Праект рэалізуецца сумесна з Музеем Вольнай Беларусі, Цэнтрам думкі Яна Паўла II і Беларускай незалежнай кінаакадэміяй.
На працягу чатырох вечароў пад адкрытым небам ва ўнутраным дворыку Музея Вольнай Беларусі і Цэнтра думкі Яна Паўла II гледачы ўбачаць фільмы з ЗША, Францыі, Германіі і Беларусі.
У праграме — камедыя Бастэра Кітана «Кінааператар»; адзін з найвялікшых твораў у гісторыі нямога кіно — «Пакуты Жанны д'Арк» Карла Тэадора Дрэера; культавы «Кабінет доктара Калігары» Роберта Віне; беларускі фільм 1930 года «Суд павінен працягвацца», які даследуе праблему эмансіпацыі жанчын.
Беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Канстанцін Яшкоў, а таксама польская кампазітарка Аляксандра Хмялеўская напісалі музыку спецыяльна для фестывалю.
Фільм-адкрыццё будзе выкананы пад класічны фартэпіянны акампанемент беларускага піяніста-віртуоза і сузаснавальніка джазавага гурта «Apple Tea» Канстанціна Гарачага.
Праграма фестывалю
1 верасня, 20:00, «Кінааператар» — ЗША (1928)
3 верасня, 20:00, «Пакуты Жанны дʼАрк» — Францыя (1928)
10 верасня, 20:00, «Кабінет доктара Калігары» — Германія (1920)
17 верасня, 20:00, «Суд павінен працягвацца» — Беларусь (1930)
Гэта адзін з серыі беларускіх фільмаў 1920-х і 1930-х гадоў, прысвечаных праблеме эмансіпацыі жанчын. У кантэксце фестывалю «Нямая ліхаманка» ён зʼяўляецца змястоўным працягам мінулагодняга паказу фільма «Прастытуткі».
Фільм распавядае пра суд над пяццю мужчынамі, абвінавачанымі ў згвалтаванні Алены, лабаранткі электратэхнічнага завода, і пра яе вяртанне да прафесійнага жыцця.
— Нямое кіно не было сапраўдным нямым — яно гаварыла праз музыку. Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам знікла з поля зроку публікі, таму для нас асабліва каштоўна, што мы зноў адкрываем гэтыя фільмы і даем ім новае жыццё на нашым фестывалі, — кажа арганізатар фестывалю, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.
Уваход на ўсе паказы бясплатны.
Фільмы будуць суправаджацца субтытрамі на беларускай і польскай мовах.
ав