Праца над гэтай поўнаметражнай дакументальнай стужкай працягвалася больш за пяць гадоў. Яна распавядае пра тонкую, але трывалую сувязь беларускіх палітзняволеных з роднымі праз муры турмы — пра тое, як гэта сувязь трымаецца праз лісты. Стужка створана міжнароднай камандай Польшчы, Германіі і Літвы.
Сам рэжысёр Андрэй Куціла на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках выказаў падзяку арганізатарам кінафоруму і ўсім, хто дапамагаў у стварэнні стужкі.
— Мы глыбока ўдзячныя адборачнай камісіі Венецыянскага кінафестывалю за тое, што яны далі нашаму фільму найлепшае магчымае месца для сусветнай прэм'еры! Шчырая падзяка нашым мужным героям і кожнаму чалавеку ды кожнай арганізацыі, якія спрычыніліся да гэтага праекта за апошнія пяць гадоў, дапамагаючы данесці гісторыі беларусаў з маўклівай краіны да міжнароднай аўдыторыі, — напісаў Куціла.
«Лісты» стануць першым дакументальным фільмам ад аўтара з незалежнай Беларусі, паказаным на гэтай пляцоўцы.
Андрэй Куціла — вядомы беларускі дакументаліст, сузаснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Сярод яго вядомых прац — фільмы Summa, «Калі кветкі не маўчаць». Ён зʼяўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных і нацыянальных кінафорумаў.
Пасля выбараў 2020 года рэжысёр жыве і працуе ў польскім горадзе Лодзь.
НН/ав