стварэнне калекцыі імя Яна Паўла ІІ, гаворыць кіраўнік калекцыі і суаўтарка выставы Анна Біскупска:

-Я маю на ўвазе сімвалічны пачатак, паколькі мы рыхтуемся да адкрыцця даследніцкага праекту ў супрацы з замежнымі ўстановамі. Большасць прац у калекцыі належыць да еўрапейскага мастацтва. Каб пацвердзіць іх паходжанне, патрэбная такая супраца. Пачаткова калекцыя высока цанілася, потым, у 90-х, яе аўтэнтычнасць паставілі пад сумнеў, а яшчэ потым пра яе было вельмі ціха. Мы б хацелі вярнуць яе наведнікам. Мы хочам гэта зрабіць вельмі сумленна і пацвердзіць аўтарства прац.


Агата Смальніцка Агата Смальніцка

Выстава ў Музеі Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага запраектаваная ў блакітным колеры, якія Вінцэнт ван Гог лічыў боскім. Сама выстава падзеленая на дзве часткі: у першай наведвальнікі змогуць паглядзець раннюю працу ван Гога, у другой – даведацца пра яе гістарычны кантэкст, расказвае кансерватар калекцыі Агата Смальніцка:

-Найперш на выставе можна паглядзець гісторыю карціны «Вясковыя хаты сярод дрэў». Базуючыся на даследаваннях мы выбралі тэмы, якія ўдалося пацвердзіць навукова, і паказаць гэта даступным для кожнага спосабам. Такім чынам на выставе будзе гісторыя карціны: ад моманту з’яўлення, праз пакупку карціны Збігневам Парчыньскім, да даследаванняў, якія пацвердзілі яе аўтэнтычнасць. На выставе прадстаўленая вельмі доўгая вось часу. Кожны знойдзе нешта для сябе. І старэйшы глядач, і малодшы. На выставе, напрыклад, адноўленая гісторыя скрыняў з Брэды, у якіх захоўвалася карціна. Паказанае жыццё Вінцэнта ван Гога. Гэта таксама гісторыя даследаванняў над карцінай і працы над яе захаваннем. У сваю чаргу прастора з самой карцінай выдзеленая так, каб можна было пабыць з карцінай сам на сам.

«Вясковыя хаты сярод дрэваў» былі створаны за пяць гадоў да такіх найвялікшых твораў Вінцэнта ван Гога, як «Сланечнікі» або «Пакой у Арль».  

Для наведвальнікаў выстава будзе працаваць з 26 красавіка да 8 снежня.

ав

слухайце аўдыё

. .

«Польскі Ван Гог» хутка на выставе ў Музеі Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага ў Вілянове

08.04.2024 15:53
«Гісторыі адной карціны» — так называецца выстава, на якой з 26 красавіка будзе прадстаўлена адзіная карціна Вінцэнта Ван Гога ў польскіх зборах.