Слухайце размову ў далучаным файле!
— Скончыўся фестываль у Любліне «Блізкі Усход» (BLISKI WSCHÓD) — фестываль, які спалучае шэраг мерапрыемстваў — тэатр, літаратуру, дыскусіі і нават канферэнцыю — у межах праграмы. Пытанне да вас як да чалавека, які ўважліва сочыць за такімі падзеямі: якія засталіся ўражанні? І другое: ці не зашмат для публікі беларускай тэматыкі?
— Гэта важная падзея. Па-першае, яна паказвае, што польска-беларускія кантакты працягваюцца, але ўжо па-іншаму, у новых рэаліях. Польскі бок супрацоўнічае з беларускай эміграцыяй, з тымі, хто жыве і працуе ў Польшчы. Пагаджуся, што гэта вялікі фестываль, шмат падзей на працягу аднаго тыдня. Трэба браць адпачынак, каб сачыць за ўсімі падзеямі. Мясцовыя жыхары, з якімі я размаўляў, гаварылі, што яны рыхтуюцца, каб прысвяціць час фестывалю. Канешне, не ўсё ўдаецца паглядзець, але на ўсіх падзеях былі людзі.
Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, даследчык беларускай літаратуры і беларускага тэатру Андрэй Масквін.
Гэты фестываль ужо мае сваё імя. Вакол яго сфармавалася пэўнае кола. Па-першае, гэта жыхары Любліна, якія прыходзяць пастаянна. У асноўным гэта людзі сярэдняга і старэйшага пакалення, якія ўважліва сочаць за праграмай, добра арыентуюцца і нават прыходзілі паўторна на некаторыя спектаклі, бо асобныя пастаноўкі паказвалі двойчы. Яшчэ адна група — моладзь, якая прыходзіць на варштаты. Бо ў межах фестывалю, пра што вы не згадалі, адбываюцца варштаты і тэатральная лабараторыя. Сёлета прыехалі чатыры групы: невялікая група з Варшавы, група з Вільні, з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, група Валянціны Мароз з Познані і чацвёртая група аж з Харкава — незалежны тэатр. Адбываецца ўсё наступным чынам: раніцай чытаюцца лекцыі, пераважна прысвечаныя Беларусі і беларускай тэматыцы. Потым праходзіць тэатральная лабараторыя — актыўная сцэнічная праца. Увечары перад спектаклямі паказваюцца невялікія сцэнкі, а ў апошні дзень адзін з рэжысёраў складае з гэтых фрагментаў агульную дзею. То бок моладзь удзельнічае ў фестывалі і адначасова наведвае спектаклі, удзельнічае ў дыскусіях.
— На што вы звярнулі ўвагу з пастановак? Бачыла пазітыўныя водгукі пра некаторыя спектаклі.
— Фестываль быў прысвечаны 105-годдзю існавання Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы і пяцігоддзю Вольных Купалаўцаў. Таму амаль усе спектаклі былі створаныя або самімі Вольнымі Купалаўцамі, або акцёрамі, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі праектамі, але ўсе яны раней працавалі ў Купалаўскім тэатры.
Гэта можна назваць важнай з’явай, бо за год быў створаны вялікі рэпертуар, і на фестывалі паказалі толькі малую яго частку.
Адбылася адна прэм’ера — спектакль «Ваўкі» паводле кнігі Евы Вежнавец. Гэта вялікая і значная пастаноўка, але ўзнікае пытанне, дзе яе паказваць, бо спектакль стацыянарны, моцна прывязаны да прасторы, з багатай сцэнаграфіяй, яго складана будзе некуды вывозіць. Але заўсёды можна прыехаць у Люблін.
Купалаўцы працягваюць тую лінію, якую пачаў у Мінску Мікалай Пінігін. Галоўнае для іх — беларуская драматургія, беларускі тэатр, заснаваны на беларускіх матэрыялах. Нават калі з’яўляюцца тэксты польскіх аўтараў, усё роўна ўзнімаюцца тэмы памяці, тоеснасці, гісторыі — надзвычай важныя для беларусаў.
Сцэна са спктакля «Ваўкі». facebook.com/kupalaucy
— За пяць гадоў, пачынаючы з 2020-га, шмат калектываў і асобных акцёраў з’ехалі і знайшлі сабе новае — часовае або сталае — месца ў Польшчы. Ці ёсць прыклады, хто змог скарыстацца сітуацыяй міграцыі ў пазітыўным сэнсе?
— Так, ёсць асобныя акцёры і групы, якія працягваюць працаваць, робяць усё магчымае. Для мяне гэта нават незвычайна, бо мы разумеем, што міграцыя — гэта штодзённыя клопаты пра заробак і выжыванне. Акрамя Купалаўцаў, гэта, напрыклад, BY Teatr, а таксама група маладых людзей, якія ўдзельнічалі ў іх лабараторыі. Трэцяя важная група — калектыў пад кіраўніцтвам Васіля Дранько-Майсюка. Яны захоўваюць прафесію, маюць выразную творчую лінію і працуюць з рэпертуарам.
Ёсць і іншыя калектывы, але яны працуюць тады, калі ёсць матэрыял, ёсць прастора, ёсць магчымасць аплаціць пляцоўку. Мы ўсе ведаем, наколькі гэта бывае складана — знайсці і аплаціць тэатральную прастору.
Два гады таму паўставала пытанне стварэння ў Варшаве ўласнай беларускай прасторы, але яно дагэтуль не вырашана. Таму тэатральныя трупы кожны раз вымушаныя шукаць сабе месца.
— З вялікай хваляй эміграцыі наколькі, на ваш погляд, павялічылася прысутнасць беларускай культуры ў краінах Еўрасаюза?
— Мне складана параўноўваць сітуацыю ў агульнаеўрапейскім кантэксце, бо я больш спецыялізуюся на Цэнтральна-Усходняй Еўропе — Балканах, Чэхіі, Славакіі, Косава. Але відавочна — цікавасць да культуры, літаратуры і тэатра ў нашым рэгіёне вельмі высокая.
Калі ж вяртацца да беларускай сітуацыі, то пытанні прамоцыі і перакладу застаюцца надзвычай важнымі і, на мой погляд, да сёння не вырашанымі. Мы бачым вялікую колькасць твораў, шмат выдавецтваў, але ўзнікае праблема перакладу. Ёсць серыі перакладаў на англійскую мову, бо яна сёння важная, але ў Польшчы не менш важна перакладаць на польскую. На гэта трэба шукаць і накіроўваць сродкі.
Яшчэ важны момант, падчас сустрэчы з чытачамі ў Цэнтры сучаснага мастацтва Еву Вежнавец спыталі, якую кнігу з беларускіх аўтараў варта купіць на Каляды пад ялінку, але яна не стала называць нейкае імя. Мяркую, гэта вялікая памылка. Мы павінны выкарыстоўваць кожны момант для прамоцыі. У нас ёсць аўтары, ёсць прэмія Гедройця, іншыя ўзнагароды — гэтыя кнігі трэба перакладаць у першую чаргу.
— Вялікі культурніцкі праект — фестываль «Прадмова» — вандруе паміж краінамі і гарадамі. Якія пункты праграмы гэтага фестывалю, на ваш погляд, былі самымі ўдалымі? Вы наевдвалі падзеі Фестывалю акурат у розных краінах і гарадах, ёсць з чаго зрабіць высновы.
— Ён мае моцныя бакі, але і слабыя як любая вялікая культурная ініцыятыва. Тое, што робіць Павел Баркоўскі, надзвычай важна, нават калі сродкаў недастаткова. Фестываль адбываўся не толькі ў Варшаве, але і ў Вільні, Празе, Познані, дзякуючы мясцовым супольнасцям.
Фармат можна ўдасканальваць: больш спалучаць прэзентацыі кніг з тэматычнымі дыскусіямі, працаваць з лакальнай аўдыторыяй, запрашаць студэнтаў, супрацоўнічаць з універсітэтамі — Віленскім ЕГУ, Карлавым універсітэтам у Празе. Больш кантактаў з літоўскімі і чэшскімі асяроддзямі, больш дыскусій на актуальныя тэмы.
— Беларусы атрымалі вялікую замежную супольнасць, дыяспару. Ці застаецца яна зацікаўленай у беларускай культуры?
— На мой погляд — так. Але ініцыятывам бракуе менеджменту, прамоцыі, падтрымкі. Тут паўстае пытанне: як дапамагчы?
Мы ведаем, што Еўрасаюз выдзяляе сродкі на беларускія пытанні, але фестывалі кшталту люблінскага BLISKI WSCHÓD гэтага не атрымліваюць. Гэты фестываль падтрымліваюць польскія інстытуцыі — Міністэрства культуры, улады Любліна, Цэнтр культуры.
Чаму беларусы не дапамагаюць сваім, калі ствараецца якасны прадукт?
Украінскі рэжысёр, драматург Улад Троіцкі сказаў, што культура павінна працаваць як цягнік: мусіць быць лакаматыў — і вакол яго развіваюцца іншыя ініцыятывы.
Ёсць Вольскі, ёсць Купалаўцы, якія могуць быць такім лакаматывам. Вакол іх падзей могуць узнікаць фестывалі, дыскусіі, варштаты, пераклады. Гэта форма, якую варта развіваць, паказваючы, што ў нас ёсць не толькі лакаматыў, але і іншыя «вагоны».
вх