Беларуская Служба

Філосаф Павел Баркоўскі: Беларуская нацыя, нягледзячы ні на што, не страціла імпэту для свайго адраджэння 

05.05.2025 14:25
Нават у эміграцыі, на чужыне,  бацькі намагаюцца вучыць дзяцей беларускай мове, паспяхова дзейнічаюць беларускія школы, пастаянна ладзяцца культурныя мерапрыемствы.
Аўдыё
  • Філосаф Павел Баркоўскі: Беларуская нацыя, нягледзячы ні на што, не страціла імпэту для свайго адраджэння 
          ,   :
Выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі, філосаф Павел Баркоўскі: Фота: Беларуская служба Польскага радыё, radyjo.net

Беларускі народ нягледзячы на стагоддзі русіфікацыі і неспрыяльнай дзяржаўнай палітыкі  здолеў захаваць сваю ідэнтычнасць, культуру і мову. Нават у эміграцыі, на чужыне,  бацькі намагаюцца вучыць дзяцей беларускай мове, паспяхова дзейнічаюць беларускія школы, пастаянна ладзяцца культурныя мерапрыемствы.

Гэтыя маленькія, але важныя крокі сведчаць пра бязмернае жаданне беларусаў захоўваць свой нацыянальны каларыт і спадчыну, — перакананы выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі, філосаф Павел Баркоўскі:

— За межамі Беларусі ідзе  папулярызацыя беларускай літаратуры, музыкі, а нават тэатра, што ў сваю чаргу спрыяе захаванню і развіццю нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта — рэальныя праявы таго, што нацыянальная памяць і культура жывуць у кожным з нас і патрабуюць нашых штодзённых намаганняў. Важна, каб усе грамадскія інстытуты і кожны беларус у асобнасці супрацоўнічалі ў гэтым працэсе.

Вядома, беларусы апошнія дзесяцігоддзі і нават стагоддзі знаходзіліся ў вельмі няпростай сітуацыі. Фактычна, калі не лічыць вельмі кароткі перыяд беларусізацыі, які адбываўся на пачатку ХХ стагоддзя, Беларусь увесь час была пад моцным прэсінгам русіфікацыі. Гэта абумовіла тое, што народ пачаў паступова губляць мову, мала хто цяпер здольны свабодна і шпарка размаўляць па-беларуску. Для многіх гэта даецца вялікім высілкам, але гэта не азначае, што мы цалкам страцілі нашу мову. Нават за мяжой, у эміграцыі, бачна, што людзі, якіх выгналі з іх звыклага асяроддзя, усё ж знаходзяць шляхі для новага старту і новыя магчымасці. 

Напрыклад, гэта беларускія школы выходнага дня або ўжыванне беларускай мовы ў сацыяльных сетках. Гэтыя крокі — маленькія, але важныя. Яны паказваюць, што нацыя яшчэ не страціла імпэт і не страціла падмуркі для адраджэння сваёй мовы і культуры. Варта памятаць, што канкурэнтная пазіцыя нашай мовы — гэта актыўнае яе ўжыванне, чытанне кніг беларускіх аўтараў, слуханне беларускай музыкі, наведванне беларускіх імпрэз і г. д.  Гэтыя ўзаемныя дзеянні —  шлях да захавання беларускай ідэнтычнасці ў сучасным свеце і ва ўмовах антыбеларускага рэжыму ў Беларусі. (...)

А пра тое, што менавіта Аб'яднаны пераходны кабінет робіць дзеля падтрымкі нацыянальнага адраджэння слухайце ў далучаным гукавым файле!

эж