Беларуская Служба

«Мы зрабілі вянок з таго, што было на агародзе і на полі» — Купалле ў Белавежы (ФОТА)

07.07.2025 15:45
Купалле гэта візітная картка Белавежы. Іншыя такія святы на палову малодшыя за нашае — падкрэслівае дырэктар Белавежскага цэнтра культуры Марэк Зубрыцкі.
Аўдыё
Калектыў "Чырвоные шпількі"Беларуская служба Польскага радыё/Рафал Андрасюк

Карагод, вянкі на рацэ, феерверкі і канцэрты беларускіх калектываў з Падляшша і Літвы - у Белавежы ў мінулую суботу ў 41-ы раз прайшло «Купалле, то бок традыцыйная купальская ноч. Мерапрыемства, якое штогод ладзіць Беларускае грамадска-культурнае таварыствам з Беластока, з'яўляецца адным з самых вялікіх такога кшталту святаў на польскім Падляшшы.

— Мы зрабілі вянкі з таго, што было на агародзе і на полі. Вянкі ў розных колерах. Вядома ж, Купалле, добра, каб прыгожа выглядаў. Кінем яго ў рэчку, можа хтосьці зловіць. Хаця ў нас у калектыве ўсе замужам, то будзе мусіў шукаць сабе малодшай «купалінкі» – кажа Анна Казбярук з калектыву «Расспяваны Гарадок» з Гарадка.

Вянок з палявых кветак зрабілі таксама жанчыны з калектыву «Чыжавяне» з Чыжоў. «Мы дадалі яшчэ папараць і лісточкі. Калі хто зловіць, можа возьмем у наш калектыў» кажа Альжбета Тыханюк.

— Беларускае Купалле, як заўсёды, адбываецца ў Белавежы. Гэта традыцыйнае месца. Традыцыйнае з увагі на свае элементы – улічваючы купальскі карагод, які распачынае нашае свята, таксама канцэрт калектываў на белавежскай сцэне, пусканне вянкоў на рэчку і забава, якая завяршае гэтае свята, адзначыў старшыня Беларускага-грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Васіль Сегень.

 — У Літве таксама святкуюць купальскае свята. Збіраюцца беларусы ў адным месцы, спяваюць песні, паляць вогнішча, гуляюць у гульні, водзяць карагоды. Гэтае свята надае каларыт нашай бытнасці, дае нам стымул да жыцця і аб'ядyоўвае – кажуць Вольга і Сяргей Шабадалавы з калектыву »Світанак« з літоўскага гораду Высагінас.

— Купалле гэта візітоўка Белавежы. Іншыя такія святы на палову малодшыя за нашае. Людзі прыязджаюць паспяваць, паглядзець, але і зарабіць трошкі грошай на купалаўскім кірмашы. А мы як арганізатары намагаемся каб усе добра і бяспечна гулялі, падкрэслівае дырэктар Белавежскага цэнтра культуры Марэк Зубрыцкі.

Беларускія купальскія ночы на Беласточчыне праходзяць штогод яшчэ ў некалькіх мясцовасцях – у нядзелю Купалле адбылося ў Нараўцы, а напрыканцы чэрвеня – у Ляневе і Залуках.

 Падрыхтаваў Рафал Андрасюк