Беларуская Служба

«Лінія пераходу» — выстава Малгажаты Дмітрук у Вільні

27.05.2026 19:21
Экспазіцыю пад назвай «Лінія пераходу», дзе прадстаўлены графіка і аўтарскія тканіны апошніх гадоў.
Аўдыё
  • Размова з Малгажатай Дмітрук
«Лінія пераходу» — выстава Малгажаты Дмітрук у Вільні.

Да 28 чэрвеня ў Вільні можна наведаць выставу мастачкі з Беласточчыны Малгажаты Дмітрук. Экспазіцыю пад назвай «Лінія пераходу», дзе прадстаўлены графіка і аўтарскія тканіны апошніх гадоў, у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча арганізаваў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.

Як распавядае сама Малгажата Дмітрук, гісторыя таго, як яе працы трапілі ў Вільню, атрымалася вельмі асабістай і сімвалічнай:

— Я прывезла свае аўтарскія тканіны, графіку, а таксама дакументальны фільм «Сізіф з Мінска» рэжысёра Вальдэмара Янанды.

Гэта фільм пра маё сяброўства з Віталём Малахавым, з якім я пазнаёмілася яшчэ ў 1993 годзе ў Мінску.

Галоўная праца выставы таксама называецца «Лінія пераходу». Менавіта яна дала назву ўсёй экспазіцыі. Я працавала над ёй у 2021–2023 гадах.

Усё пачалося падчас крызісу на польска-беларускай мяжы, калі Беласточчына апынулася ў цэнтры міграцыйнай трагедыі. Людзі паміралі ў лясах, і я штодня сачыла за гэтымі гісторыямі ў інтэрнэце.

Калі я бачыла, што гінуць цэлыя сем’і з дзецьмі, узнікла адчуванне, што я павінна нешта зрабіць. Я думала: што я магу? І зразумела, што магу адказаць на гэта мастацтвам — стварыць працу, шыць яе, думаючы пра гэтых людзей.

Мне хацелася паказваць гэтую працу ў розных месцах, каб нагадваць: такая сітуацыя адбываецца не толькі на польска-беларускай ці беларуска-літоўскай мяжы — міграцыйны крызіс працягваецца ва ўсім свеце.

Яраслаў Іванюк