Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Яна пайшла ад нас, пакінуўшы вялікую пустэчу. Але мы верым, што яе дух яшчэ доўга будзе побач з намі»

21.07.2026 16:49
Пайшла з жыцця вядомая беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка Святлана Курс.
Аўдыё
  • «Яна пайшла ад нас, пакінуўшы вялікую пустэчу. Але мы верым, што яе дух яшчэ доўга будзе побач з намі»
 .
Святлана Курс. Фота з уласнага архіва Святланы Курс

Памерла Святлана Курс. Вядомай беларускай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі не стала ў панядзелак. Інфармацыя пра гэта хутка разышлася па ўсім байнэце, выклікаўшы сумную рэакцыю як у людзей, якія яе ведалі, так і ў беларусаў, якія пра яе толькі чулі альбо чыталі яе кнігі. У нашым эфіры нагадаем постаць Святланы Курс — «неардынарнага і ўнікальнага» чалавека, як яе многія ўспамінаюць.

54-гадовая Святлана Курс, вядомая таксама як пісьменніца Ева Вежнавец, памерла пасля анкалагічнай хваробы, з якой змагалася з вясны 2025 года.

Лёс Святланы, з аднаго боку, непадобны на лёс іншых беларусаў, а з іншага боку  ён характэрны для многіх нараджэнцаў Беларусі, якія былі прымушаныя пакінуць краіну, бо радзіма проста іх не хацела. Святлана Курс нарадзілася і вырасла ў вёсцы Загалле ў Любанскім раёне Мінскай вобласці. У літаратуру яна прыйшла паралельна з прыходам у журналістыку ў 1990-я гады. Кароткі перыяд часу яна была звязаная з варшаўскай рэдакцыяй Беларускай службы Польскага радыё, бо менавіта ў польскую сталіцу яе закінуў лёс з-за немагчымасці займацца ў Беларусі незалежнай журналістыкай.

Пазней пасля журналістыкі была музейная справа  Святлана стала супрацоўніцай Катынскага музея ў Варшаве. Гэта трагічнае месца расказвае пра лёс тысяч польскіх афіцэраў і чыноўнікаў, расстраляных сталінскім рэжымам на пачатку 1940-х. У сваёй працы яна займалася ў тым ліку выхадцамі з беларускіх земляў, якія загінулі ў Катынскай трагедыі. Іх было шмат, сказала нам год таму Святлана Курс.

— Я магу сказаць, што часамі кожная чацвёртая справа тычацца беларуса, альбо кожная дзясятая справа. Вельмі вялікая доля беларусаў загінулі ў Катынскай трагедыі. Так, беларусаў там было вельмі шмат. Трапляюцца і беларускія акцэнты, і беларускія слоўцы ў іх перапісцы, часам яны лаюцца па-беларуску ў сваіх лістах.

Размову са Святланай Курс запісала мая калега Наталля Грышкевіч. Гэта была ўнікальная пісьменніца і ўнікальны чалавек,  гаворыць Наталля і дадае, што яна была блізкай, цёплай і эмпатычнай асобай.

 Света была ўнікальная пісьменніца і ўнікальны чалавек. Я не скажу, што яе добра ведала, бо сустракалася з ёй пры нагодзе інтэрв’ю альбо нейкіх літаратурных мерапрыемстваў. Але ў мяне  складвалася ўражанне, нават пры нагодзе нешматлікіх сустрэч, што гэта  блізкі чалавек, што ведаеш яго вельмі доўга. Яна была цёплай і эмпатычнай асобай. І адначасова вельмі сціплай, бо яна не любіла казаць пра сваю творчасць і свае кнігі. Яе найбольш вядомая кніга «Па што ідзеш, воўча?» невялікая, але калі яе чытаеш  быццам абухом па галаве б’е. Настолькі гэта псіхалагічна глыбокая і адначасова цяжкая проза. Пры гэтым яна не любіла казаць пра сябе. Калі я хацела з ёй запісаць інтэрв’ю пра Катынскі расстрэл і пазваніла ёй, каб дамовіцца пра сустрэчу, то яна адразу адмовіла і сказала, што не хоча пра літаратуру размаўляць. Але калі я сказала, што хачу размаўляць пра Катынскае злачынства, то яна згадзілася. Веды ў яе былі ўнікальныя ў гэтай тэме. Было бачна, што яна вельмі перажывае тое, чым займаецца, бо яна чытала лісты людзей, расстраляных у Катыні, у Медным, у іншых месцах, і для такога эмпатычнага чалавека гэта было глыбокае перажыванне і цяжкі досвед. Вельмі, вельмі шкада! Я да канца верыла, што яна справіцца з хваробай. На жаль, лёс ці хвароба забіраюць самых добрых і самых таленавітых людзей.

