Выдавецтва Калегіюм Усходняй Еўропы (Kolegium Europy Wschodniej) выдала польскі пераклад кнігі беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец (Святланы Курс) «Па што ідзе, воўча?» («O wilku mówiono w izbie»). Гэта кароткая кніжка, якая ўвабрала ў сябе ўвесь боль гісторыі беларусаў на працягу 20-га — пачатку 21-га стагоддзяў.
«Па што ідзеш, воўча» – кароткі, вельмі багаты ў моўным плане, але і балючы запіс лёсу беларускага народу, які не можа быць гаспадаром на ўласнай зямлі. Праз прызму жыцця галоўнай гераіні Рыны і яе бабулі Дарафеі паказана Беларусь, якой прыходзіцца падпарадкоўвацца розным знешнім сілам. Гэтыя сілы беларусаў знішчаюць, а тых, хто выжыў, прымушаюць прыстасоўвацца.
Аўтарка змяшчае неверагодна шмат трапных назіранняў, сацыялагічнага, палітычнага і геапалітычнага характару. Гэта кніга, якая заслугоўвае ўвагі па многіх прычынах, - адзначае літаратурны крытык Яраслаў Чэховіч (Jarosław Czechowicz).
- Гэта твор, які па праву мог бы быць сапраўды маштабным раманам, хоць і напісаны ў вельмі сціплай, кароткай форме. Беларусь, прадстаўленая ў гэтым рамане, на мой погляд чалавека, які насамрэч мала ведае пра Беларусь, гэта гісторыя зямлі, якая перажыла неверагодныя пакуты, але пры гэтым сама была зямлёй нічыёй. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла пачуццё пустэчы, якое адчуваецца ў гэтай кнізе, тая пустэча, праз якую з грохатам коціцца вялікая гісторыя. У кнізе вельмі шмат жорсткасці, гэта гісторыя краіны, якая фармавалася праз гвалт. Гэта, безумоўна, правінцыйная Беларусь, бо аўтарка малюе менавіта правінцыю, пераканаўчымі і насычанымі колерамі. Ёсць сцэны, якія літаральна хапаюць за горла, а ёсць такія, што моцна ўздзейнічаюць на эмацыйны стан. Напрыклад, апісанне закінутага вакзала ці падарожжа галоўнай гераіні з гэтага вакзала ў родную вёску, куды яна павінна ісці шмат кіламетраў па зямлі, якая здаецца бязлюднай, месцам, на першы позірк нічога не адбываецца, але насамрэч там адбылося вельмі шмат.
Аўтарка апісвае 9 розных уладаў, якія змяніліся ў Беларусі за 100 гадоў, а ніводная з іх не была насамрэч беларускай. Гэта як 9 колаў пекла, якое для беларусаў зусім не скончылася. Падзеі апісаны з брутальным рэалізмам, які Вежнавец апісвае выключна сакавітай і багатай беларускай мовай. Нялёгкая задача для перакладчыка.
- Важную ролю выконвае мова, інтэнсіўнасць аповеду пра тое, як несправядліва лёс абышоўся з Беларуссю, колькі крыўды яна перажыла. І як пра гэта Беларусь маўчыць, таксама, як Дарафея, якая ўжо нічога не раскажа, але мы даведваемся пра яе жыццё з аповеду ўнучкі. Трэба падкрэсліць майстэрства перакладчыцы Малгажаты Бухалік, якой удалося перакласці вельмі складаны твор, не губляючы яго моўнага багацця. Гэта кніга пра Беларусь, якой яна была, якая ёсць і якая можа быць. Акрамя таго, у кнізе шмат гумару, нягледзячы на ўсю яе трагічнасць. Часта гэта чорны гумар.
Галоўная гераіня – беларуска Рына, жанчына ў сярэднім узросце, якая вяртаецца ў Беларусь на пахаванне сваёй бабулі Дарафеі, якая пражыла больш за 100 гадоў. Ужо першая сцэна вельмі адважная – паказвае жаночы алкагалізм, пра які аўтарка піша не са злосцю, а з цеплынёй.
- У апісанні таго, як Беларусь знішчаюць два ваенныя канфлікты, ёсць наватарства. Кніга вельмі жорсткая, але і вельмі інавацыйная, цікавая: спачатку здаецца, што гэта гісторыя жанчыны, алкагалічкі, якая не можа ўладкаваць сабе жыццё, едзе на Захад працаваць, як тысячы іншых беларусак, а таксама ўкраінак ці расіянак, але вяртаецца, бо не змагла там знайсці сябе. І вось яна вяртаецца ў Беларусь, у месца, якое ненавідзіць, але якое ведае да кожнай драбніцы. У цэнтры рамана — сувязь паміж унучкай і бабуляй, іх узаемаразуменне, іх розныя спосабы маўчання. Маўчанне жанчыны можа мець вельмі балючыя прычыны. У рамане ёсць таксама вобраз ваўка. Гэта вобраз літаральны, бо там з’яўляюцца сапраўдныя ваўкі, якія разрываюць целы забітых на беларускай зямлі людзей. Але ён таксама сімвалічны. І гэта вельмі незвычайнае спалучэнне.
Дарэчы, жанчыны тут прадстаўленыя не слабым полам, а той часткай грамадства, якая з вялікай стойкасцю зносіць усе жахі рэальнага жыцця. А мужчыны здаюцца слабейшым полам.
- Мужчына ў гэтай кнізе сапраўды выглядае слабым, але з іншага боку менавіта мужчынская сіла прыводзіць да ўсяго гэтага гвалту. Гэта яны знішчаюць, забіваюць, рабуюць у Беларусі, з-за яго яна становіцца такой спустошанай зямлёй. І нават зямля ў прамым значэнні гэтага слова перастае быць зямлёй, яна ператвараецца ў торф, насычаны крывёй. На гэтым торфе жыве Дарафея, туды вяртаецца Рына. Нягледзячы на тое, што гэтыя дзве жанчыны прадстаўленыя як дзівачкі, яны насамрэч вельмі моцныя. Іх сіла — гэта першабытная сіла выжывання. Яны перажылі ўсё самае страшнае і выжылі. Гэта гісторыя жыцця Рыны, але на фоне геапалітычных падзей. Гісторыя Дарафеі іншая, але яна пераплятаецца з гісторыяй унучкі, што ў выніку дае вельмі моцнае апісанне сілы беларускай жанчыны, якая, у адрозненні ад беларускага мужчыны, можа вытрымаць самыя жахлівыя рэчы.
Кніга выйшла на польскай мове, невялікім накладам, яна, канешне, не можа стаць масавай у Польшчы. А як яе могуць успрымаць палякі?
- Гэтая кніга вельмі важная. І важна пра яе гаварыць, бо яна выйшла ў невялікім выдавецтве і не з’явіцца на паліцах бестселераў у буйных кнігарнях. Тым не менш, яна важная не толькі для беларускага чытача, але і для польскага, які, магчыма, яшчэ не разумее, што такое сучасная Беларусь і чаму яна стала такой. Малгажата Бухалік у сваім пасляслоўі падкрэслівае: «Толькі не пішыце, што гэта раман пра Крэсы». Бо гэта не Крэсы (Kresy Wschodnie - усходнія землі даваеннай Рэчы Паспалітай, якія цяпер не належаць Польшчы, «kres» па-польску азначае «канец», «акраіна» – рэд.). Беларусь тут паказана як цэнтр. Цэнтр знішчэння, цэнтр самазнішчэння, цэнтр загубленасці. Гэтая кніга падобная на ваўка, які кідаецца на чытача, яна разрывае і паглынае. Як Беларусь была паглынута гісторыяй, вайной і няспыннымі пакутамі, так і нас, чытачоў, паглынае магутная мова, выбітны стыль і неверагодны пераклад. Гэта кніга, пра якую варта гаварыць. Нават калі яна не будзе стаяць на важнейшых паліцах у кнігарні EMPIK.
Размаўляла Наталля Грышкевіч