Беларуская Служба

«Музей Вольнай Беларусі не дае забыць, дзеля чаго былі прынесеныя ахвяры»

18.07.2025 15:50
У музеі працуе выстава, якая складаецца з найбольш выразных і значных прадметаў з калекцыі музея за перыяд 2020-2025 гадоў. 
Аўдыё
  • «Музей Вольнай Беларусі не дае забыць, дзеля чаго былі прынесеныя ахвяры»
Рэчы Міраслава Лазоўскага.

Выстава «Фрагменты» складаецца з найбольш выразных і значных прадметаў з калекцыі музея за перыяд 2020-2025 гадоў. Гэта фрагменты асабістага і калектыўнага досведу, праз якія праступаюць рэпрэсіі, гераізм, страта, надзея і годнасць. Выстава паказвае, як праз матэрыяльныя сведчанні, асабістыя рэчы, дакументы, самаробныя артэфакты, мастацкія працы фарміруецца жывая памяць сучаснай гісторыі Беларусі.

Ідэя стварыць такое месца належала НАУ. Кіраўнік НАУ Павал Латушка ў сваім жыцці адчыняў не адну культурніцкую ўстанову, але Музей Вольнай Беларусі ён лічыць асаблівым месцам:

- Музей Вольнай Беларусі не дае забыць, дзеля чаго былі прынесеныя ахвяры. Музей нагадвае: пакуль жыве памяць, жыве Беларусь. Жыве і змагаецца.

Трэці дзень нараджэння — гэта больш, чым проста лічба, гэта момант, каб паразважаць пра тое, чаго было дасягнута, што яшчэ чакае наперадзе і чаму гэтае месца існуе, гаварыла намеснік кіраўніка аддзялення пасольства Нідэрландаў у Мінску Джэцке Кляйн. Нідэрланды аказваюць падтрымку Музея Вольнай Беларусі.

- Кіраванне музеем ніколі не бывае лёгкай задачай, нават калі вы знаходзіцеся ў сваёй краіне, з дзяржаўным фінансаваннем і інстытуцыйнай падтрымкай. Але кіраванне музеем у выгнанні, без уласнай краіны, якая б вас падтрымлівала, патрабуе іншага ўзроўню мужнасці, бачання і настойлівасці. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, Музей Вольнай Беларусі ператварыўся ў жывое, дынамічнае месца. Больш за тое, гэта жывы архіў рэвалюцыі, якая не скончылася, пратэсту, які працягваецца, і людзей, якія не здаліся. Музей — гэта не проста калекцыя прадметаў, гэта маяк надзеі, памяці і перамен.


Дырэктарка Наталля Задзяркоўская Дырэктарка Наталля Задзяркоўская

Дырэктарка музею Наталля Задзяркоўская згадвае, што першымі экспанатамі ў музеі былі плакаты Руфіны Базловай, на падставе якіх яна зрабіла знакаміты праект «Беларускія вышыванкі».

На выставе «Фрагменты» паказанае невялікая колькасць экспанатаў, але кожны з іх – гэта гісторыя беларуса, гаворыць Наталля Задзяркоўская:

- Калі хочацца сказаць шмат, а такой магчымасці няма, мы выстаўляем толькі 13 артэфактаў. Рэчы, якія належалі беларусам, якія выходзілі на пратэсты, якія сядзелі у турмах, гінулі за Украіну. Гэта вельмі беларуская гісторыя. Кожныя рэч – са сваёй асабістай гісторыяй. Упершыню мы пакажам майку былой палітзняволенай, якой не дазвалялі перадаць у турму здымкі малога сына. Яе сябры зрабілі яго выявы на майках і перадалі за краты. Гэта асабістыя рэчы Рамана Бандарэнкі – яго фарбы і пэндзаль. Нібыта звычайныя рэчы, але, ведаючы трагічны лёс Рамана, яны набываюць асаблівае значэнне. Тое самае можна сказаць пра рэчы Міраслава Лазоўскага. Мы паказваем пакет, у якім ён захоўваў сваю форму, ён падпісаны яго рукой, у ім ляжыць лісце з палёў Украіны. Гэта вядомая нашым наведвальнікам экспанаты, напрыклад, сцяг з імёнамі палітвязняў аўтарства Марыі Грыц.


Разбіты сілавікамі тэлефон Разбіты сілавікамі тэлефон

Свой разбіты сілавікамі тэлефон у Музей аддаў беларускі рэжысёр Максім Швед. Тэлефон знішчылі ў Кастрычніцкім РАУС.

- Калі мяне абшукалі, узялі тэлефон і сказалі даць пароль. Я адмовіўся, бо думаў чаму? Там былі мае прыватныя рэчы. Яны сказалі, што напішуць, што тэлефон знішчылі падчас затрымання. Я пагадзіўся. Міліцыянер выйшаў, а праз хвіліну вярнуўся і прынёс яго у такім стане. З тых часоў я нават не ўскрыў гэты тэлефон. Нават не памятаю, якія там здымкі, бо я ў той дзень здымаў на яго. Пяць гадоў прайшло, можа там захавалася нешта важнае.


Вопратка Вадзітма і Дзяніса Вопратка Вадзітма і Дзяніса

На выставе паказаныя нагавіцы блогера Vadimati і байка яго партнёра Дзяніса.

- Штаны прайшлі са мной турму і прыехалі на зону, дзе праляжалі на складзе. Дзяніс мяне чакаў, яго збілі, завялі крымінальную справу. Гэтыя нагавіцы я яму перадаў у ізалятар. Калі ён збягаў, то ў іх ён пералазіў праз плот на літоўскай мяжы. На іх яго кроў.


Павал Казанецкі і Аляксандр Мілінкевіч Павал Казанецкі і Аляксандр Мілінкевіч

З нагоды трохгоддзя польскі палітолаг Павал Казанецкі з Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра перадаў частку архіва, які ён доўгі час збіраў у Беларусі:

- Наша арганізацыя працуе з Беларуссю яшчэ з 90-х гадоў. Сёння для нас нагода, каб нагадаць, што беларускія дэмакратычныя сілы пачаліся не ў 2020 годзе, што беларускі пратэст мае на шмат большыя традыцыі. Таму сёння я з Аляксандрам Мілінкевічам падарыў частку сваёй калекцыі. Гэта дакументы, наклейкі, праграмныя дакументы выбарчых кампаніяў 2001 году. Як палітычных, так і грамадскіх арганізацый.

Цяпер у фондзе Музея Вольнай Беларусі больш за 250 экспанатаў.

ав

слухайце аўдыё