Беларуская Служба

Мірослаў Янковяк: У Латгаліі амаль не засталося носьбітаў беларускіх гаворак

09.10.2025 16:01
Выйшла кніга польскага дыялектолага Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Янковяк пра беларускія дыялекты ў Латгаліі.

Паўднёва-ўсходняя Латвія — Латгалія — рэгіён, дзе суіснуюць розныя мовы: латгальская, латышская, руская, польская. Нядаўна да гэтага пераліку можна было дадаць і мясцовыя беларускія дыялекты. Але цяпер яны застаюцца, бадай, толькі на старонках прац польскага дыялектолага Мірослава Янковяка.

Сёлета ў Празе, дзе польскі вучоны, у тым ліку, працуе, выйшла яго кніга Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego («Беларускія гаворкі ў Латвіі як прыклад лексічнай спадчыны балтыйска-славянскага пагранічча»).

— Што датычыць беларускіх гаворак, то цяпер цяжка сказаць, ці існуе які-небудзь адзін рэгіён, дзе іх носьбіты пераважаюць. Раней гэта быў перш за ўсё Краслаўскі раён, дзясяткі гадоў таму — ваколіцы Зілупэ. Аднак цяпер ужо адбылася моцная русіфікацыя, і самыя старыя носьбіты беларускіх гаворак, на жаль, сыходзяць з жыцця. Таму можна сказаць, што гэта ўжо, па сутнасці, адзінкавыя людзі, якія жывуць дзесьці ў нейкай вёсцы ці на хутары. Беларускія гаворкі, на жаль, больш не маюць кампактнай тэрыторыі распаўсюджання.

Мірослаў Янковяк, магчыма, апошні сведка, які чуў у Латгаліі аўтэнтычную беларускую мову. Нашчадкі яе носьбітаў цяпер часцей размаўляюць па-руску.

— Калі больш за 20 гадоў таму я пачынаў свае даследаванні ў гэтым рэгіёне, то быў большым аптымістам. Мне здавалася, што беларускія гаворкі ў Латвіі будуць функцыянаваць яшчэ доўгія гады. Тым часам ужо даследаванні, якія я праводзіў у 2018–2019 гадах, а потым пасля пандэміі COVID-19, паказалі, што амаль не засталося людзей, якія штодзённа карыстаюцца гэтымі гаворкамі. Гэта пераважна людзі, народжаныя ў 1920-х — 1940-х гадах. Маладое пакаленне ўжо размаўляе па-руску, магчыма, з адзінкавымі элементамі беларускіх гаворак. Для мяне стала ясна, што ў нашы дні я не толькі першы, але і — на жаль — апошні даследчык гэтых дыялектаў, які меў рэальны шанс іх зафіксаваць. Калі хто-небудзь захоча ў бліжэйшыя гады правесці падобныя даследаванні, проста не знойдзе каго запісаць. Не будзе рэспандэнтаў, якія выкарыстоўваюць гэтыя гаворкі ў паўсядзённым жыцці.

Манаграфія Мірослава Янковяка Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego з’яўляецца ўжо трэцяй у серыі запланаваных кніг, прысвечаных беларускім гаворкам і іх узаемадзеянню з іншымі мовамі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі.

— Лексіка беларускіх гаворак у Латвіі прадстаўлена мною ў кантэксце балтыйска-славянскіх кантактаў, г. зн. на шырокім моўным і культурным фоне. На працягу апошніх 20 гадоў я сістэматычна апрацоўваў і расшыфроўваў сабраныя тэксты, праслухоўваў запісы — і менавіта дзякуючы гэтаму змагла з’явіцца гэта манаграфія. Я таксама хацеў бы ў будучыні падрыхтаваць яшчэ дзве працы, якія завершаць увесь цыкл даследаванняў беларускіх гаворак у Латвіі. Першая з іх — гэта атлас беларускіх гаворак гэтага рэгіёна, другая — слоўнік беларускіх гаворак у Латвіі. Я хацеў бы, каб гэта быў поўны слоўнік, бо ўжо не будзе магчымасці зрабіць новыя запісы. Таму неабходна паказаць увесь лексічны пласт — не толькі тыя словы, якія адрозніваюцца ад беларускай літаратурнай мовы ці іншых дыялектаў, але ўвесь моўны рэсурс.


Мірослаў Янковяк. Мірослаў Янковяк.

Мірослаў Янковяк пачынаў даследаваць гэты рэгіён як паланіст. Значную частку новай кнігі даследчыка складае слоўнік паланізмаў, якія сустракаюцца ў беларускіх гаворках на тэрыторыі Латгаліі.

Як у беларускамоўнага, так і польскамоўнага, а цяпер ужо і часткова рукамоўнага насельніцтва ёсць адна агульная рыса. Тыя, хто з'яўляецца католікам, нягледзячы на мову, называе сябе ў гэтым рэгіёне часта палякам. Але пра тое, што карэннае насельніцтва ўсё ж балтыйскае, г. зн. роднаснае латышам, латгальцам і суседнім літоўцам, сведчыць наяўнасць у іх гаворцы слоў балтыйскага паходжання. Гэта лексіка таксама прадстаўлена ў кнізе Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego.

— Балтызмы прысутнічаюць у гаворках гэтага пагранічча здаўна. У большасці выпадкаў яны ўспрымаюцца мясцовым насельніцтвам як «свае» словы. Балтызмы, асабліва літуанізмы, — звычайна гэта назвы раслін, жывёл, элементаў традыцыйнага сельскай гаспадаркі, а таксама характарыстык чалавека (часцей за ўсё — з негатыўным адценнем). Словы латышскага паходжання — летызмы — у асноўным звязаны з бюракратычнай сферай, а таксама гэта геаграфічныя назвы і назвы прафесій. Роля латышскай мовы асабліва ўзрасла пасля 1991 года, калі Латвія зноў атрымала незалежнасць. З таго часу латышская ўсё больш актыўна функцыянуе як дзяржаўная мова, і мясцовае насельніцтва сутыкаецца з ёй у паўсядзённым жыцці. Апошнюю групу ўмоўных «запазычанняў» складаюць латгалізмы. Гэта адносна невялікая група, якая ў значнай ступені звязана са сферай рэлігіі, бо латгальская мова з’яўляецца адной з моў, што выкарыстоўваюцца ў Каталіцкай царкве на гэтай тэрыторыі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палякі, літоўцы і беларусы разам даследуюць спадчыну ВКЛ

07.03.2025 16:02
У пасольстве Літвы ў Польшчы адбылася дыскусія пра мастацтва і мовы Вялікага Княства Літоўскага. 

Мірослаў Янковяк: У Беларусі няма польскіх школ, а ў Літве з беларускай пераходзяць на польскую мову

29.05.2025 15:13
На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай засталіся сляды польскай прысутнасці, але не паўсюль гучыць польская мова.