Беларуская Служба

Якімі бачыліся Беларусь і беларусы ў Польшчы ў 1930-я гады

17.07.2025 15:51
Адрыян Матула расказвае пра гэта сярод іншага ў кнізе Obraz Rosji sowieckiej na łamach wybranych polskich czasopism konserwatywnych w latach 1929–1939.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Матула пра СССР, РП і беларусаў у 1930-я гг.
     Słowo  1927 .
Адзін з нумароў віленскай газеты Słowo за 1927 год. https://pl.wikipedia.org/wiki/Domena publiczna

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў кнігу Адрыяна Матулы (Adrian Matuła) — Obraz Rosji sowieckiej na łamach wybranych polskich czasopism konserwatywnych w latach 1929–1939 («Вобраз савецкай Расіі ў асобных польскіх кансерватыўных перыядычных выданнях у 1929–1939 гг.»). Гэта тэма цікавая і ў тым кантэксце, што ў той час беларусы жылі як у Польшчы, так і ў СССР, і іх закраналі ўсе працэсы, што адбываліся ў гэтых дзяржавах.

У 1929 годзе ў СССР пад кіраўніцтвам Іосіфа Сталіна пачалося ажыццяўленне першага пяцігадовага плана развіцця гаспадаркі. Менавіта тады адбылася масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Але адбывалася не толькі трансфармацыя эканомікі. Ажыццяўляліся і палітычныя мерапрыемствы. Гэтыя падзеі выклікалі сапраўдную цікавасць у Польшчы.

Адрыян Матула прааналізаваў змест штодзённых газет: Czas, варшаўскай Dzień Polski, вялікапольскай Dziennik Poznański і віленскай Słowo, а таксама выданні з меншай перыядычнасцю — Bunt Młodych, Nasza Przyszłość.

Як жа бачыўся на іх старонках СССР?

 Гэта быў самы вялікі сусед Польшчы, як ні круці, найбуйнейшая дзяржава на еўрапейскім кантыненце і адначасова адна з найбуйнейшых краін свету. Яна мела велізарны ўплыў на палітычную і сацыяльную свядомасць палякаў. Таму палякі ўспрымалі Расію не як нешта далёкае, а як рэальнага суседа, чыя граніца непасрэдна судакраналася з польскай. Там упершыню спрабавалі ажыццявіць ідэі камунізму як альтэрнатыву капіталізму. Мэтай гэтай палітычнай праграмы было стварэнне абсалютна новага грамадства, адарванага ад мінулага, з новай ідэнтычнасцю. Гэта не магло не цікавіць палякаў — тым больш, што расійская культура і літаратура, асабліва ў XIX стагоддзі, захаплялі многіх польскіх інтэлектуалаў, у тым ліку і кансерватыўных публіцыстаў. Варта памятаць, што значная частка палякаў жыла ў межах Расійскай імперыі, вучылася ў Расіі, ведала рускую культуру і мову. Усё гэта рабіла гэтыя адносіны надзвычай складанымі і цікавымі.

Як вядома, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772-1795 гадах яе розныя часткі апынуліся ў складзе Расіі, Аўстрыі і Прусіі. І ў кожнай з гэтых частак па-рознаму адносіліся да Расіі ўжо пасля 1918 года, калі была адноўлена незалежная Польшча.

 Хоць адносіны да Расіі пераважна былі адмоўныя, асабліва сярод кансерватараў з зоны расійскай акупацыі (zabór), бо яны ўспрымалі яе як свайго найвялікшага ворага, аднак у Вялікай Польшчы, якая знаходзілася пад Прусіяй, асабліва ў Познані адносіны да Расіі былі больш стрыманыя. Там большую пагрозу бачылі з боку заходняга суседа — Германіі, асабліва ў кантэксце адраджэння яе вайсковай моцы. Што да камунізму, то можна сказаць, што незалежна ад палітычных поглядаў усе былі супраць гэтай ідэалогіі. Аднак на тэрыторыях былой прускай акупацыі некаторыя палякі бачылі магчымасць супрацоўніцтва з Масквой — перш за ўсё на гаспадарчай глебе. Такое мысленне ўзмацнілася асабліва пасля пачатку ажыццяўлення ў Савецкім Саюзе другога пяцігадовага плана развіцця гаспадаркі. Лічылася, што Польшча магла б адыграць пэўную ролю ў гэтым працэсе. Былі спробы ціску — у тым ліку праз публіцыстыку — каб падтрымліваць дзеянні польскіх дыпламатаў па адкрыцці савецкага рынку для польскіх прадпрымальнікаў. Нягледзячы на ўсведамленне пагрозы, якую нёс камунізм, многія палітыкі і публіцысты жадалі, каб польскія кампаніі пачалі экспартаваць сваю прадукцыю на Усход.

Адным з прынцыповых прыхільнікам абмежавання эканамічных і іншых адносін з СССР быў Мар’ян Здзяхоўскі, які паходзіў з-пад Ракава, што недалёка ад Мінска, з’яўляўся літаратуразнаўцам і пэўны час рэктарам Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні.

 Здзяхоўскі лічыў, што любыя кантакты з Савецкім Саюзам — ці то гаспадарчыя, ці палітычныя — былі недапушчальныя. Аднак дыпламаты заходніх краін пачалі ездзіць у Маскву, спрабуючы дамаўляцца са Сталіным і яго адміністрацыяй — нягледзячы на Вялікі тэрор, жорсткую калектывізацыю і Вялікі голад, што панавалі ў СССР. Гэта для Здзяхоўскага была самая вялікая здрада. Ён нават пісаў, што грошы зацьмілі еўрапейскім дыпламатам мараль і сумленне. Ён лічыў, што зусім недапушчальна мець нейкі кантакт ці дыялог паміж Масквой і якой-небудзь цывілізаванай еўрапейскай дзяржавай.


Вокладка кнігі Адрыяна Матулы Obraz Rosji sowieckiej na łamach wybranych polskich czasopism konserwatywnych w latach 1929–1939. Вокладка кнігі Адрыяна Матулы Obraz Rosji sowieckiej na łamach wybranych polskich czasopism konserwatywnych w latach 1929–1939.

Я пацікавіўся ў вучонага, як на старонках польскіх кансерватыўных СМІ адлюстроўвалася становішча палякаў у СССР.

 Граніцы Савецкага Саюза былі цалкам закрыты. Палякі, што жылі на ўсходзе — гэтаксама як і беларусы, якія пражывалі па абодвух баках мяжы, у Польшчы і ў СССР, не мелі паміж сабой шчыльных кантактаў. Не было ні палітычнай, ні практычнай магчымасці для гэтых супольнасцей падтрымліваць сямейныя ці культурныя сувязі. Таму пытанні жыцця нацыянальнасцей у Савецкім Саюзе звычайна аналізаваліся ў агульным кантэксце — з перспектывы дзяржаўнай палітыкі, а не праз прызму індывідуальных лёсаў. У публіцыстыцы звярталі ўвагу найперш на тое, што камуністычны рэжым ажыццяўляў шырокамаштабны праект пераўтварэння нацыянальнай свядомасці — як сярод палякаў, беларусаў, украінцаў, так і іншых меншасцей, што жылі на тэрыторыі СССР. Лічылася, што Сталін — пасля першапачатковай, ілюзорнай лібералізацыі нацыянальнай палітыкі — імкнуўся да поўнай уніфікацыі насельніцтва. Мэтай было не толькі пабудова «сацыялістычнага грамадства», але і паступовае навязванне рускай мовы і рускай культуры як дамінуючых. У выніку павінна была з’явіцца новая форма грамадства: не столькі інтэрнацыяналістычная, колькі фактычна русіфікаваная.

Адрыян Матула расказаў таксама, як бачылася ў польскім кансерватыўным друку сітуацыя ў БССР і беларусаў у РП.

 Лічылася, што беларуская меншасць у Польшчы павінна была атрымліваць падтрымку з боку польскай дзяржавы — у першую чаргу з улікам свайго геаграфічнага становішча і стратэгічнага значэння. Яна пражывала на тэрыторыях па абодвух баках мяжы з Савецкім Саюзам, што рабіла яе патэнцыяльным мостам ці інструментам уплыву на ўнутраную сітуацыю на савецкім баку. Паводле многіх міжваенных публіцыстаў, беларусы — у адрозненне ад палякаў ці ўкраінцаў — былі самым слабым народам па ўзроўні нацыянальнай свядомасці. У іх толькі пачыналі фарміравацца незалежная культура, мова, а таксама грамадскія і палітычныя арганізацыі. Таму лічылася, што праз падтрымку працэсаў «беларусізацыі» ў Польшчы — напрыклад, у выглядзе адукацыі, устаноў культуры, прэсы ці арганізацый — можна было не толькі дапамагчы гэтай меншасці, але і аслабіць уплывы Савецкага Саюза ў рэгіёне. Беларуская меншасць у Польшчы магла ўплываць на грамадства на другім баку мяжы — калі б толькі атрымала належную апеку і падтрымку. У руках польскіх улад гэта магло стаць магутным палітычным інструментам, які дазваляў бы ўплываць на сітуацыю і на ўнутраныя працэсы, што адбываліся ў савецкай Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выйшла энцыклапедыя пра палякаў у СССР, у тым ліку ў Беларусі

30.04.2025 16:37
Адам Хлябовіч расказвае пра біяграфічны слоўнік Zostali na Wschodzie. Słownik inteligencji polskiej w ZSRS 1945–1991.