Цытата з рамана Уладзіміра Караткевіча
Ва Уроцлаве працягваецца цыкл выкладаў пра беларускую літаратуру, які вядзе вядомы беларускі літаратар і перакладчык Андрэй Хадановіч. Першая сустрэча была прысвечаная аналізу творчасці Васіля Быкава. Другое спатканне адбылося ў 13-га чэрвеня і было прысвечаная Уладзіміру Караткевічу - аднаму з вядучых празаікаў у гісторыі беларускай літаратуры.
Паводле слоў прадстаўніцы Уроцлаўскага дому літаратуры Ядзвігі Чэрска-Касібы, мэта лекцый пазнаёміць палякаў са скарбамі беларускай літаратуры.
— Такія сустрэчы пра беларускую літаратуру маюць сэнс і спарадзілі пазітыўную рэакцыю. Адна з нашых мэт — наблізіць літаратуру меншасцей уроцлаўскай і польскай аўдыторыі, нам цікава ладзіць мерапрыемствы, дзе сустракаюцца прадстаўнікі розных культур.
Андрэй Хадановіч назваў сваю лекцыю «Ці можна перамагчы смерць у шахматах: Уладзімір Караткевіч і яго творы?», згадваючы сцэну з рамана Караткевіча «Ладдзя роспачы».
Падчас выступу і дыскусіі са слухачамі Андрэй Хадановіч распавёў пра тое, як Уладзімір Караткевіч стаў адным з найбольш цікавых пісьменнікаў у Беларусі.
— Шмат таго, што робіць Караткевіч у літаратуры добра апісваецца афарызмам «не шукаў лёгкіх шляхоў». Ён не выбіраў найкарацейшай дарогі да мэты – да чытача. Караткевіч выбіраў найцікавейшую і нестандартную дарогу.
Больш за тое Караткевіч – адзін з найбольш любімых, дзякуючы аптымізму ды бадзёрасці, якім прасякнутая яго творчасць.
— Караткевіч прышчапіў беларускай літаратуры папулярныя жанры. Яго можна назваць улюбёным класікам, звышэрудытам сярод усіх беларускіх літаратараў. Разам з тым ён творца, які ўпакоўвае інфармацыю найпрыемнейшым для чытача чынам. Не ўсе любілі вывучаць літаратуру ў школе, але Караткевіча ніколі не вучылі з-пад палкі, наадварот яго маглі чытаць з-пад парты, ці пад коўдрай з ліхтарыкам. Караткевіч шанаваў кожны жанр, акрамя нуднага.
Гэтае бачанне выклікала пытанні сярод прысутных слухачоў.
— На пачатку імпрэзы Вы сказалі, што творчасць Караткевіча: яго раманы і аповесці – жыццярадасныя. Што жыццярадаснага Вы бачыце ў «Чорным замку Альшанскім»?
Андрэй Хадановіч бараніў свой погляд на Уладзіміра Караткевіча
— Я бачу самыя пазітыўныя карціны Старажоўкі. У Беларусі часта была сітуацыя, калі пісьменнікі пераязджалі з вёскі ў горад, але заставаліся вясковымі пісьменнікамі. Караткевіч – першапраходнік мінскай урбаністыкі, якая бліскуча паказаная ў першых раздзелах «Чорнага замку...». Мы чуем гукі птушынага рынку, ведаем як дачынялася цэлая пляцоўка і пад'езд старых кавалераў. Залатыя старонкі беларускай літаратуры! Чаму потым усё скончылася недабітымі фашыстамі і калабарантамі? Гэта пытанне таго, што пісьменнік мусіў плаціць па рахунках свайго часу ды той ідэалогіі.
Уладзімір Караткевіч памёр у 1984 годзе, аднак цытаты з яго твораў, якія гучалі падчас сустрэчы вельмі актуальныя сёння.
— «Гэта быў страшны і цяжкі час. Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія. Казаць — дазвалялася толькі ману, любіць — толькі праваслаўе... ненавідзець — толькі вальнадумцаў...».
Андрэй Хадановіч распавядае пра творчасць Уладзіміра Караткевіча
Рэчы апісаныя ў раманах беларускага класіка моцна перагукваюцца з тым, што адбываецца сёння ў нашым рэгіёне. Чаму так мы спыталіся ў Андрэя Хадановіча.
— Караткевіча можна лёгка разабраць на вечна актуальныя цытаты. Больш за тое, некаторыя з іх робяцца тым вастрэйшыя, чым далей мы жывём. Шмат беларусаў адчулі актуальнасць згаданай цытаты ў 2020-м годзе. Ключавым стала слова: дваццаць шэсць. У Карактевіча быў 26-ы год дыктатуры аднаго з самых непрыемных расійскіх імператараў Мікалая І, якога недарма называлі Палкіным. Зразумела з чыім «дваццаць шостым» годам гэта пераклікалася для беларусаў у 2020-м. Караткевіч майстар кантрасту, які стварае атмасферу дна – максімальна замарожанага імперскага расійскага прыгнёту, які ў нечым супадае з сённяшнім пуцінскім варыянтам расійскага антычалавечага фашызму. Хто можа сёння ў Расіі адкрыць рот і не адмарозіць горла, дарэчы ў Беларусі – таксама? Але з гэтага пачынаецца Караткевіцкае але! Расце пакаленне, якое ўсведамляе сябе беларусамі.
Таму Андрэй Хадановіч заклікаў прысутных на лекцыі пачытаць ці перачытаць творы беларускага класіка.
— Сёння я магчыма падштурхну Вас перачытаць нашта з Караткевіча. Тады задача мая будзе выкананая.
Гэта важнае чытво, бо Уладзімір Краткевіч – будзіцель для беларусаў, перакананы Андрэй Хадановіч
— Некалькі пакаленняў людзей упершыню ўсур'ёз зацікавіліся беларушчынай пад уплывам Караткевіча, бо атаясамліваць сябе з нечым авітамінозным, Купалаўскімі пакрыўджанымі беларусамі з рукамі ў крыві, з нагамі ў лапцях – не вельмі хочацца. На герояў Караткевіча хочацца быць падобнымі, адчуць сябе шляхетнымі высакароднымі рыцарамі, прыўкраснымі дамамі, культурнымі еўрапейцамі, ад якіх пакаленнямі хавалі іх гісторыю. Караткевіч адкрывае гэтую скрынку, і не важна сапраўдную гісторыю ён паказвае, ці таленавіта выдумляе. Ён выдумляе рэч, якая павінна была быць выдуманай і прамоўленай.
Ягоны заклік знайшоў водгук сярод слухачоў. Пра сваё жаданне пачытаць Караткевіча распавёў былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ і выкладчык Вольнага беларускага ўніверсітэту Віктар Шадурскі.
— Канешне хочацца перачытаць. Я раней лічыў, што цяжка апісаць рэчаіснасць праз літаратуру. Цяпер я пачаў чытаць творы Насты Кудасавай, Андрэя Хадановіча, і таму рады, што ёсць такое свята беларускай мовы і культуры. Гэта дадае мне аптымізму.
Ва Уроцлаве ў гарадскім Доме літаратуры адбылася другая з шасці публічных лекцый, прысвечаная беларускай літаратуры. Аўтар лекцый – вядомы беларускі літаратар Андрэй Хадановіч расказвае пра аўтараў і кнігі, якія найлепей сведчаць пра беларусаў, падкрэсліваючы іх тоеснасць ды падабенства лёсу з народамі Цэнтральнай Еўропы.
Юры Ліхтаровіч