«Urząd Przyjemności» – гэта найноўшая пастаноўка адной з самых смелых тэатральных груп свету – Беларускага свабоднага тэатра. Група, вымушаная пакінуць Беларусь па палітычных прычынах пасля падзей 2020 года, цяпер працуе ў выгнанні ў Польшчы. Іх творчасць стала голасам тых, каго яе пазбавілі, а тэатр стаў прасторай свабоды, якая не ведае межаў.
Прэм’ера спектаклю, якая адбудзецца 20 верасня ў Варшаве, прымеркаваная да 20-годдзя Беларускага свабоднага тэатра, адначасова будзе новым пачаткам яго дзейнасці ў Польшчы.
З нагоды прэм'еры мы паразмаўлялі з рэжысёркай і акторкай Юліяй Шаўчук і Раманам Шыцько, драматургам, акторам, другім рэжысёрам.
Юлія: Усё пачалося з трэка беларускага коміка Пана Савяна «Miasto miłości». І там ёсць такая рыфма: Jestem prezydentem miasta miłości, spotkamy się niedługo w urzędzie przyjemności. Nie ma tam kolejek, każdy tam jest numerem 1. Мне гэта спадабалася, бо гэта неспалучальная рэч: urząd і прыемнасць. Так мы і пачалі працу.
Рома: Першапачаткова ідэяй Юлі было зрабіць спектакль пра гісторыі эмігрантаў, узяць за аснову дакументальныя гісторыі, і мы пачыналі з гэтага, але потым прыйшлі да таго, што, прынамсі, у мяне ў галаве так склалася, што вельмі шмат ужо, скажам, гісторый рэальных паказана, такіх дакументальных спектакляў. І мы вырашылі адысці ад дакументалістыкі і выйсці на буйнейшы нейкі мастацкі маштаб, каб гэта было не толькі аб «ужондах». Пачынаць з іх, а потым перайсці ўжо да больш глабальных тэм.
Юлія: Праблема легалізацыі – гэта не толькі польская гісторыя, так ва ўсім свеце. Дзе б ты не знаходзіўся, легалізавацца ўсё цяжэй. І гэта не пра кепскіх палякаў, а пра праблему ва ўсім свеце. Яна тычыцца не толькі беларусаў, але ўсіх. Цікава паразважаць пра гэтую глабальную праблему. Гэта праблема сістэмы, не працаўнікоў. Атрымалася абсурдная трагікамедыя, апакаліпсіс.
У нас цяпер невялікая каманда, але да 20-годдзя мы сабралі людзей, якія працавалі ў Свабодным тэатры. Яны прынялі ўдзел у знятым відэа, якое будуць паказваць на выдуманым Syrenka TV. Мы хацелі ўспомніць усіх, хто працаваў.
Спектакль будзе пераважна на польскай мове, таксама на беларускай, крыху ўкраінская, руская, ангельская і нават японская.
Рома: Калі я пісаў гэта, то ў мяне была ідэя зрабіць так, каб кожны персанаж размаўляў на той мове, якая яго родная мова, і таму гэта такі, як сімвал нацыянальнасці. Калі персанаж паляк, ён толькі па-польску размаўляе, але ён разумее, там, рускую мову, беларускую. І гэтак далей.
Не менш інтрыгуючым з’яўляецца месца правядзення спектаклю. Skłot Syrena на вуліцы Вільча 30 у Варшаве.
Рома: Вельмі важна было ўзяць менавіта месца, якое, скажам, нязручнае, як для акцёраў, таму што там даволі так цікава, цікавая атмасфера, абстаноўка, таксама магчыма нязручная для некаторых уладаў… Гэта цалкам такі выклік для нас. У Беларусі мы гулялі ў гаражы, у які да нас часцяком прыходзіла міліцыі, затрымлівалі нас разам з гледачамі, і ўвогуле мы ўвесь час знаходзіліся пад ціскам. Таму часам нават вось зараз на рэпетыцыях я адчуваю вось гэты беларускі флёр, крышку з-за таго, што такое месца.
Юлія: Месца цудоўнае. Гэта так лёс склаўся. Я адчуваю, што спектакль неабходны тут і цяпер. Калі я яго пабачыла, то падумала, што тут абавязкова трэба нешта рабіць. «Urząd Przyjemności» туды ўвайшоў ідэальна. Быццам бы месца патрабавала нашай прысутнасці.
Квіткоў на прэм’еру ўжо няма. Але адбудзецца яшчэ некалькі паказаў – 21 верасня, 4 кастрычніка, 5 кастрычніка, 11 кастрычніка.
Днём раней, 19 верасня а 19:00, у прасторы Beer Station (ul. Cynamonowa 7, Варшава, Урсынув) пройдзе паказ дакументальнага фільма «Цэнтральны». Купляючы білет у «Urząd Przyjemności», вы атрымаеце спецыяльнае запрашэнне на закрыты паказ фільма «Цэнтральны» (19 верасня). Гэты фільм, афіцыйна забаронены беларускімі ўладамі, распавядае гісторыю легендарнага ўнівермага ў Мінску – месца, якое было сэрцам паўсядзённага жыцця. Сёння фільм зʼяўляецца сведчаннем свету, якога больш не існуе.
ав/фота: прэс-матэрыялы
слухайце аўдыё