Беларуская Служба

Палякі Літвы і Беларусі маюць агульнае паходжанне, але жывуць у розных умовах

08.01.2026 16:01
Палітолаг з Вільні Анджэй Пукшта расказвае пра палякаў у Літве і навуковую канферэнцыю «Палякі ў краінах Балтыі».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Пукшта пра палякаў у Літве.
      .
Анджэй Пукшта ў пасольстве Літвы ў Варшаве.Viktar Korbut

У канцы 2025 года ў дзяржаўных СМІ Беларусі з’явіліся публікацыі, у якіх сцвярджалася, што быццам бы палякі ў Беларусі маюць усе магчымасці для развіцця сваёй мовы і культуры. Аднак у краіне нават няма ніводнай школы з польскай мовай выкладання, бо тыя, што дзейнічалі ў Гродне і Ваўкавыску, некалькі гадоў таму былі пераведзены на рускую мову. А як выглядае сітуацыя палякаў у суседняй і гістарычна блізкай Літве?

Палякі Літвы і Беларусі маюць агульнае паходжанне і пражываюць у адным арэале — ад Каўнаса да Мінска. Гэта пераважна нашчадкі літоўцаў, ахрышчаных у каталіцтва з часоў Ягайлы. З часам яны прынялі польскую мову і культуру, частка — беларускую. Паляк у гэтым рэгіёне традыцыйна азначае перш за ўсё католіка. Сярод мясцовых палякаў многа нашчадкаў літоўскай шляхты. Адпаведна трэба разглядаць і лёсы палякаў у Літве і Беларусі — разам. Калі глядзець у гістарычным ракурсе.

У апошнія дзесяцігоддзі, аднак, сітуацыі ў дзвюх краінах кардынальна разыходзяцца.

З 2024 года Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, дэпартамент супрацоўніцтва з польскай дыяспарай і палякамі за мяжой Міністэрства замежных спраў Польшчы і пасольства Рэспублікі Польшча ў Літоўскай Рэспубліцы пачалі праводзіць міжнародныя канферэнцыі пад агульнай назвай «Палякі ў краінах Балтыі. Ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя». 27–29 лістапада 2025 года канферэнцыя адбылася ў Каўнасе — на тэму «Мова, ідэнтычнасць, культура, адукацыя. Матэрыялы і прапановы для польскай знешняй палітыкі ў адносінах да палякаў за мяжой». Навуковае кіраўніцтва канферэнцыяй ажыццяўляе прадстаўнік мясцовай польскай супольнасці Анджэй Пукшта.

— Гэта канферэнцыя з’яўляецца працягам ранейшых ініцыятыў пад назвамі «Палякі ў Беларусі» і «Палякі ва Украіне». Галоўным арганізатарам і ініцыятарам гэтага цыклу з’яўляецца перш за ўсё Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта і яго дырэктар Ян Маліцкі, які выступіў з ідэяй пашырыць гэты цыкл канферэнцыяй «Палякі ў краінах Балтыі». У 2024 годзе канферэнцыя адбылася ў Даўгаўпілсе, а летась адбылася ў каўнаскім Універсітэце імя Вітаўта Вялікага, дзе я маю гонар працаваць ужо амаль 20 гадоў на кафедры паліталогіі факультэта палітычных навук і дыпламатыі.

Анджэй Пукшта скончыў гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, а доктарскую дысертацыю абараніў ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Ён спецыялізуецца на гісторыі шматнацыянальнай Вільні і польска-літоўскіх адносінах. Да гэтага часу карыстаецца ўвагай чытачоў яго кніга Między stołecznością a partykularyzmem. Wielonarodowościowe Wilno w latach 1915–1920 («Паміж сталічным статусам і мясцовымі інтарэсамі: шматнацыянальная Вільня ў 1915–1920 гадах»), выдадзеная яшчэ ў 2006 годзе ў Торуні. Акрамя таго, даследчык праходзіў навуковыя стажыроўкі ў польскіх вышэйшых навучальных установах — Універсітэце Мікалая Каперніка, Ягелонскім універсітэце і Варшаўскім універсітэце.

Анджэй Пукшта шмат працаваў у польскамоўных СМІ ў Літве, а таксама пэўны час адказваў за пытанні, звязаныя з палякамі Літвы, ва ўрадзе гэтай краіны. Ён з’яўляецца членам Таварыства польскіх вучоных Літвы, а з 2022 года — сакратаром Віленскай станцыі Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Як, на думку вучонага, жыхара Літвы, выглядае агульны фон жыцця палякаў у гэтай краіне?

— Думаю, што агульная атмасфера добрая. Гэта звязана перш за ўсё з базавым фактарам — добрымі адносінамі паміж афіцыйнымі Вільняй і Варшавай. Гэта адзін аспект. Другі аспект — змены, якія адбыліся ў літоўскім грамадстве на працягу апошніх дзесяці гадоў. Яны, у прыватнасці, звязаны з тым, што польская меншасць вельмі актыўна ўдзельнічае ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці Літвы. Сёння палякаў можна сустрэць на розных палітычных пасадах, у кампаніях, а таксама ў культурных установах. Гэта датычыць не толькі дзяржаўнага сектара. Варта таксама памятаць, што ў Літве дзейнічае каля 100 польскіх грамадскіх арганізацый. Існуе таксама разгалінаваная сетка дзяржаўных школ з польскай мовай навучання. Да гэтага трэба дадаць Дом польскай культуры ў Вільні. Таксама важную ролю іграе Польскі інстытут пры пасольстве Рэспублікі Польшча ў Літве. Усе гэтыя элементы ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы вельмі шырокую і моцную мазаіку польскай прысутнасці ў Літве. Заўсёды важнай тэмай будзе захаванне ідэнтычнасці палякаў у Літве, а таксама палякаў у іншых краінах Балтыі. Важна разумець, як палякі сябе адчуваюць паміж краінай пражывання і ўласна Польшчай. Гэта праблема актуальная і значная для палякаў у краінах Балтыі, а ў эпоху глабалізацыі, калі свет становіцца ўсё больш інтэграваным, яна будзе заставацца актуальнай.

Паводле маіх асабістых назіранняў, зробленых у Вільні і Каўнасе летам 2025 года, там павялічылася колькасць польскіх турыстаў. А гэта адразу ж пашырыла і прастору польскай мовы ў гэтых гарадах. І калі раней у літоўскіх гарадах турыстам часцей даводзілася размаўляць па-руску, то цяпер цалкам свабодна можна знайсці суразмоўцу ў асобе мясцовага польскамоўнага жыхара. Тутэйшыя палякі звычайна валодаюць некалькімі мовамі, але тое, на якой мове пойдзе размова, залежыць ад кантэксту. А польскі кантэкст становіцца ўсё больш заўважным.

Анджэй Пукшта дзеліцца сваімі назіраннямі.

— Польскіх турыстаў у Літву прыцягваюць як супольная спадчына і агульная гісторыя, так і сучасная літоўская ідэнтычнасць, а таксама тэхналагічныя, кулінарныя і эканамічныя дасягненні Літвы. З аднаго боку, гісторыя мае істотнае значэнне, але яна не можа дыктаваць будучыню, а можа толькі часткова на яе ўплываць. Думаю, што польскія турысты цікавяцца нашым агульным мінулым, але не менш моцна іх прыцягвае сучаснасць Літвы і тое, як тут жывуць тутэйшыя палякі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Kostuś Czurlanis: польскія і беларускія сляды літоўскага мастака і кампазітара

23.10.2025 15:11
Сёлета адзначаецца 150-годдзе Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса.

З чаго пачыналася ВКЛ? Адказ апублікаваны ў Кракаве

27.11.2025 15:37
Перакладчыца з літоўскай на польскую мову Катажына Кажанеўска расказвае пра кнігу Эдвардаса Гудавічуса Narodziny królestwa – Litwa za Mendoga.