Беларуская Служба

У выгнанні, але з місіяй. Як беларускія даследчыкі працягваюць працу за мяжой

30.07.2025 15:15
Пасля падзей 2020 года багата беларускіх навукоўцаў, асабліва гісторыкаў, вымушаны былі з’ехаць. У замежжы яны спрабуюць аднавіць працу і інтэгравацца ў сусветную навуку.
Аўдыё
  • Размова з беларускімі гісторыкамі (ЕГУ) Сцяпанам Захаркевічам і Ірынай Раманавай
.
.baj.media

Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі пасля 2020 года прымусілі шматлікіх беларускіх навукоўцаў пакінуць краіну. Многія з іх — пераважна прадстаўнікі гуманітарных навук, найперш гісторыкі — апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі. Каб працягваць прафесійна займацца даследаваннем беларускай гісторыі, неабходная афіляцыя з нейкай еўрапейскай навучальнай установай.

— Беларусы, на шчасце, маюць у Вільні ЕГУ, — гаворыць Ірына Раманава, якая была звольненая з Акадэміі навук у Мінску яшчэ ў 2012 годзе і менавіта там знайшла магчымасць працягваць працу як гісторык.

— Перад многімі з нас, — дадае Сцяпан Захаркевіч з таго ж універсітэта, — паўстала таксама пытанне змены тэмы даследаванняў або перагляду пэўных даследчых канцэпцый.

— Вялікая колькасць даследчыкаў, у тым ліку і гісторыкаў, была вымушаная выехаць з Беларусі, і ўсе мы апынуліся перад складанай праблемай: як далей працаваць, як выбіраць тэмы, з чым працаваць, бо гісторыя Беларусі значнай ступенню абапіралася на архіўныя матэрыялы, што захоўваюцца ў самой Беларусі. Таму для многіх узнікла неабходнасць змяняць ці трансфармаваць тэмы, пераасэнсоўваць даследчыя канцэпцыі, каб абапірацца на крыніцы, даступныя за мяжой, — кажа Захаркевіч. 

Аднак найважнейшым фактарам з'яўляецца інстытуцыянальная прыналежнасць. Усе даследчыкі так ці інакш імкнуцца знайсці ўніверсітэт, навуковы цэнтр або даследчы інстытут пры акадэміі навук, дзе можна працаваць, распрацоўваць тэмы, атрымліваць афіцыйныя дакументы для працы ў архівах, бібліятэках або ўдзелу ў канферэнцыях. І вось у Літве, у Вільні, ужо даўно працуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які канцэнтруе вакол сябе беларускіх даследчыкаў, выкладчыкаў, у тым ліку і гісторыкаў з Беларусі.

З мінулага года мы адкрылі асобную праграму па гісторыі, якая дазваляе збіраць вакол сябе даследчыкаў, што чытаюць аўтарскія курсы, фарміруюць навуковую сетку, супольнасць, якая генеруе новыя веды, стварае платформу для дыскусій. І цяпер нам гэта ўдаецца.

Мне падаецца вельмі важным, што ўніверсітэт з'яўляецца цэнтрам, платформай, якая дазваляе адчуць сябе больш упэўнена і стратэгічна планаваць сваю даследчую працу на будучыню. Гэта таксама эфектыўны спосаб адаптацыі да новай сітуацыі і ўключэння ў заходнюю акадэмічную навуку.

— Мы ведаем, што гэта не першая хваля масавых звальненняў. Памятаем гарадзенскіх гісторыкаў, якіх звальнялі масава. Памятаем, што ў Інстытуце гісторыі пастаянна звальнялі па два–тры чалавекі. Але менавіта 2020 год вельмі актуалізаваў гістарычную палітыку, і гісторыкі апынуліся на перадавой. Таму, магчыма, найбольшая колькасць звольненых аказалася менавіта сярод гісторыкаў. Я б нават сказала, што абсалютная большасць гісторыкаў, якія займаліся сур’ёзнымі, фундаментальнымі даследаваннямі, былі выкінутыя за межы, — перакананая Ірына Раманава.

Для ўсіх іх інтэграцыя аказалася вельмі няпростай з-за таго, што беларуская навука развівалася даволі ізалявана ад сусветнай. Калі навука Літвы, Польшчы або іншых краін арыентавалася на міжнародныя рэйтынгавыя выданні, то беларуская — на крытэрыі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Тым часам для замежнага навуковага свету гэта нерэлевантна. Таму, калі навукоўцы апынуліся за мяжой і склалі сваё CV, каб прэтэндаваць на акадэмічныя пазіцыі або стыпендыі ў заходнім свеце, высветлілася, што іх навуковыя біяграфіі не адпавядаюць міжнародным стандартам і не распазнаюцца.

Размову з гісторыкамі слухайце ў далучаным гукавым файле!

Яраслаў Іванюк