Страта дому, няўдалыя пошукі працы і творчыя сумненні прывялі да новага занятку — стварэння вялікіх фігураў з пенапласту, якія ўжо выклікаюць ажыятаж у Познані. Ён называе гэта сваім «апошнім шансам у творчасці», але менавіта гэты шлях дапамагае яму зноў адчуць сябе свабодным мастаком.
Мы былі наіўнымі…
Вадзім Ліпоўскі па адукацыі архітэктар, але, як сам кажа, працаваць давялося з рэкламай, дызайнам, ён меў выстаўкі жывапісу, працаваў з сучаснымі камп’ютарнымі праграмамі, разам з жонкай вёў YouTube-канал.
У Беларусі ў іх быў дом, які яны самі па адмысловай тэхналогіі пабудавалі ў вёсцы. Праўда, усё гэта давялося прадаць. Дарэчы, на што ні глядзіш, зробленае Вадзімам — ва ўсім адчуваецца рука творчага чалавека. Сам ён прызнаецца, што любіць ствараць нешта менавіта рукамі, і гэта, маўляў, перадалося яму ад дзеда.
Гледзячы на здымкі яго дому, інтэр’ер унутры і звонку, цікаўлюся ў суразмоўцы, чаму ён не працуе архітэктарам у Польшчы.
— Мы, калі пераязджалі ў Польшчу, былі ўпэўненыя ў тым, што вось мы такія таленавітыя, з досведам працы архітэктарамі, дызайнерамі, адразу знойдзем працу, будзем зарабляць добрыя грошы. Але рэчаіснасць паказала, наколькі мы былі наіўныя. Я адправіў сваё рэзюмэ больш чым у пяцьдзесят арганізацый і адказы атрымаў толькі ад трох.
Доўгі час з жонкай думалі, што нам рабіць. Акунуліся ў мастацтва, зрабілі выставу, але зразумелі, што і на гэтым шмат не заробіш. Я аформіў дакументы прыватнага прадпрымальніка і самастойна пачаў працаваць як дызайнер. Рабілі праекты інтэр’ераў, дамоў, праект кафэ. І жонка дагэтуль працягвае гэтым займацца.
Гэта мой апошні шанец у творчасці
А вось Вадзім сказаў жонцы, што інтэр’еры — гэта не яго. Ён зняў гараж і заняўся іншым: пачаў рабіць фігуры з пенапласту. Кажа, што гэта яго апошні шанец у творчасці, каб нечага дасягнуць.
— Так, гэта фігуры з пенапласту, якія арміруюцца і пакрываюцца баксітнай смалой. У якасці першых фігур выбраў двух козлікаў — сімвал Познані. Фармат вялікі: першы козлік — больш за два метры. Я прадстаўлю сваё бачанне гэтых козлікаў. Гэта будуць козлікі-ахоўнікі, якія будуць стаяць недзе перад кавярняй, рэстаранам ці нават нейкім клубам. Мне гэта тэма паказалася цікавай.
Я хацеў зрабіць нешта нетыповае, і, здаецца, у мяне атрымалася, бо калі мы аднаго з козлікаў вынеслі ў цэнтр горада, у людзей гэта выклікала бурную рэакцыю. А калі паставілі яго каля Ратушы, то выстраілася чарга, каб сфатаграфавацца з козлікам. Я вымушаны быў стаяць там дзве гадзіны: фатаграфаваліся маці з дзецьмі, турыстычныя групы і проста цікаўныя. Ніхто з іх не падазраваў, што гэта мой козлік — усе думалі, што гэта экспанат ад Ратушы. Потым з’явіліся пасты на Facebook, людзі выказваліся — было цікава. І я зразумеў, што выбраў правільны накірунак.
Мне не цікава ў творчасці падстройвацца пад людзей
Мяне цікавіць: чаму менавіта фігуркі з пенапласту і чаму гэта «апошні шанец» у творчасці? На гэта Вадзім адказвае даволі сур’ёзна.
— Усё сваё жыццё я любіў нешта майстраваць рукамі. Мой дзед, калі быў на пенсіі, пастаянна нешта рабіў, і гэта мяне акрыляла, бо я атрымліваў доступ да дзедавых інструментаў, што мне вельмі падабалася.
І я выбраў архітэктуру, бо мог працаваць з аб’ёмам, але ўрэшце зразумеў, што гэта не маё. Мне не цікава рабіць нешта на заказ, падстройвацца пад людзей, бо людзі хочуць, каб было так, як яны гэта бачаць. А я — свабодны мастак, мне патрэбна свабода, я павінен самавыяўляць свае ідэі, якіх у мяне шмат. І калі я гэта ўсвядоміў, сказаў жонцы, што інтэр’еры — гэта не маё, і больш не хачу гэтым займацца. Апошні праект яна робіць сама, а я раблю сваё.
Беларускіх вобразаў няма
Вадзім дзеліцца сваімі ідэямі, распавядае, што плануе рабіць далей. У яго творчых планах — вобразы, звязаныя з Польшчай. А я цікаўлюся, ці ёсць месца для беларускіх вобразаў у яго планах.
— Не, беларускіх вобразаў няма, бо я цяпер трошкі аддаліўся ад Беларусі. Апошні год нават перастаў чытаць навіны з Беларусі. Тое жыццё засталося ў мінулым, яно выцягвала шмат сілаў і не давала рэалізавацца тут. Цяпер я апынуўся на распуцці, бо першыя два гады быў прывязаны да Беларусі, але потым зразумеў, што калі паўнавартасна тут жыць, то патрэбна зрабіць выбар. Я не магу жыць мінулым і адначасова будаваць будучыню. Сучасная Беларусь — гэта ўжо не мая Беларусь, а тых людзей, якія жывуць там.
— А вам удалося за гэты час інтэгравацца ў новае грамадства?
— Не. Я думаю, што гэта ніколі і не адбудзецца, бо мой культурны код застаўся ўва мне, і ў яго ўплятаецца нешта польскае. Лічу, што гэта добры досвед для кожнага беларуса, і гэта ўзбагаціць нашы народы.
А таму Вадзім не выключае магчымасці, што рэалізаваўшыся ў Польшчы, набыўшы тут пэўную стабільнасць і ўпэўненасць, усё ж вернецца і да беларускай тэматыкі, бо яна ў ім таксама жыве.
Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Вадзім Ліпоўскі разам з сваімі працамі. Фота Паўла Залескага.