Сёння запрашаем шаноўнае спадарства ў Тэўтонскі замак у Дзялдове (поль. Działdowo). Менавіта тут, размяшчаецца Музей памежжа. Шпацыруючы па замкавых залах, мы пераносімся ў мінулае і падарожнічаем у часе — ад заснавання горада ў XІV стагоддзі да бурнай сучаснай эпохі. Нашым гідам па гістарычным аб’екце з’яўляецца Артур Павел Барцікоўскі(Artur Paweł Barcikowski) з Гісторыка-археалагічнага аддзела музея.
Тэўтонскі замак у Дзялдове – сядзіба музея. Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
Назва Музей памежжа — невыпадковая. Яна адлюстроўвае гісторыю Дзялдова — горада ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве, кажа спадар Барцікоўскі.
— Так атрымалася, што ў розныя перыяды гісторыі Дзялдова быў памежным горадам. Напрыклад, у часы Тэўтонскага ордэна Дзялдова ўваходзіла ў склад Дзяржавы Тэўтонскага ордэна і знаходзілася ля мяжы з Мазовіяй, якая дарэчы ніколі назаўсёды не стала яе часткай. Адсюль «памежжа» ў назве музея, — тлумачыць эксперт.
Адным з самых плённых перыядаў у гісторыі горада быў пачатак XV стагоддзя, калі Тэўтонскі ордэн шчодра інвеставаў у развіццё Дзялдова, у тым ліку ў тутэйшы замак.
— Тэўтонская дзяржава характарызавалася вельмі агрэсіўнымі адносінамі да сваіх суседзяў — тэўтонцы часта нападалі на навакольныя землі — Літву, Мазавецкае княства і іншыя. У выніку ім трэба было таксама браць пад увагу рызыку, што ў нейкі момант суседзі захочуць ім адпомсціць(…). Менавіта таму замак у Дзялдове быў пашыраны, каб стрымаць патэнцыйны напад варожых сіл. Гэта было важна таксама таму, што пасля патэнцыйнага захопу Дзялдова для ворага адкрыўся прамы шлях у Аструду (поль. Ostróda), то бок углыб Дзяржавы Тэўтонскага ордэна, — нагвадае супрацоўнік музея.
Пастаянная экспазіцыя Музея памежжа ў Дзялдове. Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
У цяперашні час у Музеі памежжа можна паглядзець пастаянную экспазіцыю: «Дзялдова: горад і людзі былога памежжа». У прыватнасці яна размяшчаецца ў паўднёва-ўсходняй частцы Тэўтонскага замка, вядомай як Вялікі дом.
— У якасці цікавінкі дадам, што гэта найстарэйшая частка замка(…) Паводле апошніх звестак, яе будаўніцтва пачалося каля 1340 года. То бок, замак пачаў узнікаць крыху раней, чым сам горад Дзялдова, годам заснавання якога лічыцца 1344 год, у прыватнасці 14 жніўня 1344 года была выдадзена першая грамата аб заснаванні горада, — кажа спадар Артур.
Cтакан з XV стагоддзя. Пастаянная экспазіцыя Музея памежжа ў Дзялдове. Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
Экспазіцыя прысвечаная агульнай гісторыі горада: ад самага пачатку яго заснавання да канца Другой сусветнай вайны. Тут можна знайсці інфармацыю пра тое, як быў заснаваны горад, як пашыраўся мясцовы замак; паглядзець розныя цікавыя экспанаты, звязаны з мясцовай гісторыяй, напрыклад, каштоўны керамічны стакан.
— Гэта стакан з XV стагоддзя, які ў 1960-х гадах выпадкова знайшлі маладыя людзі падчас прыборкі адной з частак замка. Стакан, верагодна, ужываўся падчас урачыстых сходаў у трапезнай замка, то бок зале сустрэч і, скажам так, замкавай сталовай. Варта таксама адзначыць, што ў Тэўтонскім ордэне існаваў звычай, што ўсе члены ордэна-жыхары замка, павінны былі есці разам, каб прадэманстраваць роўнасць. Зразумела, з гэтай роўнасцю — гэта не зусім праўда, але такі сімвалічны звычай дзейнічаў. І гэты стакан цесна звязаны з гісторыяй Дзялдова і замка, бо ім карысталіся падчас урачыстых сходаў у мясцовай трапезнай, — паясніў эксперт.
На выставе ў Музеі памежжа можам паглядзець таксама макет, які адлюстроўвае першапачатковую планіроўку Дзялдова — так горад выглядаў з моманту свайго заснавання да другой паловы XVIII стагоддзя, гэта значыць да вялікага пажару.
Іншых цікавы экспанат — значкі паломнікаў, якія ў Сярэднявеччы пілігрымы куплялі ў месцах паломніцтва.
— Цікава, што, напрыклад, у Сярэднявеччы лічылася, што такія прадметы маюць магічную сілу. Таму часта здаралася, што пілігрымы вешалі такія значкі на бачных месцах у сваіх дамах, бо верылі, што яны абароняць дом ад уздзеяння злых сіл. Таксама часта яны кідалі іх у калодзежы, бо верылі, што яны абараняюць ваду ад забруджання.
Польскі шлем, мадэль 31, вядомы як «Саламандра». Пастаянная экспазіцыя Музея памежжа ў Дзялдове. Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
У адной з вітрын увагу наведвальнікаў прыцягвае драматычны сведка вераснёўскай кампаніі 1939 года — прастрэлены польскі ваенны шлем — мадэль 31, вядомы як «Саламандра». За гэтым ваенным экспанатам хаваецца неверагодна доўгая і складаная гісторыя распрацоўкі дызайну, звязаная з постаццю з цёмных старонак польскай гісторыі.
— Гэты шлем цікавы, бо і цікавымі былі абставіны яго стварэння. Мадэль шлема распрацоўвалася на працягу многіх гадоў. У тым ліку была створана спецыяльная камісія, якая аб'язджала міжваенную Польшчу і вымярала чэрапы палякаў, каб стварыць максімальна ўніверсальны дызайн шлема, які б падыходзіў як мага большай колькасці тагачасных палякаў. Дарэчы, на працягу кароткага часу ў склад камісіі, якая распрацоўвала мадэль шлема, уваходзіў Элігіюш Невядомскі (польскі мастак, выкладчык і мастацтвазнаўца – рэд.), які ўвайшоў у гісторыю, як забойца першага прэзідэнта Польшчы Габрыэля Нарутовіча, — кажа прадстаўнік музея.
Хоць Дзялдова і тэўтонскі замак, больш пацярпелі падчас Першай Сусветнай вайны, чым Другой, найбольш глыбокай ранай у гісторыі горада застаецца нямецкі канцэнтрацыйны лагер Зольдаў(ням. Soldau), створаны ў былых прускіх казармах. Менавіта там немцы рэалізавалі свой план бязлітаснага знішчэння польскіх элітаў, у тым ліку духавенства. Пра гісторыю аднаго з самых жорсткіх месцаў разні на тэрыторыі акупаванай Польшчы можам больш даведацца на выставе ў Музеі памежжа.
— Нямецкі канцлагер Зольдаў дзейнічаў з канца верасня 1939 года. Гэта быў адзін з першых нямецкіх лагераў, створаных на акупаванай тэрыторыі Польшчы. Ён працаваў да студзеня 1945 года, то бок да наступлення савецкіх войскаў. Потым, на яго месцы некалькі месяцаў дзейнічаў транзітны лагер НКВД, дзе саветы ўтрымлівалі палякаў, якія не пагаджаліся на камуністычную ўладу. Савецкі лагер існаваў са студзеня да канца красавіка 1945 года. Варта таксама адзначыць, што ёсць доказы на тое, што саветы адсюль дэпартавалі палякаў углыб СССР. У тым ліку, калі некалькі чалавек апынуліся ажно ў Чалябінску, — кажа эксперт.
«Скарб з Букоўцка Вялікага», Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
На пастаяннай экспазіцыі цяпер можна паглядзець таксама «Скарб з Букоўцка Вялікага», выпадкова выяўлены летам 2025 года сужонствам фермераў падчас сельскагаспадарчых работ.
— У выніку археалагічных работ, праведзеных на месцы знаходкі кампаніяй «Археоскоп» на чале з археолагам Дамʼянам Сватам, было знойдзена сапраўды шмат манет — 162. Гэта манеты, датаваныя 1622–1680 гадамі. Пераважная большасць з іх — сярэбраная шасціграшавікі часоў караля Яна ІІ Казіміра Вазы. Ёсць таксама дзве манеты наміналам у дзве траціны талера, адна з іх, датуецца 1674 годам, то бок часамі Фрыдрыха Вільгельма, — кажа прадстаўнік музея.
Рыцарскі турнір у Музеі памежжа ў Дзялдове (15.08.2025). Здымак: фотаархіў Музея памежжа ў Дзялдове
Калекцыя ўнікальная, перш за ўсё, таму, што ў адным месцы было знойдзена настолькі шмат манет, якія насамрэч паходзяць з вельмі падобнага перыяду. Усё ж акрамя манет падчас дэталёвых археалагічных работ былі знойдзеныя, таксама іншыя каштоўныя артэфакты.
— У прыватнасці, падчас археалагічных работ былі выяўлены і іншыя прадметы побыту, у тым ліку цвікі, фрагменты нажоў, а таксама, што цікава, фрагмент спражкі, якая вельмі нагадвае падобны артэфакт, выяўлены раней на пражскіх Градчанах, то бок далёка-далёка ад месца, дзе быў знойдзены скарб з Букоўца, — кажа Артур Павел Барцікоўскі(Artur Paweł Barcikowski) з гісторыка-археалагічнага аддзела музея.
Музей памежжа ў Дзялдове кіпіць жыццём не толькі дзякуючы цікавай пастаяннай выставе, але таксама перыядычным адукацыйным і гістарычным мерапрыемствам, якія тут адбываюцца. Візіт у музеі, гэта ўнікальная магчымасць адбыць падарожжа ў мінулае, адкрыць для сябе таямніцы Тэўтонскай крэпасці і ўбачыць унікальныя гістарычныя артэфакты. Музей вітае аматараў гісторыі, семʼі з дзецьмі і ўсіх, хто хоча адкрыць для сябе таямніцы рэгіёну. Дарэчы з самім горадам і яго гісторыяй цяпер можна пазнаёміцца таксама з дапамогай новага мабільнага прыкладання.
Анна Задрожна