Хаб «Новая Зямля» — найбольш актыўнае ў Беластоку беларускае месца. Ён быў заснаваны ў 2022 годзе. Гэтая пляцоўка — месца правядзення розных культурных мерапрыемстваў: прэзентацый, сустрэч, канцэртаў. Першапачаткова хаб працаваў у адным месцы, потым, як Chill Time Club, у іншым. Цяпер «Новая Зямля» знаходзіцца ў самым цэнтры галоўнага гораду Беласточчыны па вул. Святога Роха.
Нядаўна з’явілася інфармацыя, што хаб можа спыніць сваю дзейнасць. Актуальна ў якой сітуацыі знаходзіцца «Новая Зямля»? Гэтае пытанне мы задалі кіраўніцы хабу Надзеі Салаўёвай.
— Насамрэч чуткі небеспадстаўныя, бо фінансавая сітуацыя цяпер вельмі цяжкая. Ёсць сродкі, каб аплаціць усё да канца праекта, які ў нас заканчваецца 30 чэрвеня, але на ліпень ужо няма. Тое, што мы зарабляем і збіраем з данатаў, — гэта толькі трэцяя частка неабходнай сумы, якая не пакрывае выдаткаў, і нам няма чым аплачваць ліпень.
Таму мы вырашылі, што калі сітуацыя не зменіцца, хаця мы прадпрымаем розныя захады, каб можна было і далей тут існаваць, — не хачу сурочыць, паглядзім, — тады давядзецца выехаць і пазбавіцца памяшкання.
Але ёсць план «Б». Гэта значыць, што сам фонд і хаб «Новая Зямля» не спыняць сваёй дзейнасці. Мы будзем і далей працаваць. Тыя рэсурсы, якія мы цяпер трацім на ўтрыманне памяшкання, інфраструктуру і адміністрацыйныя складанасці, вызваляцца, і мы зможам больш шчыльна адказваць на патрэбы беларусаў-уцекачоў без памяшкання або ў меншым памяшканні.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
размова цалкам – слухайце аўдыёфайл