11 верасня ў Музеі Двух народаў, які знаходзіцца ў ратушы ў Бельску Падляскім на Беласточчыне, пройдзе вернісаж выставы «Строй» Кацярыны Ваданосавай, дзе можна будзе ўбачыць рэканструкцыі гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў.
Усе строі выкананыя ўручную. На стварэнне такога адзення сыходзяць месяцы і нават гады працы. Строі з выставы – гэта не толькі мастацкія творы, але і вынік навуковага даследавання. Яны зробленыя з выкарыстаннем аўтэнтычных тэхналогій, такіх, як вышыўка, ткацтва, шыццё, крой, вязанне і пляценне. Усе элементы адзення і аксесуары зробленыя паводле гістарычных крыніц.
Гэта ўжо чацвёртая выстава строяў, але экспазіцыя пашыраецца. Ранейшыя 14 рэканструкцый строяў ад ХІ стагоддзя да пачатку XX папоўняць новыя, якія ніколі не дэманстраваліся публічна.
– Кацярына, гэта будзе крыху іншая выстава ў параўнанні з тымі, якія прайшлі ў Цеханоўцы, Беластоку і Варшаве. Чым яна адрозніваецца?
– Яна будзе дапоўненая. Цягам апошняга года я пашыла восем новых строяў, але на выставе будзе прадстаўлена пяць з іх. Гэта будуць чатыры гістарычныя строі і адзін традыцыйны. Раскажам пра іх у храналагічным парадку.
Першы – строй заможнай жыхаркі вясковай мясцовасці на Полаччыне XII стагоддзя. Гэта рэканструкцыя паводле археалагічных крыніц. Асноўная крыніца – раскопкі курганнага могільніка ў Лісне, Верхнядзвінскі раён.
Другі – строй заможнай шляхцянкі пачатку XVII стагоддзя: з каўнерам-карызай і каптуром на жалезным каркасе.
Трэці строй – самы дарагі і па высілках, і па матэрыялах. Гэта магнацкі, шляхецкі строй другой паловы XVII стагоддзя, цалкам шаўковы. Калі ўявіць сабе, напрыклад, фільм «Тры мушкецёры» і вобраз нейкай міледзі, дык гэта якраз тая эпоха, хоць у маім выпадку крыху пазней. Каркас, гарсэт цалкам з фішбінамі – вельмі складаная праца. На адзін толькі шоўк у мяне пайшло некалькі месячных заробкаў.
Чацвёрты – мужчынскі строй паўстанца 1863 года: чамара, рагатыўка, нават нагавіцы і кашуля «гарыбальдзінка».
Пяты – традыцыйны строй Панямонскага рэгіёна.
- Рэканструкцыя традыцыйных строяў хоць і няпростая праца, але ўсё ж прасцейшая, чым аднаўленне строяў XII стагоддзя. Вы працуеце на падставе археалагічных раскопак, бо поўны строй не захаваўся...
- Безумоўна. Мы можам будаваць толькі сваім розумам, досведам нейкі воблік, кіруючыся археалагічнымі крыніцамі, а іх захавалася не шмат. Часцей за ўсё застаюцца толькі неарганічныя матэрыялы. Бывае нават камічна: напрыклад, знаходзім металічную фібулу, якая кансервуе кавалачак тканіны ў два на два сантыметры. Па структуры нітак, па швах мы ўжо можам аднавіць больш-менш цэлы прадмет адзення. Гэта вельмі карпатлівая праца.
Канечне, мы не можам аднавіць канкрэтнага вобразу канкрэтнай жанчыны з канкрэтнага кургана. Гэта заўсёды зборны вобраз, складзены паводле знаходак. Напрыклад, сярэбраныя скроневыя кольцы – вельмі распаўсюджаная знаходка на тэрыторыі рассялення крывічоў. Гэта этнаграфічны маркер, таму іх можна смела выкарыстоўваць. Таксама да кашулі з Лісны я дадала панёву, бо ў гэтым рэгіёне знаходзілі так званыя ажурныя тканіны – хаця на самой справе гэта проста клеткавае ткацтва двума відамі нітак, з якіх адна часта згніла, а другая захавалася.
Асаблівай маёй гордасцю ў гэтым строі з’яўляецца валаснік – шапачка з бярозавай кары, абцягнутай ільняной тканінай, афарбаванай уручную, візантыйскім шоўкам «лампас». Я абшывала яе касцянымі і бронзавымі пацеркамі, якія сама прасвідроўвала, а зверху дадала залататканую стужку. Гэта вельмі карпатлівы працэс: сапраўднае золата, валачонае ў нітку, ручное ткацтва. Канструкцыя складаная, але вынік уражвае.
З Кацярынай Ваданосавай размаўляў Яраслаў Іванюк.
слухайце аўдыёфайл
здымкі: строі Кацярыны Ваданосавай з выставы, якая прайшла ў польскім гарадку Цехановец Падляскага ваяводства ў верасні 2024 года. Фота аўтара