Беларуская Служба

Ежы Марэк Навакоўскі: Гісторыя іграе сур'ёзную ролю ў пабудове нацыянальных ідэнтычнасцей

08.05.2025 16:46
Былы дырэктар праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё разважае пра ролю гісторыі ў палітыцы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Е.М.Навакоўскі пра ролю гісторыі ў палітыцы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.pixabay.com

Польшча з самага першага дня поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны стала поплеч з Украінай. Праз Польшчу ідзе асноўны аб'ём міжнароднай вайсковай і гуманітарнай дапамогі Украіне. У пэўным сэнсе гэта сведчыць пра тое, што палякі вывучылі ўрокі гісторыі. У 1939 годзе, калі СССР і Германія атакавалі Польшу, яна засталася бездапаможнай перад абліччам агрэсіі. Сёння Польшча неабыякавая да суседзяў у бядзе.

9 мая ў Расіі і ў дзяржаве Лукашэнкі адзначаецца “Дзень Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”. “Дзень Перамогі” прывёў не толькі да вызвалення цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краін ад нацызму, але і да паняволення сталінізмам. Пуцінізм жа і лукашызм не хаваюць сваіх сімпатый да сталінскіх парадкаў — рэпрэсій, гвалтоўнай русіфікацыі і г.д.

Польша невыпадкова дапамагае Украіне. Справа ў тым, што лёс Польшчы ў 1943–1945 гг. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі вырашаўся без Польшчы. Сёння, калі ЗША вядуць перагаворы па Украіне з Расіяй, гэта часткова напамінае сітуацыю, калі ЗША абмяркоўвалі лёс Польшчы са Сталіным падчас Другой сусветнай вайны без Польшчы.

Польшча зацікаўлена ў тым, каб Украіна мела голас у справах, якія датычаць яе бяспекі і незалежнасці. У той жа час Польшча не збіраецца заставацца ўбаку ад гэтага працэсу.

Разам з тым, кіраўніцтва польскай дзяржавы актыўна супрацьдзейнічае дэзінфармацыі з боку Расіі, накіраванай на польскае грамадства. На гэту праблему звярнуў увагу Ежы Марэк Навакоўскі, польскі палітык, дыпламат, гісторык, у 1993–1997 гадах — дырэктар і галоўны рэдактар V праграмы (замежнага вяшчання) Польскага радыё.

— Значная частка польскага грамадства, на маю думку, з`яўляецца ахвярай расійскай прапаганды. Гэта так званая гібрыдная вайна, накіраваная на тое, каб пасеяць раскол паміж палякамі і ўкраінцамі, распаўсюджваць у Польшчы антыўкраінскія стэрэатыпы і настроі. Частка грамадства дастаткова ўважліва слухае гэту прапаганду.

Ежы Марэк Навакоўскі адзначае, у чым заключаецца дзяржаўны інтарэс Польшчы ў адносінах да Украіны, нягледзячы на рознага роду хістанні — не без знешняга ўплыву — грамадскай думкі.

— З пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў Польшчы, умацаванне незалежнасці Украіны і падтрымка яе празаходняга курсу з'яўляюцца ключавымі задачамі знешняй палітыкі. Адной з найважнейшых мэт Польшчы на ​​міжнароднай арэне застаецца падтрымка заходняга вектара ўкраінскага развіцця і поўная незалежнасць Украіны — важна, каб яна не страціла свой суверэнітэт і не апынулася пад уплывам «вялікага брата».

У польска-ўкраінскіх, зрэшты, як і ў польска-беларускіх адносінах нямала тэм, якія выклікаюць дыскусіі сярод гісторыкаў. Аднак адна справа — размовы на навуковых канферэнцыях і на старонках спецыялізаваных выданняў. Другая справа, калі такія тэмы як гарачыя піражкі ідуць у народ. Нясуць іх са старонак СМІ журналісты і палітыкі. Тут і тэма “ўз’яднання” беларусаў і ўкраінцаў у 1939 г., якая палякамі ўспрымаецца яе спрэчная, паколькі гэта было звязана з падзелам іх дзяржавы паміж СССР і Германіяй. Яшчэ больш хвалюючая тэма — перыяд нямецкай акупацыі Беларусі і Украіны. І тут і там немцы выкарыстоўвалі беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячаў і арганізацыі ў супрацьстаянні з палякамі. У выніку, на ўкраінскай Валыні гэта вылілася ў разню палякаў ў 1943 г., а пасля Другой сусветнай вайны — у высяленне ўкраінцаў з паўднёва-ўсходняй Польшчы, дзе яны пражывалі вякамі.

Ежы Марэк Навакоўскі мяркуе, што гісторыя — гэта далікатная матэрыя. І ўсё залежыць ад таго, як яе выкарыстоўваюць тыя або іншыя асобы.

— Баюся, што немагчыма пакінуць гісторыю толькі гісторыкам, бо гісторыя заўсёды была асновай для палітыкі. Гістарычныя аргументы часта выкарыстоўваюцца палітыкамі. Ва ўсім свеце, і асабліва ў нашым рэгіёне, гісторыя іграе вельмі сур'ёзную ролю ў пабудове нацыянальных ідэнтычнасцей. А ў дэмакратычных краінах гэта асабліва важна: каб грамадства разумела гісторыю, бо гэта аснова яго свядомасці.


Ежы Марэк Навакоўскі. Ежы Марэк Навакоўскі.

Ежы Марэк Навакоўскі расказаў як падчас працы паслом меў вопыт адносін з расійскім калегам, які спрабаваў выкарыстаць эпізод трагічнай польска-ўкраінскай гісторыі — Валынскай разні — на шкоду Польшчы і Украіне.

— Мая жонка шмат гадоў таму працавала над фільмам пра Валынскае злачынства. Галоўная ідэя фільма была ў тым, што ў канцы камандуючы польскай партызанскай арміі і прадстаўнік Украінскай паўстанцкай арміі падаюць адзін аднаму рукі. Агульнае пасланне фільма было наступным: мы павінны дамаўляцца, мы не павінны забываць пра трагедыі, але мусім шукаць шлях для выхаду з тупіка. Калі я працаваў паслом у адной з краін і расказаў свайму расійскаму калегу, што мая жонка зрабіла такі фільм, ён спачатку зацікавіўся і сказаў: «Можа, арганізуем мерапрыемства, пакажам фільм, зробім дыскусію і г.д.?» Але калі я патлумачыў, чым заканчваецца фільм — сцэнай прымірэння і жадання паразумення, — у яго адразу знікла цікавасць.

Ежы Марэк Навакоўскі тады зрабіў вывад, які пацвердзіла гісторыя, што працягвае разгортвацца на нашых вачах.

— Прыкладна 15, 18 або нават 20 гадоў таму ўжо было зразумела, што Расія імкнецца выкарыстоўваць ваенныя злачынствы і негатыўныя стэрэатыпы, якія існавалі паміж палякамі і ўкраінцамі, каб праводзіць палітыку расколу і паглыблення варожасці паміж гэтымі народамі. З гэтай пазіцыі хачу сказаць: нельга забываць пра гісторыю, але і нельга ставіць гісторыю на першае месца ў нашых узаемаадносінах.

Ежы Марэк Навакоўскі мяркуе, што ў палітыцы можна выкарыстоўваць гістарычны вопыт, але варта шукаць прыклады ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва Польшчы з іншымі краінамі і народамі.

— Калі паглядзець на польска-ўкраінскія адносіны на дзяржаўным узроўні, можна адзначыць, што незалежнасць Украіны прызнавалася Польшчай тройчы. Першы раз — у XVII стагоддзі падчас так званай Гадзяцкай уніі, калі Рэч Паспалітая, у выніку дамоўленасцей, фактычна прызнала Украіну (Русь) як трэцяга суб’екта ў складзе уніі разам з Польшчай і Літвой. Другі раз — пасля Першай сусветнай вайны, калі Юзаф Пілсудскі і Сямён Пятлюра падпісалі пагадненне аб прызнанні незалежнасці Украіны і стварэнні ваеннага саюза. І трэці раз — у 1991 годзе, калі Польшча першай у свеце прызнала незалежнасць Украіны. Гісторыя не толькі падзяляе нас — яна таксама можа аб’ядноўваць палякаў і ўкраінцаў.

Ежы Марэк Навакоўскі лічыць важным яднацца на прынцыпах тых каштоўнасцей, якія сапраўды важныя для ўсіх: і паміж дзяржавамі, і ўнутры паасобных соцыумаў.

— Цяпер галоўная задача — аб’яднаць палякаў. Я некалькі гадоў працаваў у Арменіі і быў сведкам нядаўніх падзей, калі Арменія прайграла вайну за Карабах супраць Азербайджана. Адна з ключавых прычын гэтага паражэння была ў тым, што армянскае грамадства ўваходзіла ў вайну глыбока расколатым.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палітолаг Вітальд Радкевіч: Ад вынікаў вайны ва Украіне залежыць і сітуацыя ў Беларусі

13.03.2025 14:53
Вітальд Радкевіч з Цэнтра ўсходніх даследаванняў бачыць уплыў не толькі ЗША, але і Кітая на сітуацыю ва Усходняй Еўропе.

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.