Найбольш актуальнай праблемай для беларусаў у эміграцыі на сённяшні дзень з'яўляецца легалізацыя знаходжання і атрыманне міжнароднай абароны. Беларусы скардзяцца, што, напрыклад, Польшча сёлета ўзмацніла палітыку ў пытанні прадастаўлення міжнароднай абароны. У чэрвені 2026 года ўпершыню за некалькі гадоў колькасць адмоўных рашэнняў перавысіла колькасць станоўчых: было прынята 52 адмоўныя рашэнні і толькі 25 станоўчых. У ліпені 2026 года сітуацыя яшчэ больш ускладнілася — толькі 13 працэнтаў рашэнняў, прынятых у гэтым месяцы, былі станоўчымі.
Офіс С. Ціханоўскай звяртаецца па гэтым пытанні да польскіх уладаў. Тым не менш, паводле слоў дарадцы С. Ціханоўскай па прававых пытаннях Леаніда Марозава, у Офіс паступіў толькі адзін зварот ад грамадзяніна Беларусі з просьбай аб дапамозе.
— Да нас, на жаль, звярнуўся толькі адзін чалавек. Я лічу, што трэба быць праактыўным. Я фізічна не магу знайсці людзей, якім адмовілі. Я заклікаю: калі вы жадаеце нашай дапамогі — напішыце нам на мэйл. Гэта што тычыцца Польшчы. З другога боку ёсць Грузія, Арменія, Злучаныя Штаты. Я заўсёды магу быць сведкам у судзе, калі людзей затрымліваюць у Штатах. Я быў сведкам у судзе ў ЗША па справе Анатоля Бакуна і я казаў, што Беларусь не з'яўляецца бяспечнай краінай. У выпадку Грузіі — беларусы едуць у Арменію, каб зрабіць візу RUN, і іх таксама затрымліваюць.
Апошнім часам найбольш складаныя выпадкі назіраюцца ў Грузіі, кажа Леанід Марозаў.
— На жаль, грузінскія ўлады не вельмі ідуць на кантакт. Я спрабую праз розныя механізмы, у тым ліку і праз ААН. Мяне хвалюе, што паміж беларускім КДБ і грузінскімі ўладамі ёсць пагадненне аб экстрадыцыі.
Беларускія ўлады злоўжываюць нормамі міжнароднага права і маніпулююць інфармацыяй, каб праз Інтэрпол затрымліваць беларусаў, якія з'яўляюцца палітычна нявыгаднымі для рэжыму.
— Што робіць беларускі рэжым? Яны бяруць палітычную справу і дапісваюць туды наркатычны артыкул. Для Інтэрпола ўсё відавочна — наркатычны артыкул і крымінальная адказнасць. А тут глядзець трэба шырэй: калі чалавек быў затрыманы, як перасякаў мяжу, ці падаваўся на міжнародную абарону. Звычайна людзі, якіх затрымліваюць, не чакаюць гэтага, і ў іх няма ніякіх дакументаў. Былі такія кейсы на мяжы Арменіі. Калі вам Польшча дала міжнародную абарону, я раю зрабіць скан і захаваць яго ў Google Docs, лепш на англійскай мове. Калі вас затрымаюць — пакажыце. Калі чалавек у стрэсе, ён не ведае, каму тэлефанаваць. Калі вы едзеце за мяжу і ведаеце, што ў вас ёсць палітычны крымінальны пераслед, вы павінны пакінуць камусьці блізкаму, каму давяраеце, пакет вашых дакументаў. У выпадку, калі ў вас узнікнуць праблемы, гэты чалавек зможа перадаць іх праваабаронцу, БЕЛПОЛу, Офісу С. Ціханоўскай, НАУ...
А калі ўжо так здарыцца, што чалавека затрымалі на мяжы і ў яго няма ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць, што ён знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, што тады рабіць? Ці беларускія дэмакратычныя сілы могуць дапамагчы?
— У выпадку, калі гэта дэмакратычная краіна, як Арменія, то там не адбіраюць тэлефона і можна нам патэлефанаваць ці напісаць. Калі гэта Расія ці Беларусь — такой магчымасці з тэлефонам не будзе. Не трэба ехаць туды.
Хто пераследуе беларусаў цяпер? Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпол Беларусі.
Офіс Святланы Ціханоўскай разам з «Белполам» і «Кіберпартызанамі», пры экспертнай падтрымцы юрыста Алеся Міхалевіча, падрыхтавалі справаздачу, у якой раскрываюць метады працы і называюць прозвішчы супрацоўнікаў беларускага Інтэрпола, якія пераследуюць удзельнікаў пратэстаў 2020 года па ўсім свеце.
— Мы паглядзелі, колькі было кейсаў і ў якіх краінах, і мая ініцыятыва была падрыхтаваць справаздачу, якую, я спадзяюся, мы адправім у Інтэрпол і прыпынім, хаця б трошкі, пераслед, каб кожны кейс правяраўся больш дакладна. У справаздачы ёсць кейсы вядомых беларусаў, якіх затрымалі ў Сербіі, ва Украіне, у Італіі, пра тое, як гэта робіцца. На апошняй старонцы — 11 «герояў», усіх, хто працуе ў беларускім Інтэрполе. Гэта ўсе людзі, якія сваімі рукамі высылаюць запыты, каб беларусаў пераследавалі. Мы таксама злавілі іх размовы пра тое, як трэба палітычныя кейсы перарабляць у наркатычныя ці эканамічныя.
Яшчэ адной сур'ёзнай праблемай для беларусаў у эміграцыі з'яўляюцца кіберрэпрэсіі. Як на іх рэагаваць?
— Трэба публікаваць. Першая рэакцыя — ты баішся і не ведаеш, што рабіць. Па-першае — зрабіць скрыншот і не адказваць. Для КДБ любая твая рэакцыя — гэта ўжо іх праца, то бок яны сабе залічаць гэта ў поспех. Яны будуць пісаць пра маці, тату. Мая парада — зрабіць скрыншот, апублікаваць, напрыклад, у Фейсбуку. У 99% такіх кейсаў, калі ты не адказваеш доўгі час, яны адстануць. Так практыка паказвае.
Леанід Марозаў прапануе таксама, калі ў вас ёсць міжнародная абарона ў Польшчы, звяртацца ў такіх выпадках у польскую паліцыю або Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская