Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» сёлета праходзіць у чатырох еўрапейскіх гарадах: Вільні, Празе, Познані і Варшаве. З 7 па 9 лістапада фестываль адбыўся ў Познані.
У кожным горадзе праграма «Прадмовы» розная
Фестываль «Прадмова» стаў ужо традыцыйным месцам сустрэчы выдаўцоў, аўтараў, перакладчыкаў, мастакоў, дызайнераў, даследчыкаў, музыкаў, тэатральных творцаў і, вядома, чытачоў.
У праграме — прэзентацыі кніг, дыскусіі, літаратурныя чытанні, канцэрты, перформансы, аўтограф-сесіі, майстар-класы і мноства іншых фарматаў, прысвечаных вольнаму мысленню, творчасці і культурнаму выказванню.
У Познані праграма фестывалю ўразіла шырокім спектрам мерапрыемстваў, якія ладзіліся на шасці розных пляцоўках. Цікаўлюся ў выканаўчай дырэктаркі фестывалю Ліліі Ільюшынай, як ім удалося арганізаваць такую шырокую праграму. Прычым у кожным горадзе, дзе ладзіцца фестываль, праграмы розняцца.
— Дзякуй, што вы гэта заўважылі. Нам і самім гэта вельмі падабаецца. І тут, насамрэч, складаецца вельмі шмат фактараў, і не магу сказаць, што існуе нейкі канкрэтны прынцып. Ёсць імпрэзы па заяўках — тыя, якія адбываюцца ў канкрэтным горадзе. І мы ставілі за мэту, каб кожная праграма была максімальна ўнікальнай. Познань сёлета пакуль перасягае ўсе астатнія, таму што такой колькасці пляцовак, такой разнастайнасці няма больш нідзе. Я думаю, Познань пераб’е нават Варшаву.
Паўстае лагічнае пытанне: адкуль у замежжы столькі таленавітых беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і іншых творчых людзей? Спадарыня Лілія адказвае з усмешкай:
— Вы бачыце, якая багатая беларуская зямля. Сапраўды, столькі паэтаў, як у Беларусі, цяжка дзе-небудзь знайсці. Ды і год быў урадлівы — вельмі шмат кніг выйшла, музычных альбомаў, шмат тэатральных імпрэз.
Вельмі важна, што кніжны абмен адбываецца паміж беларусамі
Яшчэ адзін з арганізатараў фестывалю, Павел Баркоўскі, распавядае, што адбылося на папярэдніх «Прадмовах» у Вільні і Празе.
— У кожным горадзе свая атмасфера, свая публіка, свае ўнікальныя фестывалі. Прага была такая інтэлектуальная — там было шмат разумных дыскусій. Вільня — больш метафізічная, узнёслая. А Познань, ужо бачна, вельмі творчая, паэтычная, і яна пачынаецца і будзе заканчвацца канцэртамі. Акрамя таго, мерапрыемства прыпала на такія даты, калі мы асэнсоўваем падзеі рэвалюцыі, савецкіх часоў, і таму дыскусіі з гэтым звязаныя. Ну і на «Прадмове» заўсёды адбываюцца сустрэчы з аўтарамі, з кнігамі, з новымі імёнамі. Вельмі важна, што на такіх фарматах можна сустрэцца з новай беларускай кнігай, і нашы слухачы прыходзяць менавіта для таго, каб паслухаць аўтараў, набыць новыя кнігі. І гэта вельмі істотна — што кніжны абмен адбываецца паміж беларусамі.
Важна, што з’яўляюцца маладыя таленавітыя аўтары
Цікаўлюся ў спадара Паўла, што ён асабіста думае пра новую беларускую літаратуру і пра новых аўтараў, якія з’явіліся ў эміграцыі.
— Гэта вельмі розныя аўтары, якія па-свойму асэнсоўваюць тыя сітуацыі, у якія мы ўсе трапілі. Асэнсоўваюць тое, што адбылося ў 2020 годзе, як гэта паўплывала на грамадства і іх пакаленне. Яны пераасэнсоўваюць досвед эміграцыі, які часта для іх, з аднаго боку, авантурны, а з другога — прасякнуты настальгіяй па радзіме. Гэта такое пакаленне, пра якое сапраўды праз дзесяць гадоў мы будзем узгадваць як пра самае цікавае і адметнае ў беларускай літаратуры. Пакаленне, якое зусім па-іншаму піша вершы і прозу.
Паводле майго суразмоўцы, вельмі важна, што ў нашай літаратуры з’яўляецца новая змена паэтаў, празаікаў, драматургаў.
— Важна, што ў нас з’яўляюцца маладыя аўтары, бо гэта сведчыць, што беларуская літаратура жывая. Бо было б вельмі сумна, калі б засталіся толькі сталейшыя класікі, а новай літаратуры ніхто б не пісаў і не чытаў. Відаць, што ў нас ёсць маладыя таленавітыя паэты, дваццацігадовыя, якія толькі што прыйшлі ў літаратуру. І бачна, што яны ўжо інакш гуляюць з традыцыяй, пішуць тэксты, прасякнутыя не толькі папярэднімі беларускімі сюжэтамі. Яны рэагуюць і на больш шырокі кантэкст. У іх з’яўляецца і польскі кантэкст, і літоўскі, і чэшскі, бо гарызонт пашырыўся. І гэта важная трансфармацыя, бо Беларусь, якая доўгі час заставалася ўнутры сябе, цяпер нібыта выбухнула. І мы, як той яўрэйскі народ у свой час, раскіданыя па свеце, вымушаныя адкрывацца яму, а з іншага боку — убіраць у сябе тое, што раней, магчыма, не ведалі ці не чулі.
Павел ЗАЛЕСКІ