Беларуская Служба

«Шляхта – гэта залаты ключ ад нашай гісторыі» (ФОТА, ВІДЭА)

23.03.2026 16:45
Цягам ХХ стагоддзя ўлада ляпіла са шляхты вобраз ворага і падсоўвала іншыя архітыпы. У сваю чаргу шляхта — гэта гісторыя пра свабоду.
Аўдыё
  • «Шляхта – гэта залаты ключ ад нашай гісторыі»
Васіль Калач і Кацярына Ваданосавафота: Польскае радыё

Шляхта — гэта вельмі важная тэма для беларускай ідэнтычнасці. Цягам ХХ стагоддзя ўлада ляпіла са шляхты вобраз ворага і падсоўвала іншыя архітыпы. У сваю чаргу шляхта — гэта гісторыя пра свабоду.

Пра гэта ў Варшаве расказвалі аўтары і вядоўцы праектаў «Трызуб і Пагоня» і «Сармат» кампаніі «Будзьма беларусамі» Кацярына Ваданосава, Васіль Калач і Алесь Кіркевіч.


Кацярына Ваданосава Кацярына Ваданосава

Удзельнікі праекта не толькі расказвалі пра шляхту, але і паказвалі. А паказваць ёсць што. Кацярына Ваданосава ўручную шые шляхецкія строі, а расказваць пра іх можа гадзінамі. Рэканструктарка распавядае, што мода ў ХVII стагоддзі змянялася не менш імкліва, чым у сённяшні час:

— На ХVII  стагоддзе рэканструктарцы трэба мець 100 сукенак, бо мода мянялася кожны год. Яна мянялася адначасова і імкліва, і незаўважна. Мы не можам сказаць, што адзін год яны ходзяць у цалкам закрытых строях, а потым раптам у іх дэкальтэ да пупка. Гэта ўсё адбывалася па крысе і паступова. Разам з тым цягам паловы стагоддзя знешні выгляд шляхцянкі змяніўся непазнавальна. Пачатак ХVII  стагоддзя — цалкам закрытыя шыя, рукі, ногі, пакрытая галава, то другая палова стагоддзя — упершыню ў гісторыя ВКЛ жанчына атрымала права хадзіць з непакрытай галавой. Другая палова стагоддзя — настолькі адкрытыя плечы, што часам нават нам няёмка хадзіць у такіх сукенках.

Трэба радавацца, што мы жывем у такія, а не іншыя часы. Жыццё жанчыны-шляхцянкі ў ХVII стагоддзі простым не было.

Кацярына Ваданосава паўгода як пачала біцца на мячах. Што яны і зрабілі перад прысутнымі з рэканструктарам Васілём Калачом. Пытаемся ў яго, на колькі гэта гістарычна праўдзівая гісторыя:

— Гэта не зусім праўдзівая. Чаму? Таму што спецыяльна ніхто гэтаму не вучыўся. Але і не забаранялася. Шляхцянцы, якая бараніла сваю маёмасць, ніхто не забараняў узяць у рукі шаблю, агняпальную зброю, алебарду, дзіду. Яна магла стрэліць нават з гарматы.


Васіль Калач Васіль Калач

Для шляхціца самымі важнымі былі яго гонар, годнасць і вольнасць. А ў гэтым ім дапамагала зброя.

— Для шляхціца самае важнае — яго гонар, годнасць і вольнасць. Гэта значыць зброя, зямля і магчымасць прымаць рашэнні на ўзроўні дзяржавы.


Алесь Кіркевіч і Кацярына Ваданосава Алесь Кіркевіч і Кацярына Ваданосава

Журналіст і папулярызатар гісторыі Алесь Кіркевіч адзначае, што тэма шляхты — вельмі важная для разумення ідэнтычнасці беларусаў. Улады доўга з ёй змагаліся і распаўсюджвалі нямала міфаў.

— Шляхта — гэта вельмі важная тэма для беларускай ідэнтычнасці. Гэта залаты ключ ад нашай гісторыі, які глыбока схаваны. Цягам 20-га стагоддзя ўлада ляпіла са шляхты вобраз ворага і падсоўвала іншыя архітыпы: калгасніка і партызана. Тым самым ствараючы беларуса як мадэль зручную, працавітую, але без галоўнага стрыжня: без свабоды. Шляхта — гэта гісторыя пра свабоду, пра чалавека, у якога ёсць палітычныя правы, зямля, які мае права на зброю і прыняцця рашэнняў. Прапаганда шляхецкай культуры — гэта вельмі добры падмурак, каб нам дайсці да еўрапейскіх, дэмакратычных каштоўнасцяў, каб збудаваць Беларусь, якую мы хочам. Гэты падмурак ёсць у нашай гісторыі.

слухайце аўдыё

ав