Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Тэатральныя спектаклі, паказы фільмаў, фэсты. Падсумоўваем культурнае лета на Беласточчыне

02.09.2026 12:14
Усё пачалося з паказу спектакля «Бежанцы 1915» пад адкрытым небам.
Аўдыё
  • Культурнае лета на Беласточчыне. Распавядае Ілона Карпюк з Цэнтра беларускай культуры
 .
Ілона Карпюк.Фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Закончыліся вакацыі, падчас якіх Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку займаўся шматлікімі праектамі. Гэта і тэатральныя спектаклі, і паказы фільмаў, і ўдзел у разнастайных фэстах на Беласточчыне. Сёлетняе лета для гэтай арганізацыі было вельмі актыўным.

Падсумаваць усе гэтыя падзеі мы папрасілі намесніцу дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ілону Карпюк.

 У летні перыяд мы ўвайшлі, завяршаючы ранейшы праект, а менавіта выставу Малгажаты Дмітрук у Музеі Івана Луцкевіча ў Вільні. І калі ўжо працы Малгажаты вярнуліся на Беласточчыну, пачалі рэалізоўваць іншыя праекты тут, у нашым рэгіёне. А ўсё пачалося вельмі, думаю, інтэнсіўна — з паказу спектакля «Бежанцы 1915» пад адкрытым небам.

Мушу сказаць, што такой марай аўтараў спектакля, але таксама і нашай марай, было паказаць яго ў Канюках — у месцы, дзе між іншым адбываюцца падзеі кнігі Анэты Прымакі-Онішк, якая стала асновай для спектакля. Частка апісаных падзей гістарычна адбывалася на падворку сям’і Наўмюкаў. І такім чынам на гэтым падворку, у прысутнасці Уладзіміра Наўмюка, нашага славутага разбяра, мы паказалі гэты спектакль.

Увогуле паказу спектакля папярэднічала прэм’ера фільма Рамана Васілюка пра Уладзіміра Наўмюка, якая адбылася ў святліцы ў Канюках. Атрымалася такое вясковае свята. Але, вядома, і на паказе фільма, і на спектаклі прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але таксама шмат гасцей. Гэта была вельмі ўражлівая падзея, мушу сказаць. І не адна слязінка таксама пралілася. Пасля мы перайшлі да розных падзей, у якіх найчасцей удзельнічалі ў якасці партнёраў ці суарганізатараў, і ездзілі па розных фэстах на Беласточчыне.

Першым такім большым фэстам, напэўна, быў фестываль «Тутака», які праходзіў у Гарадку.

— Там Цэнтр ужо, можна сказаць, традыцыйна быў са сваім стэндам. Мы мелі свой інфармацыйны пункт, дзе можна было даведацца пра нашу дзейнасць. Але таксама можна было пакінуць свае мары, бо было такое дрэва мараў, спадзяванняў і планаў. Таксама мы прэзентавалі кнігі — можна было набыць кнігі ці нават музыку.

І прапанавалі, вядома, яшчэ і майстар-класы. Мы заўсёды ахвотна ўдзельнічаем у такіх актыўнасцях, якія лічым цікавымі і важнымі для прасоўвання дзейнасці і здольнасцяў нашых мясцовых майстроў.

Гэта была «Тутака», падчас якой мы яшчэ зладзілі дыскусію наконт выдавецкай дзейнасці беларускіх выдаўцоў у Польшчы, і не толькі. Размаўлялі пра іх задачы, праблемы, клопаты і выклікі. Думаю, гэта была вельмі важная і патрэбная дыскусія з актыўным удзелам гледачоў.

Размаўляў Яраслаў Іванюк