Прэпараваннем творчага ды інтэлектуальнага даробку пісьменніцы заняўся паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч напярэдадні новага беларускага выдання пяцітомніка беларускай Нобелеўскай лаўрэаткі.
Ва Уроцлаве працягваюцца публічныя лекцыі прысвечаныя беларускай літаратуры, якія ладзіць Уроцлаўскі дом літаратуры ў супрацы з Андрэем Хадановічам.
17 ліпеня прайшла трэцяя сустрэча, якая тычылася творчасці адной з найбольш вядомых беларускіх пісьменніц – Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Па словах Андрэя Хадановіча – гэта выбітная даследчыца феномену «чырвонага чалавека» або «Савецкай утопіі».
—Злыя языкі заўважаюць, што яна адзіная вядомая ў свеце беларуская пісьменніца, я ж скажу: самая вядомая і распазнавальная, і перакладаная на шматлікія мовы ды самая ўзнагароджаная прэміямі. Гэта ўсё Святлана Алексіевіч – журналістка, рэпарцёрка, інтэлектуалка. Аўтарка кананічнага пяцікніжжа, якое яна сама аб’ядноўвае з нейкага часу назвай «Галасы ўтопіі».
Ідзецца пра дакументальна-мастацкую хроніку «Галасы Утопіі» — пяць кніг, у якіх «маленькі чалавек» сам апавядае пра свой лёс, а праз яго аповеды паказваецца вялікая гісторыя існавання ды распаду Савецкага Саюза – дзяржавы, якая імкнулася пабудаваць утопію – камуністычны «рай на зямлі». Гэта раманы «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд хэнд». У гэтай хроніцы пісьменніца разважае пра феномен «чырвонага чалавека».
«Мы поўныя нянавісці ды забабонаў. Усё гэта адтуль, дзе быў ГУЛАГ і страшная вайна, калектывізацыя, раскулачванні, перасяленне народаў. Гэта быў сацыялізм. Дзяржава стала – космасам, замяніла людзям усё, нават уласнае жыццё. Увогуле мы ваенныя людзі. Або ваявалі, або рыхтаваліся да вайны. Ніколі не жылі інакш. Адсюль ваенная псіхалогія. Біў барабан, лунаў сцяг, - сэрца выскоквала з грудзей. Чалавек не заўважаў сваё рабства, нават любіў яго».
У звязку з гэтым прагучала пытанне да Андрэя Хадановіча, ці трэба кіравацца заклікам Аляксеевіч, каб забіць у сабе «чырвонага чалавека», і ці сама пісьменніца змагла гэта ўчыніць
Выступоўца падкрэсліў, што аўтарка адчула на сабе шмат з тых працэсаў, якія атаясамліваюцца з савецкасцю, адсюль такое моцнае ўздзеянне пакідаюць яе кнігі.
— Глыбіня і балючасць кніг і блізка не быў бы дасягнуты, калі б пісьменніца адчувала гэта ўсё толькі тэарытычна і на далёкай адлегласці. Безумоўна аўтарка здольная атаясамлівацца з кожным сваім суразмоўнікам і суразмоўніцай, і пэўныя працэсы адчувае ў сабе. Больш камфортна ёй адказваць пра раннія кнігі, яна гаворыць пра пэўную працу над памылкамі, пра адчуванне няёмкасці. Разам з тым, нядаўна яна казала, што менш радая, што па-ранейшаму самай папулярнай кнігай застаецца «У вайны не жаночы твар», асабліва ў звязку з тым, што робіць Пуцін і «рускі мір» у 2014-2022 гг.. Ёй бы суб’ектыўна хацелася б, каб з больш пільнай увагай чыталі «Цынкавых хлопчыкаў».
Што тычыцца Святланы Алексіевіч, напрыклад, у Польшчы не раз можна пачуць пытанне: чаму вядучая прадстаўніца беларускага інтэлектуальнага свету, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і пісьменніца дагэтуль размаўляе і піша па-руску і не спрабуе размаўляць па-беларуску? З пункту гледжання замежніка, у тым ліку паляка, гэта абсалютна незразумела і некаторых нават шакуе. На думку Андрэя Хадановіча Святлана Алексіевіч можа сабе дазволіць эксперымент па пісанні па-беларуску, і гэта было б вельмі цікава.
— Мой беларускі літаратурны і чытацкі інтарэс у тым, каб пісьменніца адгукалася на такія прапановы і часцей эксперыментавала са стыхіяй беларускай мовы. Мне здаецца, што яна можа сабе гэта дазволіць і вынік быў бы цікавы. Мы не мусім апраўдваць Нобелеўскую лаўрэатку, але ў апраўданне пісьменніцы я скажу, што руская мова – гэта тэрыторыя яе прафесійнай цікавасці. Можа быць, гэта зменіцца, калі яна тэматычна выйдзе кудысьці далёка па-за межы «чырвонага чалавека» і даследавання савецкай утопіі. Працоўная мова гэтага ж усяго – руская. Па-руску эксперыментавалі над людзьмі «інжынеры чалавечых душ», як іх называлі ў сталінскія часы, па-руску дачыняліся між сабой «афганцы», як бы мы да іх не ставіліся, і чарнобыльскія ліквідатары думаю размаўлялі з роднымі збольшага па-руску. Руская – гэта мова настальгіі па разваленым Савецкім Саюзе, мова герояў «Часу сэканд хэнд».
Жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» запланавала перавыданне па-беларуску пяці кніг хронікі «Галасы ўтопіі», якія перакладзе адна перакладчыца, першым павінен з’явіцца том «Час сэканд хэнд».
Юры Ліхтаровіч