Прысутныя на імпрэзе заўважылі, што яны сапраўды адчулі атмасферу свята ды выказвалі спадзяванне, што аднойчы зноў змогуць святкаваць гэты дзень у Беларусі.
У Беларусі Дзень Волі афіцыйна не адзначаецца. Лукашэнкаўскі Следчы камітэт нават выступіў з пагрозамі ў бок удзельнікаў святкавання, таму асноўныя святочныя мерапрыемства праходзяць за мяжой. Найбольш актыўна Дзень Волі святкавалі беларусы ў Літве, ЗША ды Польшчы. У польскай сталіцы з нагоды свята прайшоў вялікі канцэрт вядомага гурта Крамбамбулі, рэанімаванага летась Лявонам Вольскім.
Музыкі адмыслова рыхтавалі канцэрт да гэтага дня, кажа саліст гурта.
— Гэта свята для кожнага беларуса. Гэтае свята праходзіла праз розныя забароны, яно адзначалася больш на плошчах, на вуліцах, на маніфестацыях, на пратэсных акцыях.
Гэтым разам святкаванне праходзіла ў варшаўскім клубе «Неба», дзе па словах прысутных, музыкам удалося стварыць сапраўдную святочную атмасферу.
— Я амаль два гады ў Варшаве, але гэта мая другая імпрэза за ўвесь час. Першы раз я хадзіла год таму на канцэрт, а цяпер «Крамбамбуля» – наш беларускі сімвал, нашай беларускай культуры.
— Я вялікая прыхільніца творчасці Лявона Вольскага. Апошні вялікі канцэрт Крамбамбулі я застала яшчэ ў Беларусі. Для мяне вялікая шчасце, што ён вырашаў арганізаваць гэты канцэрт у Дзень Волі. Вялікая радасць сустрэцца не толькі з калектывам, але і з добрымі сябрамі з Беларусі. Шмат, каго я сустрэла тут, яны з’ехалі некалькі гадаў таму. Гэта была першая магчымасць сустрэцца на гэтым канцэрце.
Завітаць на канцэрт людзей матываваў як сам факт свята, так і асоба Лявона Вольскага ды любімыя песні.
— Гэта свята для ўсіх беларусаў – Дзень Волі, і таму мы святкуем разам. З якімі спадзяваннямі? Што калісьці мы вернемся ў нашу вольную Беларусь. Сёння мы можам святкаваць па ўсім свеце, але ў нашай краіне свята няма.
— Вельмі падабаецца Вольскі. Па другое, сёння ўсё ж такі Дзень Волі, трэба яго святкаваць.
— Для мяне Дзень Волі важны і абавязкова яго трэба святкаваць. Трэба, каб Беларусы збіраліся разам. Канцэрт Вольскага — нагода, каб сабрацца разам у такі святочны дзень.
— Я хацела ўбачыць Крамбамбулю ў новым складзе, новае аблічча гурту. Заўсёды цікава, што яны там дадалі да сваёй мяшанкі.
Музыкі зайгралі хіты «Госьці», «Турысты» з розных альбомаў «Крамбамбулі» з розных гадоў — ад «Каралёў раёну» да «Чырвонага штраля». Для некаторых прыемнай нечаканасцю стала тое, што гучалі песні, якія яны спявалі даўно пад гітару ў Беларусі.
— Ведаеце, што «Кура шчабятура» — гэта тая песня, якую мы спявалі, калі Лявон прыходзіў да нас разам са сваёй жонкай, якая, на жаль, памерла ўжо 10 гадоў таму, і мы спявалі разам у прыватным калектыве. Прыемна і радасна пачуць гэтую песню на канцэрце.
Падчас беларускага канцэрту быў украінскі акцэнт. Лявон Вольскі супольна з польскім вакалістам Томашам Арганэкам заспявалі песню «Слава Украіне».
На думку прысутных музыка Крамбамбулі добра пасавала да святкавання Дня Волі. Гучалі пажаданні, каб яшчэ можна было пачаставацца сапраўднай Крамбамбуляй, якая найлепш бы смакавала як «Крамбамбуля Вольная».
— Крамбамбуля — гэта заўсёды добры напой. Ён дае добры настрой, як гэтыя песні — пра волю, пра Беларусь нашу родную, пра нашыя спадзяванні на вяртанне.
25 сакавіка ў Варшаве з нагоды Дня Волі адбыўся святочны канцэрт гурта Крамбамбуля. Музыкам удалося стварыць сапраўдную святочную атмасферу ды з’яднаць людзей. Што было чуваць, калі зала разам з гуртом спявала«Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Юры Ліхтаровіч