У другой палове 1980-х гадоў у Беларусі пачаліся змены пасля доўгага савецкага застою. Гарбачоўская Перабудова адкрыла прастору для новых ідэй, а разам з ёй прыйшло пакаленне маладых літаратараў, для якіх літаратура была не толькі мастацтвам, але і спосабам гаварыць пра лёс беларускай мовы, культуры і самой краіны. Менавіта ў такой атмасферы ў 1986 годзе ў Мінску было створанае літаратурнае аб’яднанне «Тутэйшыя» – супольнасць, якая стала адным з самых яркіх сімвалаў нацыянальнага адраджэння канца XX стагоддзя.
Сёлета «Тутэйшым» спаўняецца 40 гадоў. Пра гісторыю аб’яднання, пра людзей, якія яго стваралі, і пра ролю «Тутэйшых» у беларускім культурным і грамадскім жыцці мы размаўляем з літаратарам і журналістам Алесем Аркушам.
— «Тутэйшыя» ўзніклі ў 1986 годзе, але ж не на пустым месцы.
— Трэба згадаць, што якраз пачалася Перабудова, зніклі пэўныя складанасці адносна цэнзуры і іншых такіх рэчаў. Да таго часу ўжо падрасло новае пакаленне моладзі, якое прыходзіла ў літаратуру. Яно пачынала ўжо зусім з іншых стартавых пазіцый. Гэтая моладзь займалася не толькі літаратурай, але і палітыкай таксама. Маладыя пісьменнікі ўспрымалі Беларусь як краіну, якая мае праблемы з роднай мовай, культурай і многімі іншымі пытаннямі.
Таму «Тутэйшыя» — гэта не зусім літаратурная арганізацыя, а, скажам так, літаратурна-палітычная. Калі пачытаць іх розныя артыкулы таго часу — яны выдавалі свой бюлетэнь і друкавалі там гэтыя матэрыялы, — то пабачым, што пераважна — гэта артыкулы палітычнага зместу.
— Можа ўсё ж такі больш грамадскага?
— Ну, і палітычнага таксама. Бо калі патрабаваць, напрыклад, большай увагі да беларускай мовы, то гэта нібыта грамадская сфера, але насамрэч гэта і палітыка. Калі б у Беларусі тады сапраўды пачалася моцная ўвага да беларускай мовы, беларусізацыя адбывалася б сямімільнымі крокамі, а гэта непазбежна пацягнула б за сабой і палітычныя змены.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
Поўная размова – слухайце аўдыёфайл