Беларуская Служба

Першы беларускі кніжны фестываль пройдзе ў Познані

09.09.2025 11:07
На працягу тыдня ў горадзе будуць адбывацца шматлікія кніжныя мерапрыемствы.
Аўдыё
  • Першы беларускі кніжны фестываль пройдзе ў Познані
Дырэктарка беларускага фонду «Кут» Вольга СтрыжнёваФота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Беларускі фонд “Кут” упершыню праводзіць у Познані кніжны фестываль. Плануецца, што на працягу тыдня ў горадзе будуць адбывацца шматлікія кніжныя мерапрыемствы. Пра гэта і іншае наш карэспандэнт гутарыць з дырэктаркай “Кута” Вольгай Стрыжнёвай.

— Вольга, кніжны фестываль – гэта нешта новае ў эмігранцкім асяроддзі. Распавядзі, калі ласка, што ён сабой будзе ўяўляць і адкуль наогул узялася такая ідэя?

— Кніжны фестываль прыйшоў да нас праз кам’юніці, праз тое, што мы пазнаёміліся з Ігарам Івановым з выдавецтва “Скарына” – гэта была яго ідэя. На нашым фестывалі, праўда, не будзе аўтараў з Познані, але фестываль ствараецца дзеля таго, каб была нагода паразмаўляць пра кнігу, падыскутаваць. Мне здаецца, што ўсё, што робіць “Кут”, гэта больш пра кам’юніці, пра стварэнне бяспечнай прасторы, каб абменьвацца думкамі. Фестываль – чарговая нагода, каб зразумець, вакол чаго збіраюцца беларусы ў эміграцыі.

— Як выглядае праграма фестывалю, што плануецца?

— Адпачатку мы хацелі як мага больш увагі надаць маладым аўтарам, якія апублікавалі свае першыя кнігі. І нават арыентаваліся на трохі нетыповыя тэмы, паколькі ў Познані адбываецца фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. У нас на фестывалі будуць не толькі звычайныя панэлі, дзе будуць прадстаўлены кнігі і іх аўтары, мы робім спробу спалучыць розныя дзеянні вакол тэмаў, якія будуць агучаныя. Напрыклад, будзем падымаць праблемы, звязаныя з культурнай спадчынай, і абмяркоўваць іх. Так плануецца аздабляць сцены “Кута” архіўнымі здымкамі міжваеннага Брэста і ў той самы час абмяркоўваць гэтую сур’ёзную тэму непасрэдна падчас працы. Так, каб гэта было актыўна і магчыма выклікала нейкія новыя думкі ва ўдзельнікаў.
Нам таксама цікава, хто прыйдзе на прэзентацыю кнігі Арцёма Сізінцава пра футбол у Оршы, паколькі мерапрыемства плануецца правесці ў футбольным пабе. Кожная кропка нашай праграмы будзе па-асабліваму прадстаўлена.

— Хто з аўтараў кніг мае быць на фестывалі?

— На фестывалі я буду адказваць за дзяцей і правяду варштат для іх. Сцяпан Стурэйка прадставіць свае публікацыі па тэме культурнай спадчыны. Аліна Сільвесцюк будзе прадстаўляць “Белую кнігу”, такі дапаможнік па псіхалагічным аднаўленні пасля нашых перажытых падзей 2020 года. Святлана Бень, якая ўжо неаднойчы гасціла ў Познані, распавядзе пра дзіцячую кнігу, а таксама пра свае зборнікі вершаў, прачытае новыя вершы. Плануецца, што гэта будзе вечар-канцэрт з вершамі, песнямі і аповедамі пра кнігі. Арцём Сізінцаў прадставіць сваю кнігу пра футбол. Алесь Белы прадставіць свае кулінарныя кнігі пра беларускую кухню, і мы спадзяёмся, што ў нас гэта атрымаецца незвычайна, але пакуль пра ўсё не распавяду. І “Літараноты” – гэта праект, які мы прадстаўляем у супрацоўніцтве з фестывалем інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Тут будзе шмат імправізацый, вершаў, музыкі, цэлае прадстаўленне.

— А хто з вядомых беларускіх аўтараў будзе на фестывалі, кшталту Бахарэвіча, Філіпенкі…

— Мы з вядомых аўтараў нікога не запрашалі. Я лічу, што вельмі важна запрашаць малавядомых аўтараў, паколькі нашы вядомыя аўтары маюць пляцоўкі для сустрэч з чытачамі, а варта даваць голас тым, хто толькі робіць першыя крокі ў літаратуры. Мэта нашага фестывалю – натхніць людзей, каб яны чыталі, каб хаця б гарталі кнігі. Я б, напрыклад, не хацела дзяліць людзей на тых, хто чытае і не чытае. Цяпер вельмі складаныя для ўсіх нас часы, і калі раней кніга была часткай нашага кожнага дня, то цяпер многія не чытаюць і, напэўна, маюць для гэтага прычыны. Таму будзе магчымасць пацікавіцца кніжкамі, калі не кніжкамі, то карцінкамі ў іх, альбо проста падтрымаць кніжку ў руках і паглядзець аўтару ў вочы.
Мы, шчыра кажучы, не спадзяваліся, што расцягнем фестываль на цэлы тыдзень, бо спачатку планавалі свята аднаго дня, але колькасць гасцей спантанічна вырасла. Для нас гэта таксама цікава, бо гэта першая спроба зрабіць такі фестываль. І я лічу: галоўнае – стварыць атмасферу фестывалю, калі хочацца купляць кнігі, чытаць і абмяркоўваць.

Нагадаю толькі, што кніжны фестываль у Познані адбудзецца з 19 па 26 верасня.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы