Лідар партыі КХП-БНФ, вядомы палітычны і грамадскі дзеяч Зянон Пазьняк зазначыў, што расійская агентура спрабуе нас пасварыць, але ў іх гэта не атрымаецца.
— Сёння 24 жніўна вялікае свята змагарнай Украіны — Дзень незалежнасці. 24 жніўня 1991 года Украіна выйшла з абцугоў Савецкага Саюза. З гэтым я віншую нашых дарагіх украінцаў, нашых ваяроў, змагароў, якія адстойваюць свабоду на фронце. Зычу ім упэўненасці ў перамозе, сілы, моцы. Украіна пераможа і будзе вольнай і свабоднай.
У гэты дзень 24 жніўня 1991 года юрыдычна перастаў існаваць Савецкі Саюз. Справа ў тым, што паводле міжнароднага права, калі з дамовы, якая абумоўлівае колькасць удзельнікаў, выходзіць хоць адзін удзельнік, дамова перастае існаваць.
У дамове, якая была заключана ў снежні 1922 года паміж Расіяй, Украінай, Беларуссю і Закаўказскай Федэрацыяй, было запісана, што кожны з удзельнікаў можа свабодна выйсці з яе. І вось калі 24 жніўня Украіна аб’явіла пра сваю незалежнасць, а 25 жніўня — Беларусь, то нікога не засталося акрамя Расіі, бо Закаўказская Федэрацыі ўжо не існавала.
Такім чынам канец Савецкага Саюза пачаўся 24 жніўня, быў зацверджаны 25 жніўня.
Зараз Беларусь і Украіна змагаюцца за сваю незалежнасць супраць агульнага ворага. Украіна змагаецца на франтах у крывавай вайне, а ў Беларусі ідзе гібрыдная вайна, таму што фактычна нас акупавалі праз сваіх марыянетак, праз халуя-Лукашэнку.
І будучыня наша залежыць ад гэтай перамогі. А яна будзе! Чаго і зычу нашым сябрам-украінцам.
Стасункі паміж намі будуць самымі лепшымі, таму што мы натуральныя сябры, у нас няма вялікіх супярэчнасцяў. Беларусы найбольш прыхільны да ўкраінцаў народ, і ўкраінцы павінны пра гэта памятаць. Бо расійская агентура ўвесь час спрабуе нас пасварыць.
Беларусы — не суагрэсары, беларусы — пад акупацыяй, і якраз партызаны беларускія спынілі на некалькі дзён атаку на Кіеў.
Лукашэнка, яго атачэнне і рэжымная прапаганда пойдуць пад суд за агрэсію супраць Украіны. Калі будзе вольная Украіна, будзе і вольная Беларусь. А яны абавязкова будуць. Вось такая перспектыва.
Слава Украіне! Героям слава! Жыве Беларусь!
Аксана Колб