Беларуска-ўкраінскі гурт «Offline meetup» з Уроцлава быў адным з удзельнікаў фестывалю «Paparac» у Познані. Іх музыка — у стылі інды-рок. Пасля канцэрта мы пагаварылі з музыкамі Расціславам Ліцвінам, Дзянісам Сцехінам, Яўгенам Грыцынам і Арсеніем Кропатавым.
Карэспандэнт: Першае пытанне да беларуса, які ў вашым гурце толькі адзін. Яўген, скажыце, як узнік такі інтэрнацыянальны гурт у эміграцыі, што вас аб’яднала?
Яўген: Мы сустрэліся першы раз на беларуска-ўкраінскім музычным фестывалі «Братэрства свабоды». Там іграў я і Дзяніс разам з Расціславам, але ў іншым гурце. Мы пазнаёміліся, пасябравалі і вырашылі іграць разам. Пазней да нас далучыўся Арсеній.
Карэспандэнт: Як вы падбіраеце рэпертуар? Я чуў песні толькі на англійскай і ўкраінскай мовах…
Яўген: На беларускай мове ў нас пакуль няма песень. Пераважна мы спяваем па-англійску, але выконваем і ўкраінскія песні. Па-ўкраінску спявае Расціслаў. Ёсць у планах дадаць у рэпертуар песні і на беларускай мове.
Карэспандэнт: Расціслаў, вы выконвалі песні на ўкраінскай мове — хто іх аўтар?
Расціслаў: Я аўтар гэтых песень. Неяк на рэпетыцыі запытаў у Яўгена, ці магу праспяваць свае песні. Ён адказаў, што гэта нават трэба. Англійская мова ў мяне слабая, таму я пішу на ўкраінскай.
Карэспандэнт: Дзяніс, а як вы ставіцеся да таго, што гурт інтэрнацыянальны? Ці дадае гэта нешта да вашай творчасці?
Дзяніс: Я лічу, што гэта вельмі здорава, паколькі ў нас ёсць і беларуская культура, і ўкраінская, і яшчэ мы спяваем пераважна па-англійску. Дзякуючы гэтаму дыяпазон выканання песень у нас значна шырэйшы. Да ўсяго, у нас поўная свабода ў калектыве, у творчасці. Мы можам складаць і выконваць песні на любой мове. І яшчэ — у нас вялікая камандная праца, мы падтрымліваем адзін аднаго, і ў гэтым сіла нашага гурта.
Карэспандэнт: Арсеній, а як вы адчуваеце сябе ў такім гурце?
Арсеній: Мне, наогул, у нас усё падабаецца. Бо гэта пра добрых, крэатыўных людзей. І пра самавыяўленне сябе і самавыяўленне для іншых людзей. Таму я думаю, што мы робім добрую справу — і для сябе, і для людзей, якія нас слухаюць.
Карэспандэнт: Яўген, а калі ўсё ж з’явяцца беларускія песні ў вашым выкананні?
Яўген: Я яшчэ раней вырашыў спяваць на англійскай мове, каб мець большую аўдыторыю. Але ў мяне ёсць жаданне рабіць нешта і на беларускай мове. І, дарэчы, хлопцы таксама маюць вялікае жаданне нешта тварыць і па-ўкраінску. Мы будзем гэта спалучаць, і, як кажуць хлопцы, наша інтэрнацыянальнае гучанне — гэта толькі на карысць. Гэта робіць нас унікальнымі.
Карэспандэнт: Расціслаў, што датычыць накірунку музыкі, якую вы іграеце — інды-рок…
Расціслаў: Яўген неяк сказаў (смяецца), што трэба іграць менавіта інды-рок… Хаця ў папярэднім гурце я іграў метал, і, дарэчы, было трохі складана прызвычайвацца да новага накірунку, бо ўсё ж розная адаптацыя. Але неяк прызвычаіўся, і мы рухаемся ў гэтым кірунку.
Карэспандэнт: Арсеній, а якія музычныя стылі вам найбольш блізкія?
Арсеній: Мне найбольш падабаецца сумесь нейкай ідэі і прыгожага гучання. Гэта можа быць нешта незвычайнае, а можа быць, як кажуць, усё новае — гэта добра забытае старое. Нешта старое на новы лад — і гэта дае новае дыханне і новыя планы.
Карэспандэнт: А якія бліжэйшыя планы ў гурта?
Дзяніс: Мы запісваем новы альбом, пастаянна рэпетуем, збіраемся. У нас вялікія планы — скарыць гэты свет. Шмат чаго робім дзеля гэтага. Вядома, не проста, бо музыка пакуль — гэта толькі наша хобі, а хацелася б, каб яна стала нашым паўнавартасным заробкам. Але мы стараемся, імкнёмся і ідзём да сваёй мэты.
Карэспандэнт: Яўген, што чэрпаеш ад зносін з украінскімі хлопцамі і што даеш ім узамен?
Яўген: Я так лічу, што ім прывіваю адказнасць, а яны мне — мужнасць і дабразычлівасць. Яны натхняюць мяне ў творчасці, бо вельмі светлыя людзі. Мы проста абменьваемся энергіяй: беларускай — ціхаў, спакойнай, і ўкраінскай — больш бурнай. Я цягну ў адзін бок, а яны ў іншы — і вось так з гэтага нешта атрымліваецца.
Карэспандэнт: Арсеній, вы былі калі-небудзь у Беларусі? Якой яна вам уяўляецца?
Арсеній: Ніколі не быў, але ў кожнай краіне ёсць прыгожыя месцы, прырода. Думаю, што там, як і ва Украіне, ёсць на што паглядзець.
Карэспандэнт: Дзяніс, ці ведаеце вы беларускую музыку? Хто з беларускіх музыкантаў вам падабаецца?
Дзяніс: З беларускіх музыкаў я хацеў бы вылучыць дзяўчыну, якую завуць проста — Лера. Яшчэ мне вельмі падабаецца гурт «УННВ» — там тры хлопцы спяваюць рэп. Канешне, магу вылучыць Ціму Беларускіх і, вядома, Макса Каржа — як чалавека, які прадстаўляе сабой музыку ўсёй Беларусі. Ён самы знакаміты беларускі музыкант.
Карэспандэнт: Яўген, а хто з украінскіх музыкаў табе найбольш падабаецца?
Яўген: Больш за ўсё мне падабаецца «Один в каное». Я слухаў даволі шмат розных украінскіх гуртоў розных жанраў, але найбольш — менавіта гэты гурт. Ён проста натхняе мяне на творчасць.
Карэспандэнт: Дзякуй, хлопцы, за гутарку і творчых поспехаў.
Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Беларуска-украінскі гурт «Offline meetup». Фота Паўла Залескага.