Беларуская Служба

Дамінацыя рускага культурніцкага прадукта. «Як у вайну адчуваеш, што з дубальтоўкай ваюеш супраць танка»

30.06.2025 15:30
Узяты курс на інтэнсіўную русіфікацыю, які толькі ўзмацняецца з 2020 года.
Аўдыё
  • Дамінацыя рускага культурніцкага прадукта. «Як у вайну адчуваеш, што з дубальтоўкай ваюеш супраць танка»
    ,     2020
Узяты курс на інтэнсіўную русіфікацыю, які толькі ўзмацняецца з 2020 годаЕкатерина/Pixabay/CC0

Тэма культурна-гуманітарнай экспансіі рускага міру ў Беларусі абмяркоўвалася падчас анлайн семінара ў рамках серыі абмеркаванняў «Пяць год супрацьстаяння: Quo vadis, Беларусь?»

Інфармацыйны ціск у грамадскай прасторы Беларусі вялікі. Ён не абмяжоўваецца толькі прапагандай ці папулярызацыяй рускага міру. Ён суправаджаецца атакамі на элементы нацыянальнай свядомасці ці культуры, атакамі на беларускую мову. Можна сцвердзіць, што сёння адбываецца вайна з беларускай нацыянальнай ідэнтычнасцю, а магчымасцяў супрацьстаяць наўпрост – вельмі мала.

Кандыдат гістарычных навук Павал Церашковіч расказаў пра тры галоўныя расійскія ўстановы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, і з’яўляюцца прыкладам інстытутаў мяккай сілы. Першая – «Россупрацоўніцтва» - федэральнае агенцтва па справах садружнасці незалежных дзяржаў і суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па гуманітарнаму міжнароднаму супрацоўнітву.

Агенцтва працуе ў 80 краінах свету, яго аўдыторыя - моладзь і экспертная супольнасць, а задача - распаўсюджванне рускай мову і класічнай рускай культуры з націскам на 19 стагоддзе. Гэта робіцца праз курсы рускай мовы, арганізацыю выстаў і фестываляў, кінапаказы і г.д. «Россупрацоўніцтва» мае ў Беларусі чатыры свае прадстаўніцтвы – Рускія дамы – у Гродне, Мінску, Гомелі і Брэсце. Дадаткова працуе Расійскі інфармацыйны цэнтр у Магілёве.

- Галоўны напрамак дзейнасці «Россупрацоўніцтва» ў Беларусі – гэта прадастаўленне стыпендый маладым беларусам для навучання ў расійскіх універсітэтах. За апошнія пяць гадоў колькасць гэтых стыпендый павялічылася ў 18 разоў. Акрамя Рускіх дамоў актыўна выкарыстоўваецца пляцоўка Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Гэта адзін з нешматлікіх універсітэтаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Гэта былая маскоўская партыйная школа. На базе філіяла праводзяцца шматлікія выставы, вось прыклад апошняй з іх – «Злачынствы кіеўскага рэжыму. Няма тэрміну даўнасці». Наступная ўстанова – гэта фонд «Рускі мір», устаноўлены ў 2007 годзе, калі ідэалогія рускага міра была абвешчана ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі. Фонд мэтанакіравана займаецца прасоўваннем ідэалогіі рускага міра. І трэцяя ўстанова – фонд «Публічнай дыпламатыі» імя Аляксандра Гарчакова. Ён выдзяляе гранты на выкананне навуковых праектаў у галінах міжнародных адносін, эканомікі, паліталогіі, гісторыі і журналістыкі.

Кандыдат філасофскіх навук, гасцявы прафесар ПАН Павал Баркоўскі гаворыць, што названае Паўлам Церашковічам - толькі верхавіна айсберга, гэта стрыжань рускага міру, але ўплываў значна большы. 35-40% беларусаў знаходзяцца ў інфармацыйным полі рускіх СМІ, што мае значна большы ўплыў, чым дзейнасць рускіх дамоў. Далей Павал Баркоўскі кажа пра ўплыў рускага міру, які адбываецца на ўзроўні розных кантактаў:

- Калі чыноўнікі – ад кіраўніцтва ўніверсітэтаў да кіраўнікоў раёнаў ці абласцей – карыстаюцца сувязямі з адпаведнымі расійскімі структурамі і на пастаяннай аснове ажыццяўляюць культурніцкія абмены. Цяпер бачны вялікі маштаб супрацоўніцтва ў галіне культуры. Маштаб розных інструментаў мяккай сілы – грандыёзны. Часам, як у вайну, адчуваеш, што з дубальтоўкай ваюеш супраць танка. Гэта сведчыць аб тым, што для Расіі вектар Беларусі і Украіны адзін з тых, у які яна вельмі моцна ўкладаецца. Калі казаць пра культурніцкае поле, там мы таксама бачым, на колькі вялікая прысутнасць расійскіх артыстаў, тэатраў, кіно, выставаў сёння ў Беларусі. У параўнанні з тым, што адбывалася да 2020 года, бачна павелічэнне ў разы.

Расія і прыхільнікі рускага міру хочуць мець уплыў на кожную сферу жыцця ў Беларусі. Пра спробы інтэрпрэтаваць гістарычныя факты гаварыў кандыдат сацыялагічных навук, акадэмічны дырэктар Інстытуту публічнай гісторыі, даследчык «Палітычнай сферы» Аляксей Ластоўскі:

- Дыскрэдытацыя постаці Кастуся Каліноўскага, рэвізія Каліноўскага і ўвогуле паўстання. Падаецца ўсё так, каб мы пераацанілі Каліноўскага як паляка па поглядах, што паўстанне змагалася за адраджэнне Рэчы Паспалітай, што там не было ніякай павесткі, што гэта было шляхецкае паўстанне, якое на падымалі сяляне, што паўстанцы выкарыстоўвалі тэрор, асабліва ў дачыненні да прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. І гэтая пазіцыя знайшла свой адбітак.

Удзельнікі дыскусіі прызналі, што часткова дамінацыі рускага культурніцкага прадукта садзейнічае ўплыў санкцый, якія не дазваляюць замежных калектывам удзельнічаць у культурніцкім полі ў Беларусі, а беларусам ездзіць паказваць сваю працу на Захад.

ав

слухайце аўдыё