Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У польскай сталіцы — свята яўрэйскай культуры. Горад запрашае на фестываль «Варшава Зінгера»

25.08.2026 06:02
Фестываль носіць імя выдатнага пісьменніка і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Ісаака Башэвіса Зінгера.
Аўдыё
  • У польскай сталіцы – свята яўрэйскай культуры. Горад запрашае на фестываль «Варшава Зінгера»
       .
Канцэрт на веласіпедзе ў рамках фестывалю «Варшава Зінгера».PAP/Paweł Supernak

З 22 па 30 жніўня сталіца Польшчы ў 23 раз становіцца месцам сустрэчы культур, гісторыі і сучаснасці дзякуючы фестывалю «Варшава Зінгера», арганізаванаму Фондам «Шалом».

Фестываль яўрэйскай культуры невыпадкова носіць імя Ісаака Башэвіса Зінгера — выдатнага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, які тварыў на мове ідыш і ўвекавечыў у сваіх творах свет яўрэйскай часткі старой Варшавы.

Падчас фестывалю Варшава напоўніцца канцэртамі, спектаклямі, літаратурнымі сустрэчамі, выставамі, дыскусіямі і мерапрыемствамі пад адкрытым небам, якія нагадваюць пра багатую культурную спадчыну горада.

Падчас сустрэчы з журналістамі перад адкрыццём фестывалю дырэктар Фонду «Шалом» і Варшаўскага яўрэйскага тэатру Голда Тэнцэр падкрэсліла, што кожны фестываль «Варшава Зінгера» па-свойму ўнікальны. Не стане выключэннем і гэты.

 Я думаю, што кожны фестываль  гэта не толькі агульная памяць, але і агульная традыцыя. Заўсёды з'яўляецца шмат новага, найперш  новыя акцёры, спевакі, якія ў нас выступаюць. Ну і, вядома, надзвычайны фінал фестывалю ў Вялікім тэатры (Тeatr Wielki), дзе ўпершыню будзе прадстаўленая «Клезмерская опера». Так што падзеяў будзе вельмі шмат.

Традыцыйна ў праграме фестывалю будзе спектакль «На кухні ў мамы Соні»  вельмі любімы публікай музычны аўтарскі праект Голды Тэнцэр. На сцэну разам з аўтарам выходзяць члены яе сямʼі. Соня  маці Голды Тэнцэр  пакінула пасля сябе рэцэпты традыцыйных яўрэйскіх страў. Гэта незвычайная пастаноўка, у якой пераплятаюцца ўспаміны, песні і кулінарны майстар-клас.

 Кожны раз мы робім гэты спектакль інакш. Калі праходзіў першы фестываль «Варшава Зінгера», пайшла з жыцця мая маці, і спектакль прысвечаны памяці Соні, маёй маці, і памяці ўсіх маці. Кожны раз ён аб нечым іншым, але скрозь яго заўсёды праходзіць памяць. Праз яго праходзіць культура. І, вядома, гэта і слёзы, і ўсмешка скрозь слёзы.

Аднак «Варшава Зінгера»  гэта нешта значна большае, чым фестываль памяці. Гэта прастора дыялогу і сустрэч, якая паказвае, наколькі жывой, натхняльнай і актуальнай застаецца яўрэйская культура. Але з цягам гадоў змянілася і сама формула фестывалю. Як падкрэслівае Голда Тэнцэр, гэта была змена...

 Велізарная! Першы фестываль праходзіў на вуліцы Пружнай, доўжыўся чатыры дні. Гэта быў фантастычны час. Тады там яшчэ стаялі чатыры неадрамантаваныя дамы, і менавіта там праходзілі самыя розныя мерапрыемствы. З цягам часу нам давялося пайсці з вуліцы Пружнай, а таксама з Гжыбоўскай плошчы. Наш тэатр ужо 10 гадоў не мае свайго будынку, таму мы перанеслі розныя фестывальныя падзеі ў раён нашага тэатра.

Сёлета фестываль якраз падводзіць вынікі «Праекту Пружна»  цыкла выставаў сучаснага мастацтва, які на працягу некалькіх гадоў праходзіў у дамах на гэтай вуліцы. Пра праект распавядае яго ініцыятар і куратар Крыстына Пятроўска.

 «Праект Пружна» праходзіў з 2005 па 2012 год, таму што тады вуліца Пружна выглядала па-іншаму. Праект праходзіў у пустых яўрэйскіх дамах пад нумарамі 7 і 9, якія зараз ужо адрэстаўраваныя, там працуюць рэстараны, і месца для сучаснага мастацтва больш няма. А тады гэта былі практычна руіны, дзе мастакі паказвалі свае працы. У гэтым годзе мы гаворым пра «Праект Пружна» ў Музеі сучаснага мастацтва. Будзем успамінаць гэты праект і абмяркоўваць, як сучаснае мастацтва можа асэнсоўваць і паказваць тое, што мы звязваем з памяццю і гісторыяй.

«Варшава Зінгера» кожны год прыцягвае ўсё больш артыстаў, пісьменнікаў, музыкантаў і гледачоў з розных куткоў свету. Голда Тэнцэр падкрэсліла, што фестываль натуральным чынам набыў статус міжнароднай падзеі, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў.

 Як бы гэта выглядала, калі б я спынілася на месцы? Гэта немагчыма. Я сама шчаслівая, калі да нас прыходзяць людзі ці пішуць нам, бо хочуць выступіць на нашым фестывалі. Гэта ўжо другое і трэцяе пакаленне, нашы дзеці і ўнукі ўдзельнічаюць у фестывалі. І гэта цудоўна, таму што гэтыя дзеці выраслі разам з нашым фестывалем.

Такім «дзіцем» фестывалю зʼяўляецца Давід Шурмей, сын Голды Тэнцэр, сёння вядомы акцёр і рэжысёр. Ён рос разам з «Варшавай Зінгера», а «Варшава Зінгера» расла разам з ім.

 Самае галоўнае, што фестываль развіваецца. Першыя фестывалі былі ў большай ступені звязаныя з успамінамі, з пошукам традыцыйных тэкстаў, традыцыйных канцэртаў, з памяццю аб тых трох мільёнах яўрэяў, якія жылі ў Польшчы. Сённяшні фестываль  гэта ўжо нешта зусім іншае. Хоць мы звяртаемся да класікі, мы можам казаць і пра гэтыя 23 гады, і пра дзесяцігоддзі пасля вайны, калі гэтая культура працягвала развівацца, калі яна адрадзілася. І мяне вельмі радуе, што сёння гэтая культура даходзіць да такой шырокай аўдыторыі дзякуючы столькім артыстам, якія разам ствараюць яўрэйскую культуру.

Сёлета на фестывалі асабліва яскрава гучыць творчасць Баляслава Лесьмяна. Пра гэта распавядае літаратурны кіраўнік Варшаўскага яўрэйскага тэатру Рэмігіюш Гжэля.

 Я заўсёды вельмі рады таму, што літаратура так шырока прадстаўленая на фестывалі. Мы як грамадства маем патрэбу ў яркай, выразнай метафары. І мне падаецца, што Лесьмян, які, несумненна, зʼяўляецца паэтам кахання, шукае пачуццёвасць у сваіх тэкстах. Нам патрэбны паэт, які раскажа пра каханне, пра блізкасць цела і душы. Лесьмян  паміж любоўю і смерцю. А што знаходзіцца паміж каханнем і смерцю? Здаецца, вельмі кароткае жыццё. І я думаю, менавіта таму мы сёння хочам чытаць і слухаць паэзію Лесьмяна.

Згаданая ўжо Голдай Тэнцэр «Клезмерская опера» з Нью-Ёрка стане фінальным акордам гэтага апавядання аб агульнай спадчыне, ідэнтычнасці і суіснаванні, якой зʼяўляецца «Варшава Зінгера»,  сказаў Рэмігіюш Гжэля.

 Мы выступаем у Вялікім тэатры  Нацыянальнай оперы ўжо некалькі гадоў, а «Клезмерская опера» на яго сцэне аўтарства Фрэнка Лондана стане завяршэннем фестывалю. Фрэнк Лондан  вельмі важны для нас артыст. Ён не толькі лаўрэат прэміі «Грэмі», але і чалавек, цесна звязаны з нашым фестывалем, ён шмат разоў тут бываў і ўжо належыць да нашай фестывальнай сямʼі. Гэта выбітны, харызматычны музыкант. І гэта будзе вялікая падзея  такі спектакль, перформанс, «Клезмерская опера», якая злучае розныя эпохі: класічны тэкст на ідышы і адначасова сучасную форму прадстаўлення, візуальны бок, працу са святлом і харэаграфію. Падзеяў сёлета будзе вельмі шмат, а яўрэйская культура  гэта культура многіх моў. Таму мерапрыемствы, якія будуць праходзіць, асабліва канцэрты, будуць гучаць на самых розных мовах.

Ірына Завіша/вс

слухайце аўдыёфайл