Беларуская Служба

«Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова прызнаная найлепшай паэтычнай кнігай года

28.05.2026 12:43
27 траўня ў Новым тэатры ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай – адной з найважнейшых узнагарод у галіне беларускай паэзіі.
Аўдыё
  • «Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова прызнаная найлепшай паэтычнай кнігай года
 -  . .
Кнігі шорт-ліста прэміі ім. Н.Арсенневайфота: Польскае радыё

Лаўрэатам прэміі 2026 году стаў Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025) за метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету.

Заснаваная ў 2016 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» ўзнагарода стала сімвалам адданасці і прыхільнасці багатай беларускай літаратурнай спадчыны.

Прэмія мае дзве мэты: адкрыць і ўзнагародзіць выдатную кнігу паэзіі, напісаную ў багацці беларускай мовы, і аддаць даніну павагі Наталлі Арсенневай, славутай беларускай паэтцы.

Разам з пераможным паэтычным зборнікам Ігара Кулікова ў кароткі спіс сёлетняй прэміі таксама ўвайшлі: «Хроніка адмаўлення пустаты» Іллі Кульбіцкага (Skaryna Press, 2025) i «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макса Шчура (SayBeat, 2025).


Ціхан Чарнякевіч, Наста Кудасава, Ігар Кулікоў, Андрэй Хадановіч, Ілля Кульбіцкі, Таццяна Нядбай Ціхан Чарнякевіч, Наста Кудасава, Ігар Кулікоў, Андрэй Хадановіч, Ілля Кульбіцкі, Таццяна Нядбай

Член журы Андрэй Хадановіч гаворыць, што кнігі сёлетняга шорт-ліста – гэта паэзія, якая не какетнічае з чытачамі, не прыніжае чытачоў лёгкадумным стаўленнем да іх. Яна запрашае ў высокае падарожжа.

- Усе трое – гэта паэты, якія вельмі глыбока працуюць са стылем, з мовай, са самасвядомасцю паэта і паэтычным натхненнем. Мінімалістычная, інтэлектуальная паэзія Макса Шчура. Вельмі разнастайная, барочная, бо сумяшчае несумяшчальнае, сур’ёзная і іранічная ў Іллі Кульбіцкага. Ігар Кулікоў – чалавек свамовы. Так ён называе свой стыль і паэтыку. Паэт, якія перавыдумляе, перафарматоўвае беларускую паэзію на ўрачысты паэтычны лад. Падглядаючы, як гэта рабілася старымі майстрамі ў санскрыпце. Ігар ведае санскрыпт і змяшчае чытачоў у старажытную паэтычную практыку.

Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» атрымаў прэмію ім. Наталлі Арсенневай з наступнай фармулёўкай: За метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету.

Гэта апошняя кніга, напісаная цалкам у Беларусі. Часткова гэта кніга пра тое, як жылося ў Беларусі пасля 2020 года, гаворыць Ігар Кулікоў.

- З аднаго боку, гэта кніга самаўцёкаў, з іншага – працяг маёй папярэдняй творчасці пра ВКЛ, мой квазіфэнтэзійны, паэтычны праект, у якім я спрабую данесці ідэі, якія не зусім кладуцца ў сучасны свет. Свамова – гэта праект, якія мы з сябрамі прыдумалі даўно. Гэта праект чыстай беларускай мовы, якая абапіраецца на свае ўласныя здольнасці, якая свабодна словаўтваральная. Як раз у праекце Вялікага Княства я даю сабе волю і рэалізоўваю магчымасці праекта свамовы. Я рады, што кнігу адзначылі ў тым ліку за гэты момант.


Ілля Кулікоў Ілля Кулікоў