Сёлета — па-беларуску і па-польску
У старым познаньскім дворыку гучаць купальскія спевы. Прычым вельмі гучна, прыгожа, яны паўсюль — нават з вокнаў старых камяніц, якія, напэўна, за ўсю сваю гісторыю чуюць падобныя мелодыі ўпершыню. Гэтыя зацяжныя, доўгія спевы на розныя галасы прывабліваюць з вуліцы людзей, якія заходзяць у дворык.
Ілля і Алена па-беларуску і па-польску распавядаюць пра абрад Купалля. І палякі, і беларусы, якія сюды прыйшлі, імкнуцца ўдзельнічаць у дзеях: гучыць музыка, людзі танчаць вакол штучнага вогнішча, нехта зацікавіўся, каб самому сплесці вянок. У Вялікапольскім ваяводстве падобны абрад не практыкуецца, таму гасцям цікава.
Прыстасавалі Купалле да гарадскіх акалічнасцяў
Прашу кіраўніка хору Іллю Сініцу патлумачыць, як абазначыць такое Купалле на асфальце. Ён усміхаецца і ўпэўнена адказвае:
— Гэта Купалле, прыстасаванае да гарадскіх акалічнасцяў. Не заўсёды ў нас ёсць лес, не заўсёды ёсць рэчка, не заўсёды ёсць магчымасць некуды выехаць, а таму гэтае Купалле, якое мы робім, — з кампрамісам на горад. У нас, канешне, няма тут нават зямлі, але травы мы накасілі, так што ўсе дзяўчаты плятуць сабе вянкі.
Наш хор ужо другі год ладзіць падобнае Купалле. У нашым рэпертуары акрамя акадэмічных спеваў ёсць народны бок. Народны каляндарна-абрадавы цыкл мы таксама спяваем. Да прыкладу, сёлета з хлопцамі валачыліся на Вялікдзень, ужо двойчы калядавалі, адзін раз Купалле ладзілі — і гэта ўваходзіць папросту ў звычку.
Па-сапраўднаму разумееш традыцыю ў эміграцыі
Адной з важных задач правядзення Купалля ў гарадскіх умовах Ілля лічыць тое, каб распавесці як мага большай колькасці людзей пра даўнюю беларускую традыцыю, практыкаваць яе, каб яна не знікала.
— У Беларусі гэта было больш нечым натуральным. Мы асабліва не думалі пра гэта як пра нейкую спадчыну ЮНЕСКА. На Купалле апыналіся ў лесе, рабілі вогнішча, скакалі праз яго, пускалі вянкі па рэчцы. А тут, калі апынуліся ў эміграцыі, пачынаеш разумець каштоўнасць гэтага ўсяго, бо, да прыкладу, у Вялікапольшчы такога абраду не назіраецца, ён захаваўся толькі на Усходзе Польшчы. А таму мы такой белай варонай спрабуем яго захаваць і ў той жа час паказаць палякам.
Гэта свята для ўсіх. Сёлета мы праводзім яго па-польску, хоць песні ў нас усе беларускія — іх тэксты мы раздрукавалі на беларускай лацінцы, каб палякі таксама маглі прачытаць і з намі паспяваць. Па-польску мы ўпершыню ладзім Купалле, спадзяюся, што ўсім спадабаецца.
Разам з акадэмічным рэпертуарам — народная песня
Познаньскі спеўны сход раней быў больш вядомы сваім акадэмічным рэпертуарам, а таму цікаўлюся ў Іллі, як у іх творчасці стасуюцца такія розныя жанры і музычныя накірункі.
— Купальскіх песень у нас з мінулага года засталося шмат, сёлета яшчэ дадалі новыя. У нас ужо вялікі рэпертуар такіх песень, да ўсяго яны такія цягучыя, што адна песня можа доўжыцца да 40 хвілін. Некаторым людзям больш падабаецца наша народная творчасць, некаму — акадэмічная. І кожны выбірае, куды хадзіць і што слухаць. А вось сёння — такі апафеоз. Паглядзім, што з гэтага ў выніку атрымаецца.
— Вы акрамя Купалля нешта ладзіце заўсёды на Каляды. А якія яшчэ народныя святы не застаюцца ў вас па-за ўвагай?
— Пакуль што Купалле, Каляды і сёлета ўпершыню валачыліся на Вялікдзень. Чым гэта скончылася? Гэта скончылася тым, што ў нас утварыўся гурт мужчынскага народнага спеву “Валачобнікі”. І вось нядаўна ездзілі на гастролі ў Зялёную Гуру, далі першы канцэрт, ён доўжыўся каля гадзіны.
Нядаўна прачытаў, што ў Познаньскай оперы, якая дагэтуль упрыгожвае горад, у міжваенны час выступаў знакаміты беларускі тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі і, як звычайна падчас канцэрту, акрамя акадэмічнага рэпертуару выконваў беларускія народныя песні, якія цёпла былі прыняты польскай публікай. Дзялюся гэтай знаходкай з кіраўніком Познаньскага спеўнага сходу і пытаюся, ці не адмыслова і яны ў сваёй творчасці праводзяць такую ж паралель? Ілля трохі задумваецца і кажа:
— Дзіўным чынам беларусы, нават калі не вельмі свядомыя ў сваёй гісторыі, схільныя паўтараць яе. І нават формы, у якіх беларускасць праяўляецца ў межах нашай краіны і па-за яе межамі, можна заўсёды знайсці адпаведнік нават сто і больш гадоў таму. Як, да прыкладу, таго ж Францыска Скарыну, які быў у Познані і сядзеў тут у вязніцы. Гэта ўсё дзіўна цыклічна, так што я магу паверыць, што існуе пэўнае падабенства.
Нібыта вярнулася на Радзіму
У дворыку шумна і весела, людзі па-сапраўднаму цешацца таму, што адбываецца. Танцуюць, спяваюць, дзяўчаты плятуць вянкі. Цікаўлюся ў аднае беларускі, як яна сябе адчувае на галаве з купальскім вянком.
— Нібыта вярнулася на Радзіму. Настальгічна, але ў той жа час цеплыня ў душы, бо гэта такое дакрананне да нашых традыцый, аб’яднанне ў гэтых традыцыях.
— У Беларусі вы святкавалі Купалле?
— Так, памятаю, як скакалі праз вогнішча. Праўда, да мяне большае ўсведамленне важнасці нашых традыцый і нашай культуры прыйшло ўжо тады, калі я апынулася тут. Бо гэта як пачуццё дому.
А вось спадарыня прымярае вянок, фатаграфуецца, цёпла ўсміхаецца. Яе завуць Ганна. Цікаўлюся, як яна адчувае сябе з купальскім вянком на галаве.
— Вельмі незвычайна, такія добрыя пачуцці, нешта чароўнае, магічнае…
— Наколькі вам блізкая такая беларуская традыцыя, як Купалле?
— Гэта традыцыя нашых продкаў, маёй бабулі. Зразумела, што не робім гэта так, як некалі рабілі яны, але гэта наша, беларускае. Сёння разам са мной мае дзеці, яны таксама гэта бачаць. І чаму мы маем глядзець на традыцыі іншых? У першую чаргу варта шанаваць і ведаць свае.
А вось праходзіць Купалка — у беларускай традыцыі гэта самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, якую абіралі на свята і называлі Купалкай. Тут, у Познані, гэта беларуска, студэнтка Ганна з Гайнаўкі, што на Беласточчыне. Цікаўлюся ў яе — як настрой? Дзяўчына задаволеная, усміхаецца:
— Купальскі настрой, добры, каб спяваць, танчыць, весяліцца.
— Ці часта ў Гайнаўцы бываеш на Купаллі?
— У нас кожны год ёсць беларускія імпрэзы ў розных месцах. І кожны год мы з бацькамі стараемся прынамсі адну такую імпрэзу наведаць.
— А як тут, з беларускімі эмігрантамі, табе святкуецца Купалле?
— Таксама добра. Мы ж тут робім падобныя рэчы: пляцём вянкі, пускаем на ваду, вогнішча, танцы, спевы. Праўда, сёння ў нас вогнішча і вада імправізаваныя, але ў астатнім усё таксама…
А свята не перарываецца — увесь час гучаць песні, танцы, шум стаіць у старым познаньскім дворыку. Арганізатары частуюць гасцей прыгатаваным крупнікам, дзяўчаты варожаць, свята працягваецца да позняга вечара…
Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Познаньскі спеўны сход на Купаллі. Фота Паўла ЗАЛЕСКАГА