Беларуская Служба

Tutaka 2025: музыка салідарнасці і беларуская супольнасць без межаў. Чым здзівіць фестываль сёлета 

09.07.2025 11:31
Праграма Фестывалю Tutaka 2025  уражвае маштабам: больш за 25 музычных выступаў і больш за 50 дадатковых актыўнасцяў.
Аўдыё
  • Размова з арганізатарам імпрэзы, кіраўніком фонду Tutaka Паўлам Стана Станкевічам.
  Tutaka 2025
Афіша фестывалю Tutaka 2025 Крыніца: Фестывалю Tutaka 2025

Фестываль Tutaka, які сёлета ў пяты раз пройдзе на Падляшшы 11–13 ліпеня, вырас у нешта значна большае за музычную імпрэзу. Задуманы як пляцоўка для сучаснай беларускай культуры, ён стаў месцам сустрэчы тых, хто жыве ў Польшчы ўжо некалькі пакаленняў, і тых, хто вымушана з’ехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года.

Асаблівасцю фестывалю-2025 стала супольнае фармаванне праграмы разам з аўдыторыяй. «Мы зрабілі цэлую серыю апытанняў, дзе людзі выбіралі як музычны лайнап, так і тэмы дыскусій, фармат творчай актыўнасці, майстар-класы. Гэта дазволіла стварыць праграму, якая павінна быць цікавай усім», — распавядае арганізатар імпрэзы, кіраўнік фонду Tutaka Павел Стана Станкевіч.

Праграма Фестывалю Tutaka 2025  уражвае маштабам: больш за 25 музычных выступаў і больш за 50 дадатковых актыўнасцяў. Сярод іх — дыскусіі, адукацыйныя захады, прэзентацыі, майстар-класы, а таксама прадугледжаны выгодныя месцы для адпачынку на прыродзе. Лакацыя фестывалю, у сэрцы Падляшша, дзе захаваліся ўнікальныя ландшафты, стварае асаблівую атмасферу: «Тут сапраўды можна дыхць на поўныя грудзі», — заўважае арганізатар.

Фестываль працягнецца тры дні, а напярэдадні ўдзельнікі змогуць пасяліцца ў кемпінгах з усімі выгодамі. Будуць працаваць тры сцэны: галоўная, малая (у супрацоўніцтве з Białystok Music Club) і тэматычная для дыскусій ды прэзентацый. Таксама арганізаваны намётавы гарадок і зоны адпачынку.

Tutaka падтрымліваецца шэрагам польскіх і міжнародных арганізацый — ад Падляшскага ваяводства, горада Беласток і гміны Гарадок да фондаў ЗША, Еўракамісіі, Цэнтра Мірашэўскага і Міністэрства ўнутраных спраў м адміністрацыі Польшчы. Гэта дазволіла зрабіць фестываль найбуйнейшай беларускай культурнай падзеяй па-за межамі Беларусі.

Адчужэнне і яднанне: беларусы Падляшша і новая эміграцыя

Фестываль ставіць перад сабой не толькі культурныя, але і сацыяльна значныя мэты — яднаць розныя групы беларусаў, асабліва тых, хто жыве ў Польшчы спрадвеку— аўтахтонных беларусаў Падляшша, і тых, хто прыехаў нядаўна.

«Тут мы намагаемся наладзіць сувязь паміж тымі, каго раней падзялялі 80 гадоў савецкай палітыкі. Мы для сябе былі чужыя людзі», — кажа Павел Стана Станкевіч пра адносіны паміж беларусамі з Падляшша і беларусамі з Беларусі.  У праграме фестывалю — дыскусія пра падляшскую беларускую тоеснасць, а таксама выступ гурта Ilone Friends, які адзначыць сваё 20-годдзе.

«Трэба прызнаць: беларусы Падляшша не заўсёды цікавяцца тымі, хто прыехаў з Беларусі, а новыя эмігранты часта ігнаруюць падляшскую культуру. Мы на фэсце спрабуем зрабіць так, каб людзі знаёміліся, пераймаліся агульнай спадчынай», — падкрэслівае суразмоўца.

Праграма з сэнсам

Тэма беларускіх палітвязняў заўжды была ў фокусе фестывалю Tutaka, на ім традыцыйна нагадваецца пра іх лёс. Сёлета адмысловым госцем стане Сяргей Ціханоўскі, які нядаўна выйшаў з турмы. Ён будзе на фестывалі ўсе тры дні, а ў нядзелю адбудзецца нефармальная сустрэча з ім ля сцэны Беластоцкага музычнага клуба.

«Будзе магчымасць задаць пытанні, выказаць прэтэнзіі або проста абняць чалавека, якога ўсе чакалі. Ён зрабіў шмат для беларускай справы ў 2020 годзе, і яго прысутнасць тут — важны знак салідарнасці», — кажа  Павел Стана Станкевіч.

Слухайце аўдыё! 

эж


«Баяліся закрануць тэмы, якія маглі б пакрыўдзіць людзей» — студэнты ЕГУ з'ездзілі ў экспедыцыю на Падляшша

03.07.2025 07:12
Студэнты павінны навучыцца камунікаваць з людзьмі, браць інтэрв’ю, фіксаваць тое, што яны бачаць навокал.

«Мы зрабілі вянок з таго, што было на агародзе і на полі» — Купалле ў Белавежы (ФОТА)

07.07.2025 15:45
Купалле гэта візітная картка Белавежы. Іншыя такія святы на палову малодшыя за нашае — падкрэслівае дырэктар Белавежскага цэнтра культуры Марэк Зубрыцкі.