Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: гурт Feel прапануе паказаць, хто на што здольны

14.08.2025 14:44
Як расказваў вакаліст, яго не адразу задавальняў узровень музыкі, якую яны гралі на канцэртах.
     .
Вакаліст Пётр Купіха на Польскім радыё.Фота: W.Kusiński/Polskie Radio

Сёння я хачу пазнаёміць вас з папулярнай кампазіцыяй групы Feel, якая выступае на польскай сцэне ўжо дваццаць гадоў. Гурт заснаваў вакаліст Пётр Купіха, да яго далучыліся музыканты Лукаш Кожух, Міхал Новак і Міхал Апалінскі. Як расказваў сам Пётр, яго не адразу задавальняў узровень музыкі, якую яны гралі на канцэртах: «Пачатак нашага музычнага жыцця быў вар'яцтвам. Мы практычна ўвесь час гралі канцэрты, а якасці не было», — кажа вакаліст. А рэпертуар апошніх некалькіх гадоў, — гэта тое, пра што ён заўсёды марыў.

«Перш за ўсё, гаворка ідзе не пра вар'яцтва, не пра рок-н-рол, які быў усюды. Гаворка ідзе пра тое, каб быць цалкам свядомым чалавекам на сцэне, тым, хто выдатна кантактуе з публікай», — тлумачыць Пётр Купіха. Пры гэтым, гурт Feel атрымаў мноства музычных узнагарод, у тым ліку прэміі Fryderyk і Telekamery.

Крыху звестак з біяграфіі Пятра Купіхі. Нарадзіўся ў сакавіку 1979 года ў Катавіцах. Спявак, гітарыст, кампазітар і аўтар тэкстаў песень. У 2000 годзе стаў гітарыстам і вакалістам гурта Sami, з якім запісаў адзін альбом. З 2005 года — лідар і вакаліст гурта Feel, з якім выпусціў чатыры студыйныя альбомы. Неаднаразова ўдзельнічаў у Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі. Актыўна займаецца дабрачыннасцю. Быў удзельнікам некалькіх забаўляльных тэлепраграм і ўзяў удзел у агульнапольскай рэкламнай кампаніі аднаго з банкаў.

У 2011 годзе быў кіраўніком каманды-пераможцы ў першай версіі праграмы Bitwa na głosy (Бітва галасоў) на TVP; выйгрыш у памеры 100 тыс. злотых прызначыў на будаўніцтва хоспіса ў Катавіцах. Адмовіўся ад прапановы стаць трэнерам у праграме The Voice of Poland (голас Польшчы) і некалькі разоў казаў «не» ўдзелу ў шоу Taniec z gwiazdami (Танец з зоркамі).

Быў час, калі, бадай, больш, чым яго музыку, абмяркоўвалі асабістае жыццё Пятра. Ён развёўся са сваёй жонкай Агатай Фрэнсь, якая нарадзіла яму двух сыноў. А яшчэ да разводу пазнаёміўся з мадэллю Эвелінай Сяніцкай, у пары дзве дачкі.  

Пётр любіць хадзіць па гарах, у яго ёсць карта альпініста, з’яўляецца інструктарам гэтай актыўнасці. А з рэпертуару аўтарства Пятра Купіхі я выбрала кампазіцыю, якая называецца «No pokaż na co cię stać» (Ну, пакажы, на што ты здольны).

Możesz iść

Szybciej niż niejeden chciałby biec
A możesz mieć
Wszystko, czego, czego tylko chcesz
A każdą myśl
Zamień w pozytywne słowo
Słuchaj, słuchaj bo
Zabawnie tak
Oddychać przez różową słomkę
A cudownie tak
Rozmawiać bez niemiłych wspomnień
Każdy dzień
Mówi nam coraz więcej
Słuchaj,
Zaufaj sobie jeszcze raz

Pokaż na co cię stać
Ale nie jeden raz
Słuchaj, słuchaj, jaj jaj
Piękne słowa mówią wszystko
Lecz nie zmienią nic,
Nie zmienią nic
Nie zmienią nic
Haaaa! No, No, No
Możesz iść
A szybciej niż niejeden chciałby biec
Możesz tak,
A tak po prostu znów zapomnieć się
Nowy dzień
Zawsze daje nowe życie
Słuchaj,
Zaufaj sobie jeszcze raz

Ты можаш ісці хутчэй, чым многія хацелі б бегчы. Ты можаш мець усё, што толькі захочаш. А кожную думку ператвары ў пазітыўнае слова. Слухай, слухай, бо так весела дыхаць праз ружовую саломінку. І так цудоўна гаварыць без непрыемных успамінаў. Кожны дзень гаворыць нам усё больш. Слухай, давер сабе яшчэ раз.

Пакажы, на што ты здольны, але не адзін раз. Слухай, слухай. Прыгожыя словы гавораць усё. Але нічога не зменяць... Ты можаш ісці хутчэй, чым многія хацелі б бегчы. Ты можаш проста так зноў забыцца. Новы дзень заўсёды дае новае жыццё. Слухай, павер сабе яшчэ раз.

No pokaż na co cię stać – ну, пакажы, на што ты здольны. У даслоўным перакладзе выраз "stać mnie na to" перакладаем “я магу сабе гэта дазволіць”, калі гаворка ідзе пра нейкую матэрыяльную рэч. Але ў пераносным сэнсе гэта азначае “я нешта магу, я здольны” вырашыць нейкую складаную задачу.

Часціца no выконвае функцыю эмацыйнага падкрэслівання, яна падобная на беларускае ну. Я хачу яшчэ звярнуць увагу на пэўную канструкцыю, якая адсутнічае ў польскай мове, але ёсць у расійскай. Гэта сказ “да нет, да нет же”. Палякі маглі б моцна здзівіцца, калі б вы сказалі “tak nie”. У гэтым значэнні трэба казаць "ależ nie".

Zabawnie tak oddychać przez różową słomkę – забаўна (або весела) дыхаць праз ружовую саломінку. Тут, відаць, аўтар мае на ўвазе аптымістычнае стаўленне да жыцця, намаганні забыць усё дрэннае, што было ў жыцці і з верай глядзець у будучае.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы