Беларуская Служба

«Варшаўскі мост». Пад Вільняй беларускія гаворкі саступаюць месца польскай і рускай мовам

29.05.2026 11:11
Мірослаў Янковяк апісаў апошнія беларускія гаворкі ў кнізе, выдадзенай Інстытутам літоўскай мовы.
Аўдыё
  • М.Янковяк пра беларускія гаворкі ў Шальчынінкскім раёне Літвы.
   Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Rejon Solecznicki. iuolaikins baltarusi nektos Lietuvoje. alinink rajonas.
Кніга Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Rejon Solecznicki. Šiuolaikinės baltarusių šnektos Lietuvoje. Šalčininkų rajonas.Viktar Korbut / Polskie Radio

У Вільні на польскай мове і з рэзюмэ на літоўскай і англійскай выйшла манаграфія польскага беларусіста і паланіста, навуковага супрацоўніка Цэнтра геалінгвістыкі Інстытута літоўскай мовы і кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Rejon Solecznicki. Šiuolaikinės baltarusių šnektos Lietuvoje. Šalčininkų rajonas («Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Шальчынінкскі раён»).

Гэта ўжо другі том з серыі кніг, прысвечаных беларускім гаворкам, што функцыянуюць у Літве. У першым томе былі разгледжаны беларускія гаворкі Варэнскага раёна.

Тэрыторыя сучаснага Шальчынінкскага (Салечніцкага) раёна разам з Віленскім на працягу XIX — пачатку ХХІ ст. з’яўляецца арэалам распаўсюджання беларускіх гаворак, якія ўкліньваюцца ў літоўскі моўны арэал і функцыянуюць разам з літоўскімі і польскімі гаворкамі.

Мірослаў Янковяк расказвае пра вынікі сваіх апошніх экспедыцый і пра бадай апошніх носьбітаў беларускіх гаворак у гэтым рэгіёне.

— Салечніцкі раён гістарычна можна разглядаць як працяг паўднёва-заходняга арэала беларускай мовы, але гэты раён неаднародны. Калі паглядзець на заходнюю, цэнтральную і паўночна-ўсходнюю часткі, там ёсць адрозненні — як фанетычныя і лексічныя, так і ў моўнай сітуацыі.

Даследчык вылучыў тры арэалы.

— Першы арэал — гэта тэрыторыя ад мяжы з Варэнскім раёнам, у раёне Калеснікаў, і далей праз Эйшышкі амаль да Салечнікаў. Гэта тэрыторыя, дзе шмат людзей размаўляе па-польску. Раней там таксама можна было сустрэць людзей, якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся беларускай гаворкай, але іх было менш — пераважна гэта былі тыя, хто пераехаў сюды пасля Другой сусветнай вайны. Другі арэал — гэта тэрыторыя на поўнач ад Салечнікаў да мяжы з Віленскім раёнам. Разам з Віленскім раёнам яна ўтварае арэал, дзе беларуская гаворка была вельмі шырока распаўсюджана. На даволі вялікай тэрыторыі можна было заехаць у вёску і без праблем запісаць чалавека, які размаўляе па-беларуску. Трэці арэал — Дзевянішкі (Дзявенішкі) і ваколіцы. Гэта вельмі цікавая тэрыторыя, фактычна такі «паўвостраў», які быў далучаны да Літоўскай ССР у 1940 г. Гэта адбылося таму, што там пражывала значная колькасць насельніцтва балцкага паходжання, літоўскамоўных. Гэта защважна і сёння: ёсць вёскі, дзе людзі карыстаюцца літоўскай мовай, ёсць вёскі, дзе пераважае славянмоўнае насельніцтва. Такім чынам, атрымліваецца: першы арэал — ад Калеснікаў да амаль Салечнікаў, з моцным польскім уплывам, беларускімі гаворкамі, рускай мовай і часткова літоўскай; Дзевянішскі рэгіён — з большай прысутнасцю літоўскай мовы і польскай, а таксама беларускіх гаворак; і трэці арэал — на поўнач ад Салечнікаў, дзе раней беларуская гаворка была вельмі распаўсюджана.

Гэты рэгіён вывучалі і іншыя даследчыкі, такія як Лілія Плыгаўка, Валерый Чэкман і Мікола Савіч.

— Калі следам за імі я праводзіў свае даследаванні 15–17 гадоў таму, то беларуская гаворка там была вельмі моцна прадстаўлена. У 2024–2025 гадах, калі я праводзіў новыя даследаванні, сітуацыя ўжо змянілася: беларуская гаворка знаходзіцца ў заняпадзе і паступова знікае разам са старэйшым пакаленнем. На яе месца прыйшла, перш за ўсё, польская мова, далей руская, і толькі на трэцім месцы — літоўская як дзяржаўная.


Фрагмент зместу кнігі Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Rejon Solecznicki. Šiuolaikinės baltarusių šnektos Lietuvoje. Šalčininkų rajonas. Фрагмент зместу кнігі Мірослава Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Litwie. Rejon Solecznicki. Šiuolaikinės baltarusių šnektos Lietuvoje. Šalčininkų rajonas.

За апошнія 10–15 гадоў сацыялінгвістычная сітуацыя істотна змянілася: значна больш польскай і рускай мовы і значна менш беларускіх гаворак. Пры гэтым выглядае гэта даволі парадаксальна: у Літве беларуская гаворка саступае не літоўскай мове, а польскай і рускай.

— Гэта адбываецца на двух узроўнях. Літоўская мова прысутнічае як дзяржаўная — яе вывучаюць у школах, і маладое пакаленне валодае ёю даволі добра. Але ў сямейным і паўсядзённым асяроддзі часта выкарыстоўваецца не літоўская, а польская або руская. Тут важны і прынцып практычнасці: літоўская мова складаная для засваення, асабліва для старэйшых людзей, якім лягчэй перайсці на рускую або польскую. Важную ролю адыгрывае і тое, што руская мова была шырока распаўсюджана яшчэ ў часы Літоўскай ССР. У выніку ў паўсядзённым жыцці пераважаюць польская і руская мовы, а беларускія гаворкі адыходзяць на другі план. У афіцыйнай жа сферы выкарыстоўваецца літоўская як дзяржаўная.

Прычыны гэтага розныя.

— Што да польскай мовы — вялікую ролю адыгрывае сістэмная культурная і адукацыйная інфраструктура: мясцовыя ўлады карыстаюцца польскай мовый, дзейнічаюць польскія школы, СМІ. Польская мова ўспрымаецца як больш прэстыжная за беларускую.

Акрамя таго, многія людзі маюць сваякоў у Польшчы і могуць свабодна падарожнічаць у Еўропу.

— Што да рускай мовы, то яе распаўсюджанасць звязана з савецкім перыядам, калі яна была шырока ўжывалася паралельна з літоўскай. Для многіх яна была больш зручнай і «практычнай», бо шырока выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці. У выніку сёння ў сельскай мясцовасці пераважаюць польская і руская мовы, а беларуская адыходзіць. Але ў маладога пакалення сітуацыя ўжо іншая: яны больш арыентуюцца на літоўскую як дзяржаўную мову і маюць больш складаную, шматмоўную ідэнтычнасць.

Цікавы прыклад прывёў Мірослаў Янковяк — маладога чалавека, якога ён сустрэў у вёсцы Янчуны.

— Ён разумее і часткова карыстаецца беларускай гаворкай (ведае яе ад бабулі), валодае польскай, рускай і літоўскай мовамі, жыве і працуе ў Вільні. Гэта тыповы чалавек памежжа, які ўжо свядома выбірае сваю моўную ідэнтычнасць і разглядае сябе скарэй як грамадзяніна Еўропы, чым толькі адной дзяржавы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мірослаў Янковяк: У Латгаліі амаль не засталося носьбітаў беларускіх гаворак

09.10.2025 16:01
Выйшла кніга польскага дыялектолага Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego.