У Беластоку працуе тэатр «Прыехалі», у якім выступаюць бекларускія эмігранты, не толькі дзеці. Гутарым з кіраўніком і рэжысёрам тэатральнай установы Аляксандрам Енджыеўскім.
— Напачатку хацелася б, каб вы прадставілі ваш тэатр “Прыехалі”. Што ён сабой уяўляе?
— Калі мы прыехалі ў Беласток, а гэта было амаль два гады таму, вельмі хацелася нейкай творчасці. І мы арганізавалі наш уласны тэатр і з дапамогай Рады культуры, якая дала нам грант, паставілі спектакль па апавяданні Вольгі Гапеевай “Сумны суп”. Мы гэты спектакль і цяпер паказваем. Наш тэатр вельмі мабільны. Стала ў ім працуюць тры асобы: я, як кіраўнік і рэжысёр, мастачка Кацярына Еўдакімава і акторка Наста Суханосік, з якой мы разам працавалі ў “Тэатры лялек” у Гродне. Гэта наш такі касцяк, як кажуць.
— Значыць, пачатак ёсць. А што будзе далей?
— Што будзе далей, не ведаю. Але на базе нашага тэатра я арганізаваў дзіцячую студыю, у якую прыходзяць пятнаццаць дзяцей ва ўзросце ад васьмі да чатырнаццаці гадоў. У мяне было жаданне падзяліць іх на дзве групы, але пакуль прыйшло гэта жаданне, яны паміж сабой так пасябравалі, што я зразумеў — лепш іх не раздзяляць. З імі мы цяпер робім спектакль “Бусляня і пудзіла” — вядомую казку, якую ставяць амаль ва ўсіх тэатрах лялек. Гэты спектакль мы пакажам ужо ў наступным месяцы.
— А як наогул узнікла ідэя стварэння дзіцячай студыі? І як удалося завабіць туды дзяцей?
— Гэта хутчэй была не мая ідэя, а просьба бацькоў. Яны заўсёды падыходзілі да нас пасля спектакля і цікавіліся, ці ёсць нейкая тэатральная студыя для дзяцей. І калі да мяне падышоў ужо чацвёрты чалавек, то я задумаўся над гэтым сур’ёзна. Праз Інстаграм запрасіў усіх жадаючых на першы занятак, а потым пачалася праца на пастаяннай аснове. Спачатку зрабілі маленькі спектакль “Грынч”, а цяпер працуем над вялікім спектаклем, які пакажам на сцэне Моладзевага дома культуры ў Беластоку.
— У тэатры, наколькі разумею, толькі дзеці беларускіх эмігрантаў?
— Так. Адзін час, праўда, хадзіла дзяўчынка з Украіны, але потым яны пераехалі ў іншы горад. А так у нас выключна дзеці з Беларусі, якія пераехалі сюды два–тры гады таму. Нехта з іх можа бываць у Беларусі, але большасць — не. Таму наша студыя ў нейкім сэнсе тэатральна-тэрапеўтычная і дапамагае дзецям тут адаптавацца.
— А якая дапамога патрэбна тут дзецям? Што сведчыць пра тое, што яна патрэбная? У чым гэта праяўляецца?
— Напэўна, найбольш гэта праяўляецца ў тым, што дзеці ніяк гэта не выказваюць. Яны бачаць сваіх бацькоў, якія даволі эмацыйна пераносяць эміграцыю, вырашаюць праблемы, звязаныя з грашыма, працай, жыллём… А дзеці, я ўяўляю, як такія малыя звяркі, сядзяць недзе там у кутку і назіраюць за тым, што адбываецца. Але тое, што тоіцца ў іх унутры, — гэтаму трэба знайсці выйсце. І мне падаецца, што праз тэатр гэтыя дзеці і знаходзяць выйсце: яны скачуць, крычаць, шумяць, але гэта ўсё арганізавана, рэгулявана ў межах спектакля. І падчас рэпетыцый яны вучацца, як валодаць сваім целам, як разняволіцца альбо напружыцца.
— Але ўсе падобныя дзеянні патрэбныя і дарослым людзям…
— Не так даўно разам з Беларускім цэнтрам культуры мы ладзілі двухдзённыя тэатральна-тэрапеўтычныя майстар-класы і запрасілі туды дарослых. Удзельнічалі чатырнаццаць чалавек. Займаліся ад ранку да вечара: акцёрскае майстэрства, сцэнічная мова, сцэнічны рух, арт-тэрапія, малявалі карціны. Усе засталіся вельмі задаволеныя. Для многіх тэатральная студыя — гэта заняткі для дзяцей, але па выніках гэтага двухдзённага майстар-класа высветлілася, што гэта аказалася патрэбным і дарослым. І потым яны ўсе пыталіся: “А што далей? Давайце зладзім тэатр”.
— А тут, у Польшчы, ёсць нейкі досвед таго, калі тэатр — не проста месца, дзе атрымліваеш эстэтычнае задавальненне, а магчыма і папраўляеш свой псіхалагічны стан?
— Нядаўна Падляшскі інстытут культуры ладзіў канферэнцыю для аматарскіх тэатраў. Я таксама браў у ёй удзел. І вельмі цікава там гучала тэма тэатра і рэсацыялізацыі — гэта значыць, калі тэатр дапамагае людзям вярнуцца ў соцыум. Там былі прадстаўнікі розных тэатраў, якія распавядалі пра свой досвед. Адзін з тэатраў ладзіў спектакль з людзьмі, якія сядзяць у турме. І гэта рабілася менавіта з мэтай рэсацыялізацыі. Другі прадстаўнік распавядаў, як іх тэатр рабіў спектакль у Дзіцячым доме, дзе жывуць толькі дзяўчынкі, у якіх няма бацькоў. Цікавы досвед, як тэатр дапамагае гэтым дзецям. Быў выступ пра тое, як тэатр удзельнічае ў рэсацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так што тэатр — гэта такі добры інструмент, які можа дапамагаць людзям.
— Аляксандр, вы прафесійны акцёр, шмат займаецеся гэтай дзейнасцю. Ці думалі калі-небудзь, што тэатр можа быць такой своеасаблівай лякарняй для чалавека?
— У такім аб’ёме, як пабачыў гэта тут — не. У Гродне я праводзіў майстар-класы, але яны больш нагадвалі трэнінгі. Напрыклад, у некаторых кампаніях я праводзіў падобныя мерапрыемствы для мэнэджэраў — тады я разглядаў тэатр з пункту гледжання трэнінгу. А тут, у Польшчы, зразумеў, што гэта яшчэ і тэрапія, прычым моцная тэрапія. І яна патрэбная таксама людзям у Беларусі.
— А якія вы планы будуеце разам са сваім тэатрам і тэатральнай студыяй?
— Зрабіць нешта глабальнае, каб гэта выйшла на іншы ўзровень. І з дапамогай іншых ініцыятыў, магчыма, зробім тут Беларускі дом культуры, напрыклад.
— А як вы сябе адчуваеце ў эміграцыі? Што вас асабіста турбуе?
— Мяне турбуюць будзённыя праблемы: праца, жытло… Але паціху жывём, працуем. Усё ўжо сціраецца з памяці, але забываць усё роўна не будзем тое, што тады адбылося.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё