Кіберпанк — жанр навуковай фантастыкі, які засяроджваецца на цёмным баку тэхналагічнага прагрэсу: уладзе машын, татальным кантролі і абясцэньванні чалавечай асобы. Класічныя творы кіберпанку часта малююць змрочнае, заняпалае грамадства, дзе тэхналогіі служаць інструментам прыгнёту.
Аднак побач з ім сфармаваўся іншы кірунак — посткіберпанк. Ён паказвае свет, у якім высокія тэхналогіі сталі часткай паўсядзённасці, але героі імкнуцца выкарыстаць іх для пабудовы лепшай, больш гуманнай будучыні.
Менавіта ў гэтым жанры працуе наш сённяшні госць — Арцём Шуканаў, аўтар рамана «Пентаквантар».
«Кіберпанк — гэта ўсё ж такі 1980-я. Восьмідзесятыя скончыліся — і жанр, я лічу, скончыўся разам з імі, — адзначае пісьменнік. — Ён заклаў асновы посткіберпанку, які ў нечым адмяняе кіберпанк, а ў нечым яго працягвае. Але з гэтай кнігай я свядома працаваў менавіта ў жанры посткіберпанку».
На пытанне, чаму варта прачытаць «Пентаквантар», Шуканаў адказвае праз актуальнасць тэм. Паводле яго слоў, штучны інтэлект сёння знаходзіцца ў цэнтры ўвагі: пра яго гавораць паўсюль, у гэтую сферу ідуць велізарныя інвестыцыі.
«Інвестыцыі — гэта, па сутнасці, пытанне веры, — тлумачыць аўтар. — Веры ў тое, што грошы будуць памножаныя, а галіна — развівацца. Таму тэма веры пранізвае ўсю кнігу».
Значная частка рамана прысвечана рэлігійным і філасофскім развагам — будызму, сінта і асэнсаванню асобы ў кантэксце штучнага інтэлекту. Аўтар ставіць пытанні: ці можа асоба існаваць без цела і ці з’яўляецца цела абавязковай умовай існавання асобы.
«Я не пачынаў з ідэі — я ішоў ад сюжэту і эстэтыкі, — прызнаецца Шуканаў. — Але філасофскія сэнсы нібыта самі “наліплі” на гісторыю і надалі ёй глыбіню, якой я, магчыма, нават не чакаў».
Яраслаў Іванюк