Беларуская Служба

Мелодыя з Марыяцкай вежы ў Кракаве ўжо 99 гадоў гучыць у эфіры Польскага радыё (ВІДЭА)

16.04.2026 14:01
На самой справе ніхто не ведае, у чым заключаецца сакрэт гэтай простай мелодыі, якая заснавана ўсяго на пяці натуральных тонах трубы.
Аўдыё
  • Мелодыя з Марыяцкай вежы ў Кракаве ўжо 99 гадоў гучыць у эфіры Польскага радыё
Вежа касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў КракавеAutorstwa Jadwiga, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=131372

Апоўдні 16 красавіка 1927 года ўпершыню ў эфіры грамадскага Польскага радыё прагучаў марыяцкі хейнал (поль.: hejnał mariacki). Гэта простая мелодыя фа мажор, якая заснавана на пяці натуральных тонах трубы. Кожную гадзіну яе грае трубач з паўночнай вежы касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кракаве, інакш Марыяцкай вежы. Хейнал гучыць чатыры разы ( раз на кожны з чатырох бакоў свету). Паводле легенды, для караля — на поўдзень, мэра — на захад, гасцей — на поўнач і для камандзіра варты — на ўсход.

Кожную гадзіну (і днём, і ноччу), сем дзён на тыдзень у невялікі пакойчык на вяршыні вежы Марыяцкага касцёла на Старым рынку ў Кракаве падымаецца трубач. У прыватнасці, кожны раз музыка павінен пераадолець 239 прыступкаў, што займае яму прыкладна дзве з паловай хвіліны.

З 1927 года згаданая мелодыя транслюецца ў эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага Радыё. Цяпер хейнал — гэта сімвал згаданай праграмы і адна з найстарэйшых цыклічных радыёперадачаў у свеце, якая транслюецца ў прамым эфіры ўжо 99 гадоў, амаль бесперапынна.

Паводле легенды, у 1241 годзе гарадскі вартаўнік з вежы ў Кракаве заўважыў нашэсце татараў. Калі ён пачаў граць трывогу, варожая страла пранізала яму горла. Трубач упаў мёртвым, а мелодыя рэзка абарвалася. Паводле гэтай традыцыі, па сённяшні дзень хейнал, які слухаюць радыёслухачы па ўсёй Польшчы, таксама рэзка абрываецца.

Марыяцкі хейнал — гэта мелодыя, важная для ўсіх палякаў, пераконваў шмат гадоў таму ў эфіры Польскага радыё вядомы архітэктар і рэстаўратар помнікаў прафесар Віктар Зін (Wiktor Zin).

— Гэта неверагодна чароўная мелодыя. Матыў, які паўтараецца, а потым раптам абрываецца, можна сказаць, сімвалізуе ўсю Польшчу. Я быў у Мумбаі, на поўдні Індыі, і раптам, па дзіўным збегу абставін, на люднай вуліцы я пачуў, быццам бы, урыўкі гэтай мелодыі і маё польскае сэрца задрыжала, — казаў тады прафесар.

Першая трансляцыя хейналу адбылася ўсяго праз два гады пасля заснавання Польскага радыё. З гэтага моманту ён стаў пастаяннай часткай праграмы, як гэта адбылося ў эфіры Польскага радыё паясняў гісторык радыё святой памяці Мацей Юзэф Квяткоўскі (Maciej Józef Kwiatkowski).

— 28 чэрвеня 1927 года Польскае радыё ў Варшаве і Кракаве транслявалі ўрачыстасці перапахавання астанкаў паэта Юліуша Славацкага на Вавелі. Працаўнік радыёстанцыі ў Варшаве інжынер Юзэф Міньскі (Józef Miński) распавядаў так: Я хацеў, каб хейнал, які так прыгожа прагучаў падчас згаданай трансляцыі, быў уведзены ў эфір на пастаяннай аснове. Мне прыйшло ў галаву выкарыстаць мегафоны Марконі, размешчаныя на вежы Марыяцкага касцёла, у якасці мікрафонаў. Такім чынам мы пачалі цыклічна трансляваць хейнал з Кракава ў эфіры Польскага радыё, — паясняў гісторык радыё.

Да пачатку Другой сусветнай вайны марыяцкі хейнал трансляваўся два разы ў дзень. Гэтая традыцыя была перапынена нямецкай акупацыяй (хаця яна была ненадоўга адноўлена ў 1940 годзе) і ваенным становішчам — у снежні 1981 года, калі мелодыя не транслявалася некалькі дзён.

Сучасныя трубачы з вежы касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кракаве, інакш Марыяцкага касцёла — гэта супрацоўнікі Дзяржаўнай пажарнай службы. У 2015 годзе яны атрымалі «Алмазны мікрафон» Польскага радыё. Гэта прэстыжная ганаровая ўзнагарода, якую з 1995 года прысуджае грамадская радыёстанцыя выдатным радыёартыстам за выключныя мастацкія дасягненні і ўклад у развіццё радыё.

— Гэта вялікі гонар для нас. Турысты, якія нас наведваюць, часта кажуць, што калі яны пабываюць у розных кутках свету, то адмыслова слухаюць радыё, каб пачуць хейнал. Хейнал — гэта неад'емная частка кракаўскага Старога рынку. Ён абавязковы, як Вавель, — заяўлялі лаўрэаты ўзнагароды.

Хейнал суправаджаў палякаў падчас важных гістарычных падзеяў. Пасля перамогі польскіх жаўнераў пад Монтэ-Касіна 18 траўня 1944 года, апоўдні, сяржант Эміль Чэх сыграў мелодыю на руінах бенедыктынскага манастыра, успамінаў удзельнік гэтых падзеяў.

— Гэта была вельмі кранальная падзея. Я бачыў польскі сцяг на Монтэ-Касіна і я тады падумаў: не брытанцы, не амерыканцы, але мы яго заваявалі, — успомніў сведка.

З 13 лютага 1938 года марыяцкі хейнал стаў адзначаць роўна 12 гадзін дня. Дарэчы, Кракаў быў першым польскім горадам, які паказаў дакладны час, а гэта дзякуючы тагачаснаму дырэктару Астранамічнай абсерваторыі Ягелонскага ўніверсітэта прафесару Максіміліяну Вайсу (Maksymilian Weiss). Час з кракаўскай абсерваторыі трансляваўся па ўсёй краіне пры дапамозе Польскага радыё.

Апошні сігнал з Кракава быў перададзены 1 красавіка 1984 года. З таго часу ён транслюецца з Лабараторыі часу і частот Цэнтральнага ўпраўлення вымярэнняў у Варшаве. Адразу пасля яго транслюецца менавіта хейнал з Марыяцкай вежы ў Кракаве.

Дарэчы слова «хейнал» паходзіць з венгерскай мовы і азначае світанак, палярнае ззянне або абуджэнне.

IAR/аз