Беларуская Служба

Салістка гурта «Літы Талер»: Першыя гады ў эміграцыі дуды нас кармілі

23.03.2026 07:11
«Калісьці мы былі андэграўндам. Цяпер фолькавы гурт, а тым больш з дудамі, стаў трэндавым гуртом», – так гаворыць салістка гурта «Літы Талер» Зарына.
Аўдыё
  • Салістка гурта «Літы Талер»: Першыя гады ў эміграцыі дуды нас кармілі

Мы сустрэлі Зарыну на экскурсіі па жаночай выставе ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Сярод экспанатаў, якія там прадстаўлены быў пашпарт новай Беларусі, які на выставу аддала Зарына. Гэта сімвал, паколькі ў эміграцыю перш за ўсё трэба ўзяць пашпарт (пра гэта слухайце ў далучаным гукавым файле).

Акрамя пашпарту Зарына забрала музыку. Музыка — гэта тое, што ратавала нас увесь гэты час, кажа музыка. Аказалася, што беларускія дуды, беларускі фолк, асабліва паганскі, цалкам у модзе ў сучасным свеце.

— Мы ў Польшчы ўжо амаль пяць гадоў. У час, калі была рэвалюцыя, каранавірус, вайна мы разам не гралі, праца гурта была спынена, але мы паасобку ратаваліся музыкай. Кожны граў і ратаваўся прагай да музыкі. Калі мы сустрэліся ў Варшаве, то не было сумневаў, што мы зноў пачынаем граць. Аказалася, што пасля перапынку гурт грае не горш, а лепей. Бо мы не проста хацелі стварыць прадукт, мы неслі сваё захапленне як маяк.

Зараз мы ездзім па Польшчы і не толькі. Летам было каля 15 фестываляў. Аказалася, што беларускі фолк, асабліва паганскі, і дуды цалкам уліваюцца ў моду сучаснай Польшчы, у фестывальнае жыццё. Цікавасць была не толькі сярод беларусаў, але палякаў і літоўцаў. Мы рыхтуемся да новых запісаў.

Зарына лічыць, што музыкам з усіх творчых прафесій было найбольш проста на пачатку новага жыцця ў эміграцыі. Мова музыкі дапамагла ім ужо ў першыя дні прыезду ў Польшчу. Першыя гады ў эміграцыі дуды нас кармілі, — распавядае Зарына.

— Мы прыязджаем у Варшаву, у першы дзень пасля каранціна выходзім у Стары горад, не ведаем мовы, не добра разумеем, але ў нас ёсць мова музыкі. Дуды аказаліся настолькі цікавымі, што людзі не здолелі праходзіць міма. І каля двух гадоў мы зараблялі толькі музыкай. Дуды нас кармілі. Тады я першы раз у жыцці падумала — а можа прафесійны музыка гэта той, каго музыка корміць? У Беларусі гэта была мара — жыць на музыку.

Пра сябе Зарына расказвае, што з самага дзяцінства ведала, што ёй трэба. У існуючых рамках ёй было цесна, яе душа імкнулася да рыцарства і музыкі.

Музыкі гурта «Літы Талер» ужо тры гады як вядуць школу ігры на дудзе. У асноўным прыходзяць беларусы, якія хочуць дакрануцца да легенды, якой з’яўляецца дуда.

— Мы займаемся ў падвале Музею Вольнай Беларусі кожныя выходныя, у суботу і нядзелю. Прыходзяць у асноўным беларусы, хоць ёсць палякі і ўкраінец. Кожны робіць сваю індывідуальную праграму. Розныя ўзросты, хоць дзецям цяжэй. У асноўным прыходзяць беларусы, якія хочуць дакрануцца да легенды, якой з’яўляецца дуда. Дуда сёння гучыць як нешта загадкавае і магічнае. Паспрабаваць можа кожны, нават не абавязкова трэба мець свой інструмент, бо ў дудара Дзяніса ёсць дуды для навучання. Заняткі для вучняў бясплатныя. Гэта ўжо не проста школа, у нас свая супольнасць з адмысловым кліматам. Мы разам ездзім на сустрэчы дудароў.

Поўная размова з Зарынай у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё