Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія рыхтавала правакацыю на мяжы з Польшчай. Планаваўся напад пад чужым сцягам з вялікай колькасцю ахвяр

18.11.2026 10:41
Масква планавала аперацыю пад чужым сцягам, незаконнае перасячэнне мяжы і напад з вялікай колькасцю ахвяр, адказнасць за які збіраліся ўскласці на Украіну. 
Ілюстрацыйны здымакhttps://twitter.com/Straz_Graniczna

Польскія спецслужбы, паліцыя і элітныя вайсковыя падраздзяленні ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада прадухілілі расійскую дыверсійную правакацыю паблізу мяжы з Калінінградскай вобласцю. Паводле звестак крыніц газеты Rzeczpospolita у сілавых ведамствах, Масква планавала аперацыю пад чужым сцягам, незаконнае перасячэнне мяжы і напад з вялікай колькасцю ахвяр, адказнасць за які збіраліся ўскласці на Украіну. 

Як высветліла выданне, да падрыхтоўкі дыверсіі былі датычныя расійскія спецслужбы, найперш афіцэры Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ (ГРУ). Акрамя нападу на польскай тэрыторыі ў памежнай зоне, разглядаўся сцэнарый інсцэніраванага нападу на аб'ект у самой Расіі, які мог бы стаць падставай для далейшай эскалацыі.

Суразмоўцы газеты параўноўваюць задуму з правакацыяй нацысцкай Германіі ў 1939 годзе ў Гляйвіцах. Мэтай Крамля было выклікаць грамадскі шок, сапсаваць адносіны Варшавы з Кіевам і дамагчыся спынення польскай і міжнароднай дапамогі Украіне.

Паводле адной з крыніц выдання, знаёмай з ходам следства, расіяне выбралі канкрэтныя аб'екты для нападу і разлічвалі на вялікую колькасць ахвяр. Дыверсанты, якія перасеклі б мяжу, маглі быць забітыя, а побач з імі пакінулі б сфальсіфікаваныя доказы іх нібыта ўкраінскага паходжання.

Папярэджанне паступіла ад хаўрусніцкіх спецслужбаў краін НАТА і было незалежна пацверджана польскай выведкай. Падазрэнні ўзмацніліся пасля таго, як каля мяжы на расійскім баку заўважылі супрацоўнікаў спецслужбаў, якія каардынуюць дыверсіі. Аналагічныя сігналы атрымалі Літва, Латвія і Эстонія.

У адказ Польшча ўзмацніла ахову памежных раёнаў Вармінска-Мазурскага ваяводства. Туды накіравалі дадатковыя сілы паліцыі, Памежнай аховы і Агенцтва ўнутранай бяспекі. У аперацыі таксама ўдзельнічалі спецпадраздзяленні войска: GROM, NIL і AGAT, а таксама Сілы тэрытарыяльнай абароны.

Міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы Томаш Сямоняк пацвердзіў, што пагрозу ацанілі як рэальную. Паводле яго, прынятыя меры былі суразмерныя небяспецы і дазволілі належным чынам адрэагаваць на яе.

эж


ЗША пацвярджаюць пастаянную ваенную прысутнасць у Польшчы

17.11.2026 16:02
Пентагон даў зялёнае святло для пастаяннай амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы.

ЗША перакінулі войскі да мяжы з Беларуссю

18.11.2026 10:22
Два батальёны 1-й пяхотнай дывізіі Сухапутных войскаў ЗША размесцяцца ў Пабрадзе — прыкладна за 20–25 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю.