Вялікдзень — адно з найважнейшых святаў для хрысціянаў ва ўсім свеце. На Падляшшы з ім звязаныя не толькі рэлігійныя, але і багатыя народныя традыцыі, якія сёння паступова вяртаюцца да жыцця.
Адметныя велікодныя звычаі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму захоўваліся сярод беларускамоўных каталікоў на Сакольшчыне. Пра іх распавядаюць жыхаркі рэгіёна — Тэрэса Сянкевіч, Данута Главіцкая і Крыстына Грышкевіч у размове са Змітром Косціным.
Хто такія «валаконнікі», чаму дзяўчыны марылі, каб іх аблівалі вадою, і што гатавалі да святочнага стала — усе гэтыя элементы складалі некалі жывую велікодную традыцыю. Да свята, між іншым, пяклі дражджавыя булкі, а людзі жадалі адзін аднаму шчасця «праз цэлы рок».
Абрад «валокання», вядомы ў ваколіцах Саколкі, Гарадка і Міхалова, знік яшчэ ў 1980-х гадах. Аднак сёлета ў Сухаволі вырашылі яго аднавіць.
Удзельнікі мясцовай тэатральнай групы падрыхтавалі рэканструкцыю традыцыі. Група «валаконнікаў» пройдзе вуліцамі мястэчка ў бліжэйшую нядзелю, 12 красавіка.
Слухайце аўдыё!
Зміцер Косцін