Як згадвала Наталля, найбольш вядомым творам Курс, выдадзеным пад псеўданімам Ева Вежнавец, з’яўляецца раман «Па што ідзеш, воўча?». Ён выйшаў у 2020 годзе і лічыцца адным з найлепшых беларускіх твораў XXI стагоддзя. Годам пазней за яго пісьменніца атрымала Прэмію імя Ежы Гедройця. Твор быў перакладзены на многія мовы, у тым ліку нямецкую, польскую, шведскую, літоўскую, нарвежскую і англійскую, што сведчыць пра яго літаратурны ўзровень.

Кіраўнік праекту Belarus Tomorrow Аляксей Дзікавіцкі быў знаёмы са Святланай Курс з сярэдзіны 1990-х.

Гэта быў вельмі неардынарны чалавек, яна заўсёды рабіла так, як лічыла патрэбным, і не звяртала ўвагі на меркаванне іншых  гэта быў чалавек з цвёрдым маральным стрыжнем, кажа Дзікавіцкі. – З ёй можна было гаварыць гадзінамі, і гэтая размова не напружвала, хаця трэба разумець, што размовы з інтэлектуаламі не заўсёды бываюць такімі. А Света, вядома, выбітная інтэлектуалка, ніколі не была цяжкай у камунікацыі.

У Святланы Курс заўсёды былі свае погляды і прынцыповыя пазіцыі. Яна магла не згадзіцца з многімі людзьмі, у тым ліку і з вядомымі. У канцы мінулага года ў Варшаве адбылася завочная дыскусія дзвюх беларускіх пісьменніц — Святланы Алексіевіч і Евы Вежнавец  наконт ролі рускай мовы і рускай культуры для беларусаў. Ева Вежнавец на пытанне пра тое, чаму яна не гаворыць па-руску, адказала безапеляцыйна.

 Я шаную спадарыню Святлану ўсім сэрцам, таму што я абавязаная ёй мудрасцю, стойкасцю  гэта прыклад для мяне. Яна з’яўляецца маёй літаратурнай патронкай і настаўніцай, але я не буду хаваць, што ў мяне зусім процілеглае стаўленне да расійскай культуры і мовы. Я лічу, што яна (расійская культура  рэд.) не адбылася. І што гэта занадта дорага — мець паўтара добрых класічных пісьменніка.

І за гэтых пісьменнікаў, за іх багаты, літаратурны і гэтак далей моўны скарб мы ўсе па перыметры мусім плаціць крывёй. Мне здаецца, што гэты культурны праект не адбыўся, мова з’яўляецца носьбітам нацыянальнага характару. Расійская мова і літаратура нясуць у сабе неадбіты характар імперскасці і знішчэння ўсяго, што не з’яўляецца расійскім. Мы ў Беларусі гэта ведаем вельмі добра.

Пакуль гэта не зменіцца, я не хачу мець нічога агульнага з гэтай традыцыяй. Я ў іх не веру. Я лічу, што (расіяне  рэд.) не адбыліся як нацыя, як культурны нацыянальны праект, і што Расія ўвогуле Госпаду Богу не ўдалася яшчэ больш, чым старасць.

Святлану Курс згадваюць і развітваюцца з ёю многія беларусы. Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале напісала:

 З вялікім болем даведалася пра смерць Святланы Курс. Гэта вялікае гора для блізкіх і сяброў, і вялікая страта для ўсёй Беларусі,  напісала яна.

У сваю чаргу Катынскі музей, дзе працавала памерлая, напісаў:

 Можа здавацца, што гэта неверагодна, але бязмежна добрыя людзі існуюць. Гэта людзі, якія ніколі не наракаюць, не гавораць кепскага пра іншых, не скардзяцца на свой цяжкі лёс, заўсёды гатовыя дапамагчы, не выхваляюцца сваімі поспехамі і шчыра радуюцца дасягненням іншых. Часам яны сустракаюцца на нашым шляху і робяць так, што свет здаецца лепшым месцам. Апошнія гады побач з нашым невялікім калектывам была менавіта такая асоба. Гэта была Святлана Курс  выбітная беларуская пісьменніца, журналістка, грамадская дзяячка, а для нас  калега з-за суседняга стала.
Мы смуткуем разам з роднымі і сябрамі Святланы, асабліва з яе сынам Феліксам.

Яна пайшла ад нас, пакінуўшы вялікую пустэчу. Але мы верым, што яе дух яшчэ доўга будзе побач з намі напісаў Катынскі музей у паведамленні пра сваю супрацоўніцу.

Дакладная дата і месца пахавання Святланы Курс пакуль не абвешчаныя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл