Апошні школьны дзень: весела і дзецям, і дарослым
У беларускай суботняй школцы сёння ўжо не было заняткаў. Тым не менш, у класе шматлюдна: галасы і дзяцей, і дарослых. Дзеці нешта вырэзваюць з кардону і ўвесь час звяртаюцца то да сваіх настаўнікаў, то да бацькоў. Атмасфера — творчае ўзрушэнне. Аказваецца, гэта падрыхтоўка да спектакля.
Усіх запрашаюць у цёмны клас, на дошцы з’яўляецца светлае кола — і пачынаецца спектакль «Лепельскі Цмок». Аказваецца, усе вучні без выключэння — акцёры. На светлым коле яны адзін за адным згодна з сюжэтам паказваюць свае выразаныя з кардону рэквізіты.
Прычым усе вельмі зацікаўленыя і разам з князем Альгердам ратуюць скрадзеную Цмокам прынцэсу. Неверагодна цікава і весела, дарослыя задаволеныя.
Традыцыя: заканчваць навучальны год спектаклем
Каардынатар і дырэктар беларускай суботняй школкі ў Познані Ілля Сініца трохі хвалюецца, але кажа, што наогул усім задаволены.
— Мне здаецца, што мы ўсе вельмі хочам адпачыць, але я вельмі рады, што ў нас атрымалася зрабіць апошні дзень святочным. У нас ужо складваецца традыцыя: у апошні дзень замест заняткаў ставім нейкі спектакль.
— А калі вярнуцца да школьных праблем — якім быў гэты навучальны год?
— Магу сказаць, што мы ўжо зарганізаваліся і з настаўнікамі, і з дзецьмі. Калі яшчэ першы год усе прыціраліся — і настаўнікі, і бацькі ставілі свае мэты, і дзяцей мала ведалі, — то сёлета мы ўсе бачым, што гэта неабходна, мы дыхаем гэтым, дзяцей лепей ведаем. І дзеці пачалі бачыць у нашай школцы нешта большае, чым проста заняткі. Для іх цяпер гэта важны цэнтр.
На другі год навучання ўсе дзеткі гавораць па-беларуску
У канцы навучальнага года прынята падводзіць яго вынікі. Дырэктар усміхаецца — яму яўна ёсць пра што сказаць.
— Калі дзеці толькі прыйшлі ў нашу школку, то цяжка было сказаць — ці то беларускія, ці то польскія дзеці. А на другім годзе заняткаў у нас усе дзеці ўмеюць гаварыць па-беларуску. Між сабой яны гавораць, і за гэтым прыемна назіраць. Усведамленне гэтай патрэбы прыйшло і да бацькоў, бо яны бачаць, што ў польскай школе хутка дзіця траціць сваю яшчэ неўкаранёную культуру і лёгка прымае польскую. А тут яны паміж сабой гуляюць, размаўляюць на сваёй мове, вучаць сваю гісторыю. У гэтым я бачу самае каштоўнае.
Усе вучні найцудоўнейшыя
Спадарыня Алена выкладае беларускую мову. У яе прыўзняты настрой. Цікаўлюся, як сустракае канец навучальнага года, ці задаволеная вучнямі.
— Настаўнікі заўсёды радуюцца напрыканцы навучальнага года. Але тут радасць яшчэ і ад таго, што мы хутка зноў сустрэнемся. Новыя дзеткі да нас прыйдуць — я таксама гэтаму рада. І як можна быць вучнямі незадаволеным? У нашай школцы такога няма. Усе вучні — найцудоўнейшыя. Магчыма, настаўнікамі нехта і незадаволены…
Трэба захоўваць беларускасць, нягледзячы ні на што
Размаўляю з адной з мамаў, у якой у беларускай школцы вучацца двое сыноў. Цікаўлюся, што даюць заняткі яе дзецям.
— Я адчуваю, што гэта патрэбна дзецям, каб дапамагчы ім захаваць нешта беларускае ў сабе. У польскім асяроддзі гэта цяжка знайсці, а тут — адукацыя на беларускай мове, іншыя дзеці, з якімі можна кантактаваць на роднай мове. Трэба захоўваць гэта беларускае, нягледзячы ні на што. А раптам яны некалі змогуць вярнуцца, то хоць будуць разумець, хто яны і куды вяртаюцца.
Падчас спектакля «Лепельскі Цмок»
Тут яны вывучаюць мову, гісторыю, ахвотна дзеляцца гэтым дома. Мне нават прыемна чуць нейкія іх цікавосткі са школы. Мы дома таксама шмат слухаем беларускай літаратуры, але тут яны з настаўніцай абмяркоўваюць, аналізуюць — гэта таксама цудоўна.
— Дзеці ж адначасова ходзяць у польскую школу. Як гэта сумяшчаецца? Ці не складана ім?
— Абсалютна не складана. У дзяцей вельмі гнуткі розум — яны хутка ўсё засвойваюць. І ў прынцыпе дзецям гэта нашмат лягчэй, чым дарослым. Часам дарослыя кажуць, што мы дзяцей занадта перагружаем: і польская, і англійская, а тут яшчэ беларуская. Я з гэтым не згодна. Пакуль у дзяцей развіваецца мозг, трэба даваць як мага больш. Гэта дасць ім моцную базу ведаў на будучыню.
Мы ж беларусы — куды ж яшчэ хадзіць, як не ў беларускую школку?
Спадар Алег і спадарыня Вольга прыйшлі са сваімі дзеткамі ў школу ўпершыню. Яны нядаўна пераехалі з Грузіі і хочуць, каб з наступнага навучальнага года дзеці вучыліся і ў беларускай школцы.
— Канешне, у гэтым ёсць патрэба: мы ж беларусы — куды нам яшчэ хадзіць, як не ў беларускую школку? Мы толькі з Грузіі прыехалі, і там, у Батумі, дзеці таксама хадзілі ў беларускую школку. Вядома, у гэтым ёсць патрэба.
Спадарыня Вольга дадае, што дзеці самі захацелі сюды прыйсці.
— Там, у Грузіі, дзякуючы школе, яны працягвалі быць у беларускай суполцы, маглі стасавацца на беларускай мове — праз гэта заставалася сувязь з Беларуссю. Многія з іх прайшлі праз няпростыя выпрабаванні, і настаўнікі ставіліся з разуменнем. Гэта дапамагала адаптавацца ў чужой краіне і адначасова захаваць беларускасць. Мы лічым, што гэта вельмі важна.
Тут яны вучацца таму, чаго няма больш нідзе
Настаўніца музыкі спадарыня Наста кажа, што беларускія дзеткі, як ні дзіўна, вельмі любяць спяваць. Калі яны развучваюць новую песню, то потым доўга напяваюць яе ў калідорах. І гэта яшчэ раз паказвае, як важна ім сюды прыходзіць і вывучаць у тым ліку родныя песні.
— Гэта, у першую чаргу, супольнасць і тое месца, куды яны хочуць прыходзіць, тое, што іх яднае. Яны ведаюць, што ёсць такая беларуская школка, дзе свой асяродак і дзе яны асаблівым чынам праводзяць час. У іх тут такія заняткі, якіх няма больш нідзе.
Насамрэч дзяцей нешта сюды прыцягвае, бо вось ужо пачаліся вакацыі, але яны ўсё яшчэ на школьным двары, гуляюць і не спяшаюцца яго пакідаць.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл