Беларуская Служба

Псіхолаг: Сацыяльныя сеткі ператвараюць грамадскую дыскусію ў бітву плямёнаў

03.06.2026 15:45
Такія палітыкі, як Дональд Трамп ці Уладзімір Пуцін, выдатна навучыліся выкарыстоўваць страх.
.
Ілюстрацыя.Foto: Фота: Shutterstock

У тыднёвым выданні "Newsweek" змешчана гутарка з вядомым сацыяльным псіхолагам Робертам Чалдзіні (Robert Cialdini), які кажа, што сацыяльныя сеткі ператвараюць грамадскую дыскусію ў бітву плямёнаў.

Палітыка ўсё больш абапіраецца на эмоцыі, асабліва на пачуцці пагрозы і страху, замест таго, каб выкарыстоўваць рацыянальныя аргументы. Эмоцыі дзейнічаюць значна хутчэй, чым рацыянальны аналіз, — кажа доктар псіхалагічных навук. Каб прадставіць лагічны аргумент, патрэбны час, а сучасныя СМІ дзейнічаюць у рытме некалькіх секунд. У палітыка цяпер на тэлебачанні ў сярэднім восем секунд, каб прадставіць свае тэзісы, а каля дзесяці гадоў таму было прыкладна ў два разы больш часу. За восем секунд немагчыма прадставіць рацыянальныя аргументы, затое можна выклікаць эмоцыі — страх, гнеў, пачуццё пагрозы.

Такія палітыкі, як Дональд Трамп ці Уладзімір Пуцін выдатна навучыліся выкарыстоўваць страх. Калі людзі баяцца, яны перастаюць думаць у катэгорыях адкрытасці або прагрэсу, а засяроджваюцца на абароне сябе і сваёй групы. Гэты механізм не новы, але новы вялізны маштаб і хуткасць яго распаўсюджвання. Калі мы чуем галасы амаль выключна сваёй групы, радыкалізацыя становіцца практычна непазбежнай.

На пытанне, ці ёсць выхад з гэтай сітуацыі, псіхолаг кажа, што ён адначасова і аптыміст, і песіміст. Аптыміст, паколькі інтэрнэт можа быць інструментам абароны ад маніпуляцыі. Пры яго дапамозе лягчэй указваць на несумленныя дзеянні, хлусню, перасцерагаць іншых. А песіміст — паколькі тэхналогія развіваецца хутчэй, чым нашы этычныя механізмы. Асабліва гаворка ідзе пра штучны інтэлект. Ён ужо навучыўся генерыраваць вельмі эфектыўныя наратывы, але яшчэ не мае рэальных этычных механізмаў стрымлівання. Самае трывожнае тое, што нейрасеткі часта не шукаюць праўду, а даюць карыстальніку тое, што ён хоча атрымаць. Калі папрасіць ШІ даць больш фактаў, ён прадставіць “факты”, нават калі яны не існуюць.

На думку Чалдзіні, неабходна актыўна бараніць стандарты сумленнай камунікацыі — не толькі праз адпаведныя законы, але таксама адукацыю і індывідуальную адказнасць грамадзян. Неабходна вучыць дзяцей з ранніх гадоў, як дзейнічаюць механізмы ўплыву, маніпуляцыя, як правяраць крыніцы інфармацыі. Але разуменне — гэта важна, але калі мы бачым, што палітыкі ці блогер паступаюць несумленна, неабходна таксама прадпрымаць адпаведныя крокі і перасцерагаць іншых. У іншым выпадку мы страцім пачуццё таго, што на самой справе з’яўляецца праўдай і рэальнасцю.

нг