У Дзень роднай мовы, 21 лютага, беларусы Варшавы сабраліся ў беларускай краме Vyraj, каб напісаць дыктоўку, тэкст якой прачытаў адзін з лідараў нацыянальнага адраджэння ў Беларусі ў 1980-90-ых гг. Зянон Пазьняк. Для напісання абралі Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, абвешчаную ў Мінску 21 лютага 1918 года.
«21 лютага – невыпадковы дзень, бо менавіта тады была абвешчана Першая Устаўная грамата, якая засведчыла стварэнне першага беларускага ўраду – Народнага сакратарыяту Беларусі на чале з Язэпам Варонкам. Паколькі гэтая дата супадае з Днём роднай мовы, мы і ўзялі для дыктоўкі гэты тэкст. Гэта добрае супадзенне: людзі адначасова згадваюць гісторыю і аддаюць пашану нашай дзяржаўнай традыцыі», – адзначыў Зянон Пазьняк.
Удзельнікі пісалі тэкст паводле класічнага правапісу. Пераможцамі сталі тыя, хто не дапусціў ніводнай памылкі. Сярод іх – журналіст Зміцер Лупач. Ён прызнаўся, што не чакаў перамогі: «Я даўно не пісаў ад рукі, таму сумняваўся, ці прачытаюць мой почырк. Думалася, што знойдуцца людзі, якія справяцца лепш. Тэкст няпросты, архаічны, але вельмі актуальны. Асабліва складаным было пераключыцца на тарашкевіцу. Напрыклад, спачатку хацеў напісаць «з’езд» з апострафам, як у наркамаўцы, але вымавіў слова і зразумеў, што тут патрэбны мяккі знак. Магчыма, менавіта гэта і выратавала».
Адна з арганізатарак імпрэзы Галіна Пазьняк, якая правярала рукапісы, адзначыла, што агульны ўзровень удзельнікаў быў высокі. «Памылкі найчасцей узнікалі праз змешванне наркамаўкі і тарашкевіцы. Мы не залічвалі гэта як сур’ёзны недахоп, бо многія не мелі магчымасці вучыцца класычнаму правапісу. Некалькі чалавек напісалі без памылак і атрымалі ў падарунак кнігу «Гутаркі з Антонам Шукелойцем», якую напісаў Зянон Пазьняк», – сказала яна. На яе думку, вялікая цікавасць да гэтай дыктоўкі сведчыць пра жывучасць беларускай мовы: «Нягледзячы на забароны і дыскрымінацыю, народ застаецца верным сваёй культуры, вялікі народ дэманструе сваю мударсць».
Удзельніца дыктоўкі Эмілія, якая на дыктоўку ў Варшаву прыехала з Седльцаў, падзялілася ўражаннямі: «Для мяне гонар быць тут, пачуць жывое слова Зянона Станіслававіча і напісаць гэты тэкст. Беларуская мова не знікне, пакуль мы ёю карыстаемся. Гэта мой маленькі ўклад у яе развіццё. Калі пачула, што будзем пісаць Устаўную грамату, крыху спалохалася, але ў выніку задаволеная – зрабіла некалькі памылак у вялікіх літарах, аднак у цэлым справілася».
Так дыктоўка ў Варшаве стала не толькі праверкай ведаў, але і сімвалічным сведчаннем еднасці і адказнасці за роднае слова, якое стагоддзямі дазнае пераследу.
Слухайце аўдыё!
эж