Беларуская Служба

Беларускія і польскія мастакі ўзводзілі «масты культуры», працуючы ў рамках спецыяльнага праекту

01.12.2025 19:31
Некаторыя беларускія ўдзельнікі праекту прасілі не называюць іх прозвішча і не паказваць твараў на здымках.
Аўдыё
 :  ,  ,  ,  ,     .
Злева направа: Катрына Садрак, Марэк Заёнц, Сяржук Доўгушаў, Андрэй Духоўнікаў, Яраслаў Кірвель і Лена Скарус.Фота: БСПР / Наталля Грышкевіч

«Масты культуры» — так называецца невялікая выстава ў Варшаве, якая стала вынікам супольнай працы беларускіх і польскіх мастакоў на спецыяльным пленэры ў Польшчы. Мастакі на працягу тыдня працавалі над сваімі творамі, абмяркоўвалі агульныя тэмы і новыя мастацкія падыходы. На выставе прадстаўлены працы, створаныя ў гэтай творчай атмасферы.

Куратар праекту Андрэй Духоўнікаў адзначыў сваё вельмі пазітыўнае стаўленне да Польшчы і яе жыхароў. З некаторымі палякамі ў яго шчырае сяброўства. І заўважыў, што кантакты паміж беларусамі і мясцовымі жыхарамі на эміграцыі абмежаваныя. А пленэр – добрая нагода, каб гэта змяніць.  

– Я з 2012 года езджу ў Польшчу на пленэры, і ў мяне вельмі цёплае стаўленне да жыхароў краіны. Мой любімы горад – Седльцы, дзе жывуць нашы сябры. У кожнай краіне для мяне самае галоўнае – людзі. А гэты пленэр асаблівы. Я жыву ў Сербіі і бачу, што расійскамоўныя творчыя людзі жывуць як у гета, не кантактуюць з сербамі. У Польшчы падобная праблема, я спрабаваў удзельнічаць у некалькіх праектах, яны ўсе былі закрытыя. А паколькі ў мяне шмат знаёмых польскіх артыстаў, я расказаў пра гэта Катрыне і Караліне. Кася сказала: “Мы прыедзем”. Ідэя была простай – тры беларускія і тры польскія мастакі, і тыдзень сумеснай працы ў Варшаве.  


Карціна Андрэя Духоўнікава "Чырвоны дом". Карціна Андрэя Духоўнікава "Чырвоны дом".

З польскага боку ў праекце ўдзельнічалі, між іншым, выкладчыкі, дактары ў галіне мастацкіх навук: Катрына Садрак (Katrina Sadrak) і Марэк Заёнц (Marek Zając).

Катрына Садрак: Я падарыла ў калекцыю карціну, якая была намаляваная ў гэтым годзе, хаця і не падчас пленэру, паколькі ў мяне праца ў ВНУ, я не змагала прысвяціць шмат часу на пленэр. Я хацела перадаць у калекцыю нейкую вельмі добрую работу, якая значна павысіць яе каштоўнасць. А за такі кароткі час мне не ўдалося б стварыць такую грунтоўную карціну. Але для мяне вялізнай каштоўнасцю была праца з Андрэем Духоўнікавым, паколькі мы плануем чарговыя выставы, між іншым, прысвечаныя творчасці Казіміра Малевіча ды агулам мастакоў з Беларусі, якіх мы вельмі моцна падтрымліваем.

Марэк Заёнц: Мяне цешыць, што я мог дапамагчы не толькі праз свае карціны, але таксама праз арганізацыю гэтай падзеі. Хаця б прапануючы гэтае месца, якое належыць мастацкай асацыяцыі “Фронт мастацтва”, да якой я належу. Самае каштоўнае тое, што паміж намі няма межаў, затое ёсць моцная сувязь, дзякуючы якой знікаюць нават моўныя бар’еры. Гэта адбываецца ў выніку энергіі, якой абменьваюцца людзі. Мяне цешыць, што геапалітыка ў гэтым месцы не існуе. Нас спрабуюць штучна падзяліць, але на самой справе паміж людзьмі няма падзелаў, і гэта бачна ў мастацтве, у кантактах, у нашых вачах. Калі мы глядзім адзін аднаму ў вочы – падзелаў няма.

Некаторыя беларускія ўдзельнікі праекту папрасілі мяне не называюць іх па імені і прозвішчы і не паказваць твараў на здымках, паколькі яны маюць сумненні, наколькі гэта бяспечна, калі яны жывуць у Беларусі або ездзяць у краіну. А вось Яраслаў Кірвель працаваў асобна ад іншых творцаў, паколькі, як ён сам тлумачыць, яму патрэбныя асбалівыя ўмовы працы.

– Я толькі хацеў рэалізаваць некалькі сваіх эскізаў. У выніку, як гэта бывае ў жыцці – калі ў цябе мінімальная колькасць чаканняў, ты атрымліваеш вялікую колькасць задавальнення. Я адчуваў творчую зараджанасць, але працаваў асобна ад групы мастакоў. Яны малявалі ў сваім тэмпе, я – у сваім. Мне патрабавалася вялікая прастора і гучная музыка, што перашкаджала б нашым аўтарытэтным мастакам і мастачкам. Мне трэба было адрэзацца ад рэчаіснасці і ўвайсці ў сваю рэчаіснасць.  

Заснавальнік і кіраўнік арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» Сяржук Доўгушаў распавёў, што праект быў фінансаваны са сродкаў горада Варшавы і фундацыі Inna Przestrzeń (Іншая прастора). Грант быў выдзелены вельмі хутка, таму і праца пачалася неадкладна. Мастакі атрымалі вольную прастору для дзейнасці, не было зададзена нейкай канкрэтнай тэмы карцін.

 Галоўнай ідэяй было, каб мастакі праявілі сябе. Мастакі таксама знаёміліся і дзяліліся сваім перажываннем і пражываннем. Удзельнічалі мастакі, якія сабой ужо нешта ўяўляюць, можна казаць, - глыбы. Я адчуваю, што гэта толькі пачатак, будзе працяг. Хацелася б верыць, што такія пленэры будуць адбывацца ў год па некалькі разоў, і не толькі ў Польшчы. Галоўнае – нарадзіліся новыя творы мастацтва.        


Карціна ўдзельніка пленэру. Карціна ўдзельніка пленэру.

Госць вернісажу, краязнаўца Алесь Юркойць адзначыў, што агульная эмоцыя, якая аб’ядноўвае ўсе карціны, створаныя падчас пленэру, – гэта шчырасць. Таксама ўва ўсіх багатая гама колераў. 

 Польскія і беларускія мастакі жывуць асобна, у сваёй ізаляванай прасторы. І добра, што гэты пленэр можа стаць адчыненым акном у нейкую светлую, яркую прастору. Усе работы светлыя, з насычанай каларыстычнай гамай. Мне падабаецца каларыстыка Андрэя Духоўнікава, яна больш стрыманая, але ў ёй вітае дух Віцебска, там адчуваеш шагала. Канешне, у яго свой почырк, абсалютна непаўторны, але гэты подых віцебскага паветра натхняе і пакідае свой след у душы кожнага мастака.   

Карціны, напісаныя падчас мастацкага праекту “Масты культуры”, папоўняць фонд Музею творцаў. Як адзначыў Андрэй Духоўнікаў, магчыма, калісьці яны стануць часткай вялікай калекцыі беларускага музею.

нг


Карціна ўдзельніка пленэру. Карціна ўдзельніка пленэру.