Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Гісторыя працягласцю ў 3 тыс. 360 серый. Вядомаму спектаклю Польскага радыё споўнілася 66 гадоў

29.05.2026 06:02
Яго рэгулярная аўдыторыя — больш за 2 млн слухачоў.
Аўдыё
  • 29 мая 1960 года ў эфіры Польскага радыё ўпершыню прагучала першая частка радыёпастаноўкі «У Езяранах» (W Jezioranach)
Mateusz Weber, Zuzanna Galia i Artur Barciś
Mateusz Weber, Zuzanna Galia i Artur BarciśCezary Piwowarski

29 мая 1960 года ў эфіры Польскага радыё ўпершыню прагучала першая частка радыёпастаноўкі «У Езяранах» (W Jezioranach). Мінула вось ужо 66 гадоў, а за чарговымі пакаленнямі вядомай і неіснуючай насамрэч польскай сям'і сочаць тысячы слухачоў. З таго часу акцёры і рэжысёры Тэатру Польскага радыё запісалі больш за 3 тыс. 360 серый аўдыёдрамы. Штотыдзень у эфіры, на сайце і на каналах Польскага радыё на стрымінгавых платформах з’яўляецца новая серыя, якой з нецярпеннем чакаюць прыхільнікі спектаклю «У Езяранах».

Некалькі гадоў таму ў гістарычнай рубрыцы мы расказвалі пра найстарэйшы польскі радыёспектакль, які па сённяшні дзень выходзіць у эфіры Польскага радыё. Называецца ён «Матысякі», а першая серыя з’явілася ў 1956 годзе. Такім чынам, сёлета яму спаўняецца 70 гадоў. Галоўныя героі аўёдыёсерыялу — варшаўская сям’я па прозвішчу Матысяк.

А вось галоўныя постаці радыёспектаклю «У Езяранах» — прадстаўнікі некалькіх пакаленняў сямʼі Яблонскіх, якая жыве ў выдуманай вёсцы Езяраны каля горада Пулавы, што ў Люблінскім ваяводстве. У аўдыёдраме таксама выступаюць людзі з вясковага атачэння Яблонскіх: фермеры, сельскія лекары, настаўнікі і г.д.


З самага пачатку п’еса «У Езяранах» задумвалася як вясковы аналаг «Матысякаў», бо іх асноўнай аўдыторыяй лічыліся гарадскія жыхары. А вось спектакль «У Езяранах», з увагі на вясковае асяроддзе, з самага пачатку быў накіраваны на жыхароў сельскіх раёнаў і расказваў пра вясковае жыццё. Праз гісторыі персанажаў аўдыёдрамы яе аўтары апісваюць сацыяльныя, эканамічныя і псіхалагічныя змены сярод польскага сельскага насельніцтва, а таксама напаўняюць твор практычнымі ведамі пра новыя метады вядзення сельскай гаспадаркі і, напрыклад, спосабы атрымання субсідый. Радыёспектакль па сённяшні дзень застаецца самай папулярнай літаратурнай праграмай Польскага радыё.

W Jezioranach W Jezioranach

Ініцыятарам стварэння радыёсерыялу для і пра вясковых жыхароў выступіў тагачасны кіраўнік дзяржаўнага Польскага тэлебачання і радыё Уладзімеж Сакорскі. Згодна з першапачатковай канцэпцыяй, спектакль павінен быў адукаваць сялян, распаўсюджваць веды пра вёску і сельскае жыццё сярод гарадскіх жыхароў, а таксама прапагандаваць новыя метады вядзення сельскай гаспадаркі і дзейнасць дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Ужо пасля першых некалькіх серый спектакль набыў велізарную папулярнасць сярод радыёслухачоў. Амаль з самага пачатку трансляцыі праграма была больш папулярнай сярод жанчын, сельскага насельніцтва і людзей без вышэйшай адукацыі. У пачатку 1960-х гадоў амаль 21% палякаў называлі «У Езяранах» сваёй любімай радыёперадачай.

З 1961 года і цягам больш чым 12-ці гадоў стэнаграмы кожнай серыі друкаваліся ў шматтыражнай польскай сельскай газеце. Выданне таксама вяло дыскусійную рубрыку пад назвай «Клуб Езяранаў» і стварала клубы прыхільнікаў радыёспектакля ў шматлікіх польскіх населеных пунктах. Дарэчы, людзі настолькі праўдзіва ўспрымалі аўдыёдраму, што пісалі лісты членам сям’і Яблонскіх ды нават высоўвалі ім прапановы жаніцца альбо выйсці замуж — агулам вядома пра некалькі дзясяткаў тысяч такіх лістоў.

Акцёры Данута Стэнка і Кшыштаф Шчэпаняк падчас запісу спектакля. Акцёры Данута Стэнка і Кшыштаф Шчэпаняк падчас запісу спектакля.

Серыял бесперапынна трансляваўся з 29 мая 1960 года да снежня 1981 года, калі пасля ўвядзення ваеннага становішча ў ПНР сцэнарысты і акцёры вырашылі спыніць запіс новых серый. Зноўку «Езяраны» вярнуліся ў эфір Польскага радыё ў маі 1983 года.

Цяпер ў спектакля — больш за 2 млн слухачоў, якія яго слухаюць рэгулярна.

Аўтары заўсёды імкнуліся ўключыць у змест пастаноўкі практычную інфармацыю на розныя сацыяльныя тэмы. Дзякуючы сваёй тэматыцы і фармату радыёспектакль часта параўноўваецца з брытанскім радыёсерыялам «Арчары», які ўпершыню прагучаў на BBC у 1950 годзе і выходзіць па сённяшні дзень.

Усе падзеі ў серыях адбываюцца ў рэальным часе, дзякуючы чаму аўтары адлюстроўваюць у творы актуальныя падзеі. Для прыкладу, у часы стварэння незалежнага прафсаюзу «Салідарнасць» героі спектакля размаўлялі, сярод іншага, пра забастоўкі, патрабаванні правядзення рэформаў і дэмакратызацыі. Неверагодна, але гэта адбывалася ў часы Польскай Народнай Рэспублікі! У апошняй серыі перад увядзеннем ваеннага становішча героі «У Езяранах», у прыватнасці, разважалі пра тое, ці павінны настаўнікі мець права на забастоўку.

W Jezioranach W Jezioranach

Большасць акцёраў, якія працуюць у студыі «У Езяранах», занятыя ў тэатральных і кінапраектах. Таму часта здараецца, што свае ролі яны запісваюць асобна, а пазней іх голас мантуецца ў спектакль.

У пастаноўцы таксама прынята, што калі акцёр пакідае спектакль па нейкай прычыне, то ў аўдыёдраме ён памірае, напрыклад, гіне ў аўтааварыі.
Цягам 66 гадоў у эфіры Польскага радыё ў спектаклі выступіла каля 250 акцёраў.

Увогуле Польскае радыё вядомае тым, што шмат увагі надае радыёпастаноўкам — здавалася б, радыёфармат, які пакрысе адыходзіць у нябыт. Але гэты від творчасці мае па сённяшні дзень шматлікае кола аматараў. Больш за тое, Польскае радыё часта было піянерам у выкарыстанні арыгінальных творчых формаў і падыходаў. Так, у 1938 годзе ў прамым эфіры прайшоў радыёспектакль «Над Нёманам» паводле вядомага раману славутай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, пра якую, дарэчы, мы расказвалі тыдзень таму. Упершыню спектакль адбыўся на прыродзе, у рэальных умовах і над ракой! Праўда, замест Нёмана галоўную ролю выканала Вілія, бо радыёпастаноўку рэалізавала Польскае радыё Вільня — у тыя часы адна з найбольш папулярных і творчых польскіх рэгіянальных радыёстанцый. Праект быў прымеркаваны да 10-годдзя віленскага радыё.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